Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 3 жніўня 2016: дзень памяці Янкі Маўра, дзень народзінаў Дар’і Домрачавай


Янка Маўр
Янка Маўр

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

У Менску праходзіць чарговая сустрэча трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.

У кнігарні «Логвінаў» (Менск, пр. Незалежнасьці 37а) адбудзецца паказ фільму «Павадыр» — мэлядрамы паводле рэальных падзеяў ва Ўкраіне 1930-х гадоў. У ролях выступаюць пісьменьнікі Сяргей Жадан і Аляксандр Ірванец, а таксама пераможца «Эўрабачаньня-2016» сьпявачка Джамала. Пачатак а 19.00.

У гісторыі:

1492 — пачалася першая экспэдыцыя італьянскага мараплаўца Хрыстафора Калюмба. Ён хацеў адкрыць найкарацейшы марскі шлях з Эўропы ў Індыю. Але ў выніку экспэдыцыя адкрыла Амэрыку.

1923 — у Менску нарадзіўся падпольшчык Мікола Кедышка. У часе вайны ён разам зь сябрамі стварыў падпольную групу «Андруша». Яны рабілі дывэрсіі на гарадзкой электрастанцыі і хлебазаводзе. Загінуў Кедышка ў баі з гітлераўцамі, якія напалі на явачную кватэру. У Менску імем падпольшчыка названая вуліца.

1933 — адбылося Кобрынскае сялянскае паўстаньне. Падбухтораныя кампартыяй Заходняй Беларусі, 100 сялянаў Кобрынскага павету, узброіўшыся, разграмілі некалькі сядзібаў асаднікаў і цэлую ноч трымалі ў аблозе паліцэйскі пастарунак у вёсцы Навасёлкі. Назаўтра ўлады разагналі паўстанцаў. 30 чалавек атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня.

1986 — нарадзілася Дар’я Домрачава, беларуская біятляністка, трохразовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 2014 году, бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў 2010 году ў індывідуальнай гонцы, двухразовая чэмпіёнка сьвету.

Дар'я Домрачава
Дар'я Домрачава


У памяці:

1971 — памёр Янка Маўр, беларускі пісьменьнік, аўтар апавяданьняў, аповесьцяў і раманаў для дзяцей і моладзі, у тым ліку: «У краіне райскай птушкі», «Сына вады», «Палескіх рабінзонаў».

2008 — памёр пісьменьнік і дысыдэнт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Аляксандр Салжаніцын. У лютым 1974 году Салжаніцын быў высланы з СССР. Жыў у Швэйцарыі, потым у ЗША. У 1994 годзе вярнуўся ў Расею. Выступаў у падтрымку палітыкі Ўладзіміра Пуціна.

Цытата:

«Гурток складаўся з 25-30 асоб. Тут былі і жанчыны з дзецьмі на руках і на карку, і падлеткі, і мужчыны рознага ўзросту, у тым ліку адзін стары.

У руках яны нічога ня мелі, нічога ня несьлі. Яны жылі яшчэ таксама, як усе іншыя жывёлы: вандравалі зь месца на месца, шукаючы корму.

Адны выграбалі рукамі нейкія карэньні, другія шукалі на дрэвах плады, трэція стараліся злавіць і знайсьці што-небудзь жывое: чарвяка, жука і гэтак далей.

Нялёгка было напасьвіцца такім чынам. Шмат часу трацілася на гэты падвячорак. І ніводным словам яны яшчэ не перакінуліся паміж сабой.

Пасьля адзін за адным пачалі зьбірацца на палянку, каб адпачыць. Усеўшыся на карачкі, яны моўчкі глядзелі наперад і, здаецца, ні на што не зварачалі ўвагі. Ціха было каля іх. Толькі дзеці, гуляючы, часам узьвізгвалі. Ад дарослых жа не чуваць было аніводнага слова.

Можа, яны нямыя?

Не, не нямыя яны, а проста ня ўмеюць яшчэ гаварыць».

Янка Маўр, фрагмэнт аповесьці «Чалавек ідзе»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG