Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Саўчанка абвясьціла галадоўку. Яна спрабуе пачаць уласную палітычную кар’еру, — экспэрт


Надзея Саўчанка

Надзея Саўчанка

Народны дэпутат, Герой Украіны Надзея Саўчанка ўпершыню пасьля свайго вызваленьня з расейскай вязьніцы публічна выступіла з рэзкай крытыкай як украінскіх уладаў, гэтак і апазыцыі, да якой цяпер належыць партыя «Бацькаўшчына», што дапамагла ёй трапіць у парлямэнт на выбарах у 2014 годзе.

Сярод іншага, Саўчанка заявіла, што ладзіць ва Ўкраіне пазачарговыя выбары і ўводзіць ваеннае становішча няма патрэбы, што праект будаўніцтва «сьцяны» на ўкраінска-расейскай мяжы ня выкананы, украінскае войска на Данбасе забясьпечваецца недастаткова, менскія перамовы неэфэктыўныя, і што ў справе вызваленьня ўкраінскіх палонных — як з Расеі, гэтак і з часова акупаваных тэрыторыяў на ўсходзе Ўкраіны — назіраецца бязьдзейнасьць.

Надзея Саўчанка сёньня зноў абвясьціла галадаваньне, але гэтым разам — каб украінскія ўлады і сьвет зьвярнулі ўвагу на стан украінскіх закладнікаў у расейска-ўкраінскай вайне.

Пра палонных і галадоўку

«Я прапаноўвала прэзыдэнту рэальныя дзеяньні для абмену палоннымі: трэба пачаць аддаваць людзей першымі. Але ў палоне не сядзяць дзеці Пятра Аляксеевіча, а на вашых дзяцей яму пляваць. Таму што кожны павінен змагацца за свайго, як за мяне змагаліся сястра і маці.

Выходзьце на Банкавую, патрабуйце сустрэчы і справаздачы ад прэзыдэнта як ад гаранта Канстытуцыі, правоў і свабодаў украінцаў, як ад галоўнакамандуючага, які пасылаў на сьмерць вашых дзяцей, а не сваіх уласных! Выходзьце і не давайце забыцца пра вашых родных! Таму што цана жыцьця чалавека вышэйшая, калі пра яе памятаюць!

І вы, маці, акупаваных Расеяй Луганскай і Данецкай абласьцей Украіны і ўкраінцы Крыму, вы таксама выходзьце да тых злачынцаў, якія саманазываюцца вашай уладай! Выходзьце і патрабуйце ў іх вяртаньня вашых дзяцей, таму што ім на іх гэтаксама ж напляваць, як і нашай уладзе!»

«Ад сёньняшняга дня я зноў абвяшчаю галадаваньне. На бязьдзейнасьць тых, хто знаходзіцца ва ўладзе ва ўсім сьвеце па вызваленьні ўкраінскіх зьняволеных, да дня станоўчага выніку».

Пра апазыцыю і пазачарговыя выбары

«Перавыбары патрэбныя апазыцыі, каб падзяліць уладу. Гэта чарговы раз нічога ня зьменіць! Украінцы праходзяць гэты шлях пастаянных перавыбараў ужо 25 гадоў запар, і пачынаючы з другога прэзыдэнта Ўкраіны ў нас пачаўся працэс зрошчваньня алігархату, які і не спыняўся з прыходам кожнай новаабранай улады. Усе намаганьні ў розны час розных уладаў зрабіць рэформы ва Ўкраіне і сучасная рэформа дэцэнтралізацыі не прывялі ні да чога, акрамя заняволеньня ўкраінцаў. І цяперашняя гэтак званая дэалігархізацыя нічога не дае. Гэта проста ўнутраныя разборкі паміж тымі алігархамі, што дарвалася да ўлады, і тымі, што ўладу страцілі. Што зьменіцца ад таго, калі сёньня мы зноў зьменім адных злодзеяў на іншых?»

«Што трэба апазыцыі: расхістаць настроі ў грамадзтве, правесьці перавыбары, пажадана парлямэнцкія і прэзыдэнцкія адначасова. Для гэтага трэба заблякаваць працу дзейнай Вярхоўнай Рады, паказаўшы яе поўную няздольнасьць выконваць свае функцыі, расхістаць пратэстныя настроі ў грамадзтве і вывесьці на трэці Майдан, скарыстаўшыся праблемай тарыфаў, якую рэальна можна было б вырашыць значна раней, не чакаючы халадоў, калі б было жаданьне рэальна дзейнічаць, а не піярыцца».

«Слухаючы палітыкаў і палітыканаў, якія абвяшчаюць з высокіх трыбун і ў тэлеэфірах такія прыгожыя, патрыятычныя прамовы пра народ, і назіраючы, як іх словы разыходзяцца зь дзеяньнямі, мне становіцца агідна ад таго, што я знаходжуся зь імі ў адной Вярхоўнай Радзе Ўкраіны і што яны зьяўляюцца часткай нашага ўкраінскага народу. Хлусьня, фальш, хітрасьць і здрада тых, хто знаходзяцца ва ўладзе, паўсюль!»

Пра ваеннае становішча

«Я як афіцэр, як вайсковец з 10-гадовым досьведам службы ў войску, павінна растлумачыць людзям, чаму такая рыторыка палітыкаў зьявілася менавіта цяпер, што такое ваеннае становішча ў краіне і чым гэта абернецца для ўкраінцаў. Так, у нас вайна, а не антытэрарыстычная апэрацыя. І вайна не грамадзянская, а з Расеяй, і справакаваная яна нашым ворагам — Расеяй! Але такая вайна ў нас ужо два гады, і пачалася яна ня сёньня, а ў 2014 годзе захопам Крыму Расеяй! Дык чаму ж два гады ўкраінская ўлада казала, што ў нас антытэрарыстычная апэрацыя, а цяпер хоча ўвесьці ваеннае становішча?! Таму што ў час антытэрарыстычнай апэрацыі не абавязкова разрываць уласныя бізнэс-эканамічныя адносіны з Расеяй, а вось пасьля вайны з ворагам трэба! Дык чаму ж цяпер яны хочуць пагадзіцца на вайну і вайной назваць? Ды таму, што незадаволенасьць народу ўладай вырасла, і магчымыя перавыбары ці чарговы Майдан. Гэта ўладу напалохала так, што яна цынічна вырашыла скарыстацца мэханізмам маніпуляцыі».

Пра зьмены Канстытуцыі

«На бліжэйшых выбарах народ Украіны выбірае 100 народных абраньнікаў, задача якіх — напісаньне Канстытуцыі Ўкраіны ў закрытым рэжыме на разумна абмежаваны тэрмін, па тыпу канклява пры абраньні Папы Рымскага. Гэтыя абраньнікі выбіраюцца бяз права ў далейшым быць абранымі да ўлады. Акрамя Канстытуцыі Ўкраіны, выбраныя народныя дэпутаты выпісваюць таксама блёкавыя законы да ўсіх сыстэм жыцьцядзейнасьці краіны (выбарчай, судовай, пэнітэнцыярнай, фіскальнай, навукова-адукацыйнай). Гэтыя блёкавыя законы кладуцца ў аснову далейшай заканатворчасьці краіны і ня маюць права быць зьмененыя. Пасьля напісаньня Канстытуцыя Ўкраіны, у комплексе з блёкавымі законамі, выносяцца на народны разгляд і зацьвярджэньне іх на народным рэфэрэндуме».

Саўчанка хоча пачаць уласную палітычную кар’еру, — экспэрт

Украінскі палітычны экспэрт Аляксандар Салантай прааналізаваў у размове з карэспандэнтам Свабоды прамову Надзеі Саўчанкі.

— Спадар Аляксандар, з чым зьвязаная такая рэзкая крытыка, выказаная Надзеяй Саўчанкай?

— Я думаю, гэта зьвязана з тым, што яна вывучыла тэматыку, разабралася з рэальнай сытуацыяй і зразумела, што сапраўды вельмі мала робіцца для вызваленьня людзей, і ва ўласьцівай ёй эмацыйнай манеры зрабіла такія радыкальныя заявы.

Аляксандар Салантай

Аляксандар Салантай

— Наколькі магчыма, што такім чынам партыя «Бацькаўшчына» выкарыстоўвае Надзею Саўчанку, каб вывучыць грамадзкую думку і ўвосень пачаць новую хвалю палітычнай барацьбы за зьмену ўлады?

— Надзея Саўчанка сёньня выразна сказала, што яна супраць правядзеньня пазачарговых парлямэнцкіх выбараў, таму ў прынцыпе яе дзейнасьць накіраваная на вызваленьне палонных, а не на расхістваньне сытуацыі. Надзея абвясьціла, што ад заўтра пачынае новае галадаваньне.

— Ці будзе гэткі мэтад эфэктыўны для вызваленьня палонных?

— Я думаю, што яна сапраўды будзе галадаць. Але ва ўмовах летняга пэрыяду цікавасьць да яе мэсыджаў і да такіх спосабаў будзе нізкая. Больш за тое, яна атрымае новую порцыю крытыкі, што гэта ня тыя мэтады, якія мае выкарыстоўваць парлямэнтарый і ўжо вядомы ва Ўкраіне грамадзкі дзеяч. Трэба працаваць як чалавеку высокага дзяржаўнага ўзроўню, а яна ўжо такі чалавек і па ўспрыманьні, і па сваім юрыдычным статусе адначасова. Трэба мяняць мэтады.

— Ці можна сьцьвярджаць, што сёньняшнімі заявамі Надзея Саўчанка пачынае сваю ўласную палітычную карʼеру?

— Яна сапраўды сёньня дала выразны сыгнал, які сьведчыць аб пачатку ўласнай палітычнай карʼеры, асобна ад «Бацькаўшчыны». У прыватнасьці, гэта пацьвярджае яе заява, што яна супраць пазачарговых парлямэнцкіх выбараў, якія могуць заблякаваць працу Вярхоўнай Рады і расхістаць краіну на трэці Майдан, скарыстаўшыся праблемай тарыфаў, а тарыфнымі пытаньнямі, як вядома, больш за ўсё займаецца партыя «Бацькаўшчына». Таму можна сказаць, што яна стала аддзяляцца ў нашым успрыманьні ад гэтай палітычнай сілы і будзе пазыцыянаваць сябе асобна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG