Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На зьмену лібэралізму прыходзіць расейскі «парадкавізм»?


Журналіст нямецкага выданьня Die Zeit лічыць, што Расея ў сваёй палітыцы прасоўвае новы набор ідэалягемаў, якія ён прапануе назваць «парадкавізмам» (па-ангельску: orderism).

Ёхэн Бітнэр, рэдактар палітычных матэрыялаў Die Zeit, піша ў найноўшым выданьні The New York Times:

«Парадкавізм кінуў выклік дэмакратыі ў многіх частках сьвету — Турэччыне, Польшчы, Філіпінах. Але Расея спадара Пуціна лічыць, што яна валодае аўтарскімі правамі на гэтую формулу і разглядае яе як востры канец кліну, які спрабуе ўбіць між народаў Захаду.

Асноўнай палітычнай прадпасылкай гэтай ідэалёгіі зьяўляецца тое, што лібэральная дэмакратыя і міжнароднае права не апраўдалі сябе. Замест таго, каб ствараць стабільнасьць, яны спарадзілі няроўнасьць і хаос...

Найбольш відавочным недахопам, на думку парадкавістаў, зьяўляецца тое, што адкрытыя межы і глябальны гандаль прывялі да недахопу працоўных месцаў і масавай міграцыі. Адначасова духоўнае бязьмежжа падарвала лібэральныя грамадзтвы: калі амаль любую традыцыйную каштоўнасьць цяпер можна паставіць пад сумнеў, то няма нічога сьвятога, ні звычаяў, ні традыцый, ні інстытуцый. Тая самая паблажлівасьць, якая дазваляе свабодны продаж марыхуаны, аднаполыя шлюбы і каранацыю барадатага трансвэстыта Канчыты Вурст як пераможцу конкурсу Эўравізіі 2014, таксама адносіцца зь цярпімасьцю да ваяўнічага ісламізму на Захадзе».

Прывабнасьць «парадкавізму» ў «мадэльнай» расейскай вэрсіі, паводле Ёхэна Бітнэра, палягае ў тым, што гэты сьветапогляд дае перавагу стабільнасьці перад дэмакратыяй і прапануе альтэрнатыву «маральнай прорве», у якую нібыта падаюць лібэральныя грамадзтвы. Новая расейская ідэалёгія, дадае аўтар, будуецца на патрыятызьме, традыцыйных гендэрных ролях, праваслаўі, вайсковай сіле і «добразычлівым цары».

Зьдзіўляе перш за ўсё тое — падсумоўвае Бітнэр — што «парадкавізм» сумяшчаецца з поглядамі многіх выбарцаў у ЗША і Эўропе. Прэзыдэнцкая кампанія Дональда Трампа і рашэньне брытанскіх выбаршчыкаў пакінуць Эўразьвяз, паводле нямецкага публіцыста, гэта рэакцыя супраць глябалізацыі ў рамках новага палітычнага сьветапогляду — «парадкавізму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG