Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму Расея выйшла на першы плян у выбарчых дэбатах у ЗША


Графіці на сьцяне ў Вільні

Графіці на сьцяне ў Вільні

Крым, атака хакераў Пуціна на сэрвэр дэмпартыі, пагроза Трэцяй сусьветнай — што зрабіла Расею адной з галоўных тэмаў амэрыканскай выбарчай кампаніі?

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст.


Цыганкоў: Апошнія дні расейская тэма стала ці асноўнай замежнапалітычнай тэмай у прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША. І Гілары Клінтан, і Дональд Трамп вымушаныя былі шмат казаць пра сваё стаўленьне да Расеі ў апошніх інтэрвію.

А ў інтэрвію з карэспандэнтам ABC News Джорджам Стэфанопуласам, якое часам было больш падобнае на допыт, Трамп доўга вымушаны быў тлумачыць, што ён ніколі не сустракаўся з Пуціным і ня мае ў РФ ніякіх бізнэс-інтарэсаў.

Таксама ў сваіх двух твітах Трамп тлумачыў свае ранейшыя выказваньні наконт Расеі: «Калі я сказаў у інтэрвію, што Пуцін ва Ўкраіну не ўрываецца, я меў на ўвазе, што ён туды не ўварваўся б, калі б я быў прэзыдэнтам. А так ён ужо ў Крыме».

І другі: «Нягледзячы на ўсе ваяўнічыя заявы Абамы з нагоды Расеі і Ўкраіны, яны ўжо захапілі Крым і працягваюць наступаць. Вось што я сказаў!»

Дзеяньні Расеі не пакідаюць амэрыканскім палітыкам іншага выбару, і яны цяпер вымушаныя спаборнічаць у тым, хто зь іх больш зацята зможа супрацьстаяць агрэсіі Пуціна.

У пэўны момант, яшчэ 5-7 гадоў таму, Расея перастала быць прыкметнай тэмай на парадку дня амэрыканскай палітыкі. Сталі казаць, што ўвага перасунулася на Азію, на ціхаакіянскі рэгіён — Кітай і суседнія зь ім краіны. А тут — ізноў Расея трапляе ў цэнтар увагі, пасьля анэксіі Крыму і вайны ў Данбасе. Гэта такая своеасаблівая «заслуга» Пуціна.

Натуральна, што амэрыканскія палітыкі вымушаныя рэагаваць. Калі Трамп напачатку кампаніі дапусьціў некалькі нязграбных выказваньняў наконт гэтага, цяпер ён вымушаны нават апраўдвацца і тлумачыць, што ён ставіцца да Расеі як да агрэсара, ня мае намеру патураць Пуціну, а гатовы супрацьстаяць яму больш рашуча, чым гэта робіць каманда Абамы.

Вакол Расеі зараз у амэрыканскай палітыцы аднаўляецца рыторыка «халоднай вайны», пра непажаданасьць якой кажуць аналітыкі. Але дзеяньні Расеі не пакідаюць амэрыканскім палітыкам іншага выбару, і яны цяпер вымушаныя спаборнічаць у тым, хто зь іх больш зацята зможа супрацьстаяць агрэсіі Пуціна.

Здаецца, гэта зьяўляецца гонарам для Расеі, што Амэрыка абмяркоўвае яе, але, магчыма, гэта тое, чаго Амэрыцы не хапала апошнія гады. Кітай на гэтую пазыцыю не станавіўся, паколькі гэта найважнейшы гандлёвы партнэр ЗША. І вось цяпер Расея значна больш слабая, чым быў Савецкі Саюз, але яна займае вакантнае раней месца галоўнага замежнапалітычнага ворага ў вачах амэрыканцаў.

Карбалевіч: Праблема ў тым, што Захад, у тым ліку, ЗША трапілі ў пэўную дыпляматычную пастку. Уводзячы санкцыі супраць Расеі, Злучаныя Штаты ўвязалі іх адмену зь вяртаньнем Крыму Ўкраіне. Але цяпер цяжка ўявіць сытуацыю, пры якой Расея адмовіцца ад Крыму. Павінна здарыцца нешта неверагоднае, каб гэта адбылося.

І тут узьнікае праблема, як супрацоўнічаць з Расеяй па іншых міжнародных пытаньнях (у прыватнасьці, вайны з «Ісламскай дзяржавай», як кажа Трамп), калі дзейнічаюць санкцыі. І Трамп, як чалавек новы ў палітыцы, які глядзіць на сытуацыю збоку і ужо постфактум, пасьля таго, як падзея адбылася, бачыць гэтую пастку і прапануе нейкі больш прагматычны падыход. Маўляў, што — Трэцюю сусьветную вайну пачынаць з-за Крыму?

ЗША трапілі ў дыпляматычную пастку. Уводзячы санкцыі супраць Расеі, ЗША ўвязалі іх адмену зь вяртаньнем Крыму Ўкраіне. Але цяпер цяжка ўявіць сытуацыю, пры якой Расея адмовіцца ад Крыму.

Дарэчы, не ўпершыню ЗША трапляюць у такую пастку. Нагадаю, што пасьля 1917 году ЗША доўга юрыдычна не прызнавалі Савецкую Расею, СССР. Бо там, паводле ўяўленьняў амэрыканскай кіроўнай эліты, уладу ўзурпавалі нейкія страшныя людзі. На многіх амэрыканскіх мапах тых часоў замест СССР было напісана: «Тэрыторыя, часова захопленая бальшавікамі».

Але гэтая «часовасьць» расьцягнулася больш чым на 70 гадоў. І толькі ў 1933 годзе ЗША прызналі СССР і былі ўсталяваныя дыпляматычныя адносіны. Адміністрацыя Рузвэльта была вымушаная прызнаць рэальнасьць. Ну, а падчас Другой сусьветнай вайны нават заключыць саюз з Масквой.

Ці прыклад з краінамі Балтыі. ЗША так ніколі і не прызналі іх акупацыю СССР. Але гэтае непрызнаньне было чыста палітычным, ніякіх санкцыяў за гэта ня ўводзілася.

А ў сытуацыі з Крымам сапраўды ёсьць элемэнт дыпляматычнага тупіку. І, магчыма, Трамп, стаўшы прэзыдэнтам, будзе гатовы яго разьвязаць, ахвяруючы прынцыпамі. Ён жа не зьвязаны рашэньнямі адміністрацыі Абамы.

Дракахруст: Я б зьвярнуў увагу на адзін унутрыамэрыканскі чыньнік, які натуральным чынам вывеў тэму Расеі ў першыя радкі парадку дня выбараў. Гэта хакерская атака на сэрвэр дэмакратычнай партыі, выкраданьне тысяч дакумэнтаў, іх публікацыя ў Wikileaks і вельмі моцныя і, відаць, небеcпадстаўныя падазрэньні, што за гэтым стаяў Крэмль.

Трамп выкарыстоўвае двухсэнсоўнасьць — разуменьне амэрыканцаў, што далучэньне Крыму да Расеі было анэксіяй, што гэта парушэньне міжнароднага права, што гэтаму трэба супрацьстаяць — але якой цаной?

Не «Ісламская дзяржава», не Кітай, а менавіта Расея. Мне здаецца, што якраз гэты момант быў галоўным, чаму гэтая тэма стала адной з цэнтральных на гэтых выбарах.

Я згодны з тэзай Валера наконт таго, што Трамп адчувае двухсэнсоўнасьць сытуацыі, і нязгодны з ацэнкай Віталя, што Трамп памяняў пазыцыю. Нядаўна Трамп заявіў, што калі стане прэзыдэнтам, то падумае наконт пазыцыі ЗША па Крыму. А літаральна гэтымі днямі ён яшчэ дадаў: «Людзі ў Крыме, як я чуў, хацелі б быць з Расеяй, чым там, дзе яны былі раней. І гэта трэба мець на ўвазе таксама».

На першы погляд, Трамп рызыкуе, хоць ён ва ўсім рызыкуе. Бо калі браць апытаньні Gallup ці Pew, Расею цяпер у ЗША вельмі ня любяць. Але Расея — гэта фактычна адзіная дзяржава ў сьвеце, якая можа ператварыць Злучаныя Штаты ў ядзерны пыл. І вайна — гэта штука сур’ёзная.

Трамп выкарыстоўвае двухсэнсоўнасьць — разуменьне амэрыканцаў, што далучэньне Крыму да Расеі было анэксіяй, што гэта парушэньне міжнароднага права, што гэтаму трэба супрацьстаяць — але якой цаной? Ён адчувае настроі, і ня толькі рэднэкаў, але і ўсяго амэрыканскага грамадзтва. Ён адчувае, што не любую цану яны гатовыя заплаціць. І ловіць амэрыканскую цяперашнюю ўладу і сваю апанэнтку ў пастку, пра якую вы, Валер, казалі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG