Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Gazeta Wyborcza: Расея рыхтуецца да вялікай вайны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расея ўмацоўвае сілы ля ўкраінскіх межаў і не выключае вялікай вайны. Пра гэта піша польская Gazeta Wyborcza.

Паводле слоў міністра абароны РФ Сяргея Шайгу, з-за таго, што «пагроза з боку Ўкраіны і НАТО расьце», расейская армія сфармавала ў паўднёвай акрузе чатыры новыя дывізіі і дзевяць брыгад. Акрамя таго, паблізу Ўкраіны Масква вырашыла разьмясьціць ракеты клясу «Іскандэр».

Тым часам, ваенна-марскія сілы ў рэгіёне атрымалі ракеты «Бастыён» і «Баль», а таксама супрацьпаветраныя ракеты С-400 «Тайфун». У цэлым, па словах Шайгу, часткі паўднёвай акругі за апошнія 2 гады атрымалі каля чатырох тысяч новых баявых машын, самалётаў і рознага кшталту ракет.

Як адзначае выданьне, былы міністар абароны РФ Анатоль Сердзюкоў спрабаваў падрыхтаваць Расею да ўнутраных канфліктаў, у прыватнасьці на Паўночным Каўказе ці ў Цэнтральнай Азіі, таму адмовіўся ад дывізій і палкоў. Галоўнай баявой адзінкай расейскай арміі стала брыгада салдат з трох-чатырох мотастралковых батальёнаў, узмоцненых уласнай артылерыяй, сыстэмамі камунікацыі, выведвальным блёкам і тылавымі службамі. Такія брыгады маглі дзейнічаць самастойна на полі бою, не чакаючы падтрымкі асноўных сіл. Але сёньня Расея зьмяніла падыходы. Яна вяртае дывізіі і арміі.

Пра тое, як Масква будуе свой «украінскі фронт», напісаў нядаўна расейскі штотыднёвік «Ведомости» са спасылкай на маскоўскага ваеннага экспэрта Руслана Пухава. Ён нагадаў, што паблізу паўночнай мяжы Ўкраіны разьмешчаныя сілы створанай год таму Першай танкавай арміі. На поўдні Расея стварае 20-ю армію. Таксама ў плянах Масквы стварыць у рэгіёне яшчэ адну новую армію.

«Сэнс гэтых зьменаў відавочны: на мяжы з Украінай, дзе яшчэ тры гады таму не было зусім ніякіх войскаў, расейскі бок стварае тры буйныя сухапутныя групы для раптоўнага наступу ў кірунку Кіева, які разьмешчаны ад мяжы ўсяго за 270 кілямэтраў. А на поўдні — для стварэньня моцных ціскоў і акружэньня галоўных сіл украінскай арміі на левабярэжнай Украіне», — растлумачыў Пухаў.

Як адзначае Gazeta Wyborcza, насамрэч мабілізацыя Ўзброеных сіл Расеі ля мяжы Ўкраіны непараўнальна большая, чым ля межаў краінаў Балтыі ці Польшчы.

У мінулую пятніцу ў бюлетэні «Незалежны ваенны погляд», які атрымліваюць усе часткі расейскай арміі, адкрыта было напісана:

«Расея не выключае вялікай вайны. Украіна становіцца нашым стратэгічным ворагам». І нібыта менавіта таму Масква адпраўляе магутныя сілы на ўкраінскую мяжу, піша Gazeta Wyborcza.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG