Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Neue Zürcher Zeitung: калі б Лукашэнка сапраўды клапаціўся пра Беларусь, ён бы ўжо даўно сышоў у адстаўку


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Швэйцарская газэта Neue Zürcher Zeitung у артыкуле «Два сьветы Аляксандра Лукашэнкі» канстатуе, што нежаданьне Лукашэнкі праводзіць рэформы пазбаўляе Беларусь шанцу на эканамічнае разьвіцьцё.

Neue Zürcher Zeitung адзначае, што з аднаго боку, Аляксандр Лукашэнка здольны праводзіць гнуткую зьнешнюю палітыку, што ён і дэманструе ў апошні час.

«Кіраўнік Беларусі лявіруе паміж Расеяй і Захадам у пошуках выгады. З ЭЗ яму гэта ўдалося.... Лукашэнка павінен пастаянна імкнуцца да таго, каб гэтае збліжэньне ня разглядалася Крамлём, ад якога ён залежыць у эканамічным пляне, як разрыў з Масквой», — піша выданьне.

Зь іншага боку, Аляксандар Лукашэнка абсалютна несаступлівы ўнутры краіны:

«Тут ён настолькі несаступлівы, ня толькі ў дачыненьні да палітычных свабодаў 9,6 мільёнаў беларусаў, але і ў пытаньнях эканомікі. Сярод ляяльных элітаў краіны і ва ўрадзе ёсьць шмат людзей, гатовых да рэформаў, але прэзыдэнт падтрымлівае старую гвардыю, а старая гвардыя падтрымлівае яго. Нават у найцяжэйшы крызіс, які доўжыцца ўжо два дзесяцігодзьдзі, ён кажа, што няма прычынаў для зьмены курсу. Дзяржаўны кантроль значнай часткі эканомікі, абмежаваная прастора для манэўраваньня і пастаянная небясьпека дзяржаўнага ўмяшаньня паралізуюць Беларусь».

Neue Zürcher Zeitung канстатуе, што Лукашэнка спрабуе прыцягваць у Беларусь замежныя фірмы, але толькі «да таго часу, пакуль яны гуляюць па ягоных правілах і не канкуруюць зь дзяржаўнымі канцэрнамі».

Непадатлівасьць Лукашэнкі ўнутры краіны пазбаўляе Беларусь базы для эканамічнага разьвіцьця. «Неабходна больш гнуткасьці. Тым больш, што Лукашэнка можа быць гнуткім», — піша выданьне.

«Квітнеючай будучыні можна дасягнуць толькі грунтуючыся на ўласнай моцнай эканоміцы. Моцным робіць свабода. І калі б Лукашэнка сапраўды ў першую чаргу клапаціўся пра Беларусь, ён бы ўжо даўно сышоў у адстаўку», — адзначаецца ў артыкуле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG