Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрыю Дракахрусту. Уцёкі ад маралі


Павал Вусаў, палітоляг

Павал Вусаў, палітоляг

Разважаньні пра мэтазгоднасьць маральнасьці ўдзелу апазыцыі ў выбарчай кампаніі 2016, якая цалкам кантралюецца, а яе вынікі фальсыфікуюцца ўладамі, прывялі да вострых спрэчак адносна мейсца маралі ў палітыцы і іншых сфэрах дзейнасьці чалавека. Прыхільнікі абмежаванай прысутнасьці маралі ў палітыцы, умоўна назавем іх «палітызатарамі», кажуць пра тое, што часам чалавек (палітык) апынаецца ў такой сытуацыі, калі вымушаны прыняць рашэньне ў супярэчнасьці з маральлю.

Тэст 1: Вайсковец. Палітызатары прапануюць наступны тэст: «Войскі кааліцыі ў Аўгане захопліваюць мясцовага, пра якога ёсьць падазрэньне, што ён зьвязаны з талібамі. Адпусьціць яго — ён можа выдаць месцазнаходжаньне атраду, і ўсіх перабʼюць. Цягнуць яго з сабой няма магчымасьці. Забіць? Гэта ж амаральна. За што? Ён жа пакуль нічога не зрабіў кепскага. Адпусьціць? Паводле этыкі адказнасьці, калі ён выдасьць атрад і яго перабʼюць, камандзір, адпусьціўшы яго, будзе адказны за гэта, ён мог прадбачыць такія наступствы».

Перш за ўсё, сытуацыя з аўганцам таксама можа мець разнастайныя адгалінаваньні, якія могуць не ўкладацца ў кароткатэрміновы аспэкт адказнасьці:

а) Атрад забівае аўганца, але пазьней трапляе ў пастку і ўсе гінуць, сьмерць чалавека была бессэнсоўнай;

б) Атрад забівае аўганца, але аказваецца, што ён быў бацькам некалькіх сыноў, якія, даведаўшыся пра ягоную сьмерць, далучаюцца да тэрарыстаў і празь некалькі гадоў недзе ў Эўропе ці ЗША зьдзяйсьняюць тэрарыстычны акт, дзе гінуць сотні людзей, у тым ліку дзясяткі дзяцей;

Нашае жыцьцё — гэта цэлы клубок прычынна-выніковых сувязяў, і мы ня ў стане зазірнуць так далёка, каб убачыць, да чаго прывядуць нас нашы ўчынкі сёньня. Мараль — гэта ў пэўным сэнсе арыентыр, які прымушае нас задумацца над тым, што мы робім і шукаць правільнае рашэньне, а не выбіраць самае простае і зручнае.

Напэўна, маральны выбар — самы цяжкі выбар. Але нават дзеля таго, каб задумацца над тым, які будзе правільны выбар, трэба мець сумленьне і ўнутраны маральны кодэкс. Амаральны чалавек ніколі ня будзе задавацца такімі пытаньнямі і пакутаваць з выбарам, будзе рабіць так, як лепей і зручней яму, і толькі яму, і шукаць апраўданьне сваіх амаральных учынкаў у «недасканаласьці маралі». У сваю чаргу, эпатажныя фотаздымкі некаторых амэрыканскіх вайскоўцаў на фоне забітых «ворагаў» альбо дзеяньні ахоўнікаў у вязьніцы Абу-Грэйб чамусьці не натхняюць палітызатараў на тое, каб паставіць пад сумнеў амаральнасьць такіх паводзінаў і апраўдаць вайскоўцаў.

Усе мы разумеем, што вайна — гэта зьява амаральная, і вядуцца войны ды забіваюцца людзі менавіта таму, што чалавек (грамадзтва) дзейнічае насуперак маральным каштоўнасьцям. У сваю чаргу, існаваньне такой зьявы, як вайна, зрабіла неабходнай прафэсію вайскоўца, але сама па сабе гэтая прафэсія не ўспрымаецца як амаральная, больш за тое: быць вайскоўцам зусім не азначае дзейнічаць насуперак маралі і сумленьню.

Іншым прыкладам можа быць роля паліцэйскага ў грамадзтве. Як мы ведаем, мараль стварае межы для людзей, яна вучыць, што ёсьць добра, што ёсьць кепска, яна заклікае шанаваць іншую асобу. Тым ня менш, ня ўсе людзі ў гэтым сьвеце шануюць свабоду і жыцьцё іншых, таму нам патрэбна ў пэўным сэнсе фізычная абарона. Калі паліцыянт дадзенымі яму правамі ратуе сям’ю ад рабаўнікоў і раптам забівае аднаго з узброеных нападнікаў, ці паступае ён няправільна? Напэўна не, бо ягоная функцыя прадугледжвае абарону іншых. Такія дзеяньні, калі паліцэйскі бярэ хабар, каб заплюшчыць вочы на злачынства, «крышуе» крымінальнікаў, апраўдаць немагчыма. А калі не адзін, а сотні паліцэйскіх-міліцыянтаў дзейнічаюць такім чынам, ці не прывядзе гэта да сацыяльнай катастрофы? Альбо ў дачыненьні да палітыка павінны дзейнічаць іншыя мэханізмы і патрабаваньні, чым у дачыненьні да паліцэйскага? Палітыку (прэзыдэнту) дадзеныя правы і абавязкі, згодна зь якімі ён павінен бараніць свабоду, жыцьцё і правы грамадзян. Калі палітык гэтага ня робіць — ён амаральны, калі ён падманвае, бярэ хабар — ён амаральны, калі ён ставіць свае інтарэсы вышэй за грамадзкія — ён амаральны. Ці да палітыка не павінна быць больш жорсткае патрабаваньне, чым да вайскоўца і паліцыянта? Бо калі ў руках вайскоўца і паліцыянта адзінка зброі, то ў руках палітыка (прэзыдэнта) сотні тысячаў людзей са зброяй. І калі амаральны вайсковец ці паліцыянт можа выкарыстаць зброю для сваіх карысьлівых мэтаў, то няцяжка ўявіць, што можа зрабіць амаральны палітык.

Тэст 2: Чэрчыль. Другі прыклад, які прапануе Юры Дракахруст: «альянс Чэрчыля і Сталіна пасьля 22 чэрвеня 1941 году. Чэрчыль выдатна ведаў, што Сталін — гэта Гулаг, што саюзам ён умацоўвае савецкую сыстэму. З пункту гледжаньня этыкі перакананьня гэта амаральнае рашэньне. Праўда, альтэрнатывай быў нацысцкі гаўляйтэр у Лёндане».

Безумоўна, гэта даволі цяжкое пытаньне, але ізноў, чаму, падрываючы мараль, мы не глядзім на прычыны такой сытуацыі. Напэўна, Чэрчылю не прыйшлося б стаяць перад такім выбарам (саюз з д’яблам), калі б саюзьнікі, і перш за ўсе Англія, яшчэ ў 1938 годзе ня здрадзілі сваім абавязкам (палітычным і маральным) у абароне Чэхаславаччыны ад Гітлера (чым ня добры прыклад дамоўленасьці з д’яблам), спадзеючыся на хуткую вайну Нямеччыны з СССР. Таму крок Чэрчыля быў вынікам цэлага шэрагу геапалітычных памылак ягоных папярэднікаў і палітычнай традыцыі Вялікабрытаніі: «у Англіі няма сталых ворагаў і сяброў, у Англіі ёсьць сталыя інтарэсы». Менавіта гэтыя інтарэсы вельмі часта супярэчылі ня толькі маралі, але здароваму розуму.

Але калі такія складаныя сытуацыі і адбываюцца (прыклад Англіі ў 1941 годзе), то ці павінна гэта быць прыкладам і індульгенцыяй для іншых палітыкаў, асабліва ў дачыненьні да Беларусі? Цікава, як бы гучалі такія разважаньні з боку апазыцыянэра: «Я іду на супрацоўніцтва з уладамі (КДБ), бо Чэрчыль супрацоўнічаў са Сталіным падчас Другой сусьветнай вайны»? Альбо: «Я амаральны (падманваю і крывадушнічаю), бо, як даказаў Юры Дракахруст, амаральным быў Чэрчыль, але ў выніку ён выратаваў Англію»?

У сваю чаргу, швэдзкі філёзаф Ларс Свэнсан, абапіраючыся на Вэбэра, так вырашае дадзеную апорыю: «Трэба кіравацца наступным правілам: адсоўваць на другі плян этыку перакананьня можна ТОЛЬКІ і ВЫКЛЮЧНА пры неабходнасьці прадухіліць зло... Акрамя таго, гэтае зло павінна быць настолькі недапушчальным і абуральным, што магло б апраўдаць сродкі, якія выкарыстоўваюцца дзеля яго стрымліваньня, а ўсе іншыя магчымыя мэтады былі ўжо выкарыстаныя». (Ларс Свэнсан, «Філязофія зла»).

Якое «недапушчальнае зло» адбываецца ў Беларусі, што магло б даць маральнае права апазыцыйным палітыкам быць непрынцыповымі, падманваць, гуляць у дзіўныя гульні з уладамі і шукаць зь ёй кампрамісу, а таксама ўдзельнічаць у выбарчым фарсе?

Калі апазыцыянэр у аўтарытарнай краіне (Беларусі) закліканы адстойваць правы і свабоды грамадзянаў, то ён павінен выконваць свой абавязак, лічыцца з нэгатыўнымі для сябе наступствамі, а не шукаць маральнага апраўданьня свайго супрацоўніцтва з уладамі і адначасова называць сябе барацьбітом за свабоду і дэмакратыю. Калі такі палітык ня ў стане выконваць свае функцыі, самым маральным учынкам будзе сыход. А крытыкі маралі займаюцца тым, што намагаюцца апраўдаць існаваньне амаральных палітыкаў у апазыцыі і зрабіць гэта нормай.

Мараль і дыктатура

На маю думку, без маральнага асэнсаваньня палітычнага ўсялякая барацьба зь існым у Беларусі рэжымам траціць сэнс. Толькі разуменьне таго, што існая сыстэма — гэта зло — дае нам маральнае права на барацьбу з аўтарытарызмам і апраўдвае ахвяры. Бо калі не мараль, не каштоўнасьці, то што падштурхоўвае нас да супрацьстаяньня ёй?

Тэст 3: Свабода ці жыцьцё альбо пра дзьве маралі. Прапанаваныя палітызатарамі тэсты скіроўваюць мяне да новай «апорыі». Што больш каштоўна: жыцьцё альбо свабода чалавека? Напэўна, большасьць скажа, што жыцьцё. Калі так, то: ці маральна і сэнсоўна змагацца з рэжымам Лукашэнкі, калі гэта можа нашкодзіць жыцьцю чалавека (людзей)? Бо з аднаго боку, цяпер у краіне якая-ніякая стабільнасьць, якія-ніякія заробкі і бясьпека, і гэтак далей. Зусім ня важна, што свабода слова і палітычныя правы татальна абмежаваныя, нацыянальная мова і культура прыніжаюцца, але ёсьць больш-менш добрыя ўмовы для фізычнага існаваньня. І ўвогуле: хто сказаў, што суды павінны быць справядлівымі, людзі свабоднымі ў выказваньнях, а краіна незалежнай? Важна, што ёсьць праца, аўта, кватэра — стабільнасьць.

Зь іншага боку, палітычныя зьмены (барацьба за свабоду) могуць прывесьці да нечаканых нэгатыўных зрухаў, паглыбіць эканамічны крызыс, павялічыць беспрацоўе, на гэтай глебе памножыць крымінальныя злачынствы. Што яшчэ горш, улада можа апынуцца ў руках алігархаў-карупцыянэраў, што можа паставіць грамадзтва на ўскрай існаваньня.

Ці, прадбачачы такую магчымасьць, мы маем маральнае права заклікаць грамадзтва да супрацьстаяньня сыстэме, альбо, можа, варта заклікаць да падтрыманьня і бясспрэчнага суіснаваньня зь ёю?

Далей, ці маральна паступалі апазыцыйныя лідэры, якія заклікалі людзей на Плошчу, якія заклікаюць людзей адзначаць Дзень Волі альбо Чарнобыльскі шлях, увогуле далучацца да апазыцыі? Дэмакратычныя лідэры ня могуць ня ведаць пра зьбіцьцё, суды, вязьніцы, звальненьні, у выніку пра зламаныя жыцьці і лёсы суграмадзянаў, якія, дзякуючы іх заклікам, уключаюцца ў апазыцыйную дзейнасьць. Ці ў гэтым выпадку не было б больш маральна пагадзіцца з існай сытуацыяй, не супрацьстаяць злу, але падтрымліваць сыстэму? У гэтым выпадку, апазыцыя павінна самараспусьціцца і інтэгравацца з уладай, бо само яе існаваньне амаральна (што многія зараз і жадаюць зрабіць). У сваю чаргу, задача незалежных журналістаў і аналітыкаў не крытыкаваць уладу, а хваліць і заклікаць людзей быць цярплівымі, зносіць несправядлівасьць і злоўжываньні ўлады, бо супрацьстаяньне ёй можа прывесьці да значна горшых вынікаў. Незалежныя ж публіцысты і філёзафы павінны стаць часткай ідэалягічнага апарату і адмовіцца ад таго, каб вучыць людзей думаць, бо думаючы чалавек нашкодзіць сабе, бо зразумее, што ў краіне дзеецца нешта кепскае, пачне гэтаму супрацьстаяць, змагацца і ў рэшце рэшт страціць здароў’е, а можа нават і жыцьцё, а гэта амаральна.

Паводле дадзенай лёгікі, можна прыйсьці да высновы: што больш маральны той, хто адстойвае жыцьцё і стабільнасьць у аўтарытарнай краіне, чым той, хто заклікае бараніць нейкія абстрактныя каштоўнасьці, свабоду, памкненьні да дэмакратыі і г.д. Згодна з такой лёгікай, маральна быць Дзмітрыевым, а не Дашкевічам; Гігіным, а не Мацкевічам; Зімоўскім, а не Дракахрустам (цікава, ці гатовы Юры Дракахруст уладкавацца на працу на «БТ» і пачаць весьці, напрыклад, праграму: «100 плюсаў улады Лукашэнкі»); Ярмошынай, а не Калінкінай. Бо менавіта Гігіны, Ярмошыны, Шуневічы сваёй прапагандай, фальсыфікацыямі, рэпрэсіямі захоўваюць і пякуцца пра стабільнае жыцьцё і «шчасьце беларускага грамадзтва», больш за тое, напэўна, вераць у тое, што яны маральныя асобы. Калі так, тады — усе на выбары! Усе на падтрымку сыстэмы! Лукашэнка — нашае ўсе!

Што перашкаджае прыняць гэтую лёгіку і жыць паводле яе? Нешта там унутры — тое, што завецца сумленьнем, унутранай сыстэмай каштоўнасьцяў, маральлю кажа нам, што такія высновы абсурдныя і што несвабодны чалавек ня можа быць гаспадаром свайго жыцьця, што на хлусьні і несправядлівасьці не пабудаваць нармальнага, жыцьцяздольнага грамадзтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG