Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларушчына: манэтызацыя замест палітызацыі


Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Сядзелі мы, задумлялі новую асьветніцкую перадачу для сайта і для сетак. Ідэяў шмат, але чагосьці сутнаснага не стае – нейкай адмысловай чапучасьці і даходлівасьці. Табе здаецца, што знайшоў словы проста да сэрца, а не даходзяць, не хвалююць, пачуцьця годнасьці не выклікаюць.

У сёньняшнім наскрозь рацыянальным беларускім грамадзтве «духоўныя скрэпы» не працуюць – і таму што ірацыянальныя, і таму што вымагаюць лішніх высілкаў, і таму, што могуць быць небясьпечнымі, бо раптам не адпавядаюць афіцыйнай лініі. Свае мова, гісторыя, культура – прывабныя, але бязь іх спакайней і прасьцей. Быць беларусам – ня самая простая работа (зрэшты, так ва ўсіх неімпэрскіх нацый), быць «савецкім», то бок ніякім, незаўважным – нашмат зручней. Нішто не замінае рабіць посьпехі ў бізнэсе, калі ты сябруеш з уладамі.

Нехта скажа, што за ўсім гэтым стаіць крэмль, фсб і кгб. І, як заўсёды, будзе мець рацыю. Стаяць. Але гэта ня значыць, што нацыянальную асьвету трэба спыніць да нейкіх спрыяльных часоў. Урэшце, калі на дарозе ляжыць бервяно, гэта ня значыць, што трэба спыніць рух. Бервяно можна прыбраць, пераступіць, абысьці.

Надоечы трапіў я на адно шыкоўнае правінцыйнае вясельле. У панскім палацы. Зусім юныя маладыя і іх шматлікія сябры ў шляхоцкіх уборах, жывая музыка, дасканалы стол… Усё амаль так, як 100 гадоў таму, да таго фатальнага году, калі паўсталы плебс па ўсёй Беларусі пачаў забіваць «паноў», паліць і рабаваць іх палацы. Але я ніяк не магу ўявіць, што сёньняшнія вясельнікі – гэта нашчадкі тых, хто забіваў і рабаваў. Ці таму, што гэта якраз нашчадкі ахвяраў, якім пашчасьціла выжыць, ці таму, што кроў за 100 гадоў ачысьцілася ад дзікунства.

18-гадовая публіка ўражвае сваімі шляхотнымі манерамі, эрудыцыяй, хуткім розумам. І зьнешне яны вельмі прыгожыя, сьветлыя і прыцягальныя. Што будзе зь імі праз 10-20 гадоў? Хочацца, каб яны сталі гаспадарамі жыцьця.

Мовы на вясельлі не было, але ва ўсіх іншых праявах гэта было чыста беларускае вясельле – да драбніц. Хіба што непрыемна ўразіла музычная віктарына – маладыя людзі зь пераказу пазнавалі папулярныя песьні. І ўразіла мяне ня столькі адмысловая падборка – Кіркораў, Баскаў, Цімаці ды іншая кілібэрда, колькі тое, што яны – прыгожыя, разумныя, сьветлыя беларускія юнакі і юначкі ўсё гэта ведаюць, што ў галовах у іх сядзіць «ты че такая дерзкая».

Два супрацьлеглыя ўражаньні. Ад шляхотнага шляхоцкага вясельля, ад моладзі. І ад дарогі. Калі я ляцеў на гэтае вясельле па берасьцейскай трасе, мяне абагнаў белы джып з расейскімі нумарамі, з расейскім сьцягам праз увесь корпус машыны і з расейскім надпісам вялікім белымі літарамі на заднім шкле: «Не жили богато, не х… начинать!»

Калі я слухаў, як 18-гадовыя адгадваюць расейскую папсу, два супрацьлеглыя ўражаньні раз-пораз зьліваліся ў адно. Відавочны ўплыў «Русского радио, все будет хорошо» і яго мясцовых клонаў.

Але вынес я зь вясельля задачу – як пераадолець той псыхалягічны фільтр, які стаіць у маладых галовах на беларушчыну?

У паводзінах, выразах твараў, у досьціпах і рэакцыях я бачыў беларускіх людзей. Толькі бяз мовы. Яны, зразумела, кампутарнае пакаленьне, яны мысьляць рацыянальна, яны існуюць у наскрозь кустамізаваным грамадзтве, яны найперш кліенты і спажыўцы. Нішто бясплатнае для іх ня мае вартасьці, калі толькі гэта не дарагі і карысны падарунак. Яны разглядаюць тавар і гатовыя плаціць найперш за якасьць тавару і абслугі. Яны ўжо бывалі ў шырокім сьвеце і ведаюць, што такое сувэніры, напрыклад, або моўныя курсы. Плацячы за якасьць, яны такім чынам купляюць сваю свабоду, якая таксама мае для іх манэтарны выраз.

Бясплатны тавар, выраблены за невядомыя грошы для іх – аксюмаран. Тое, што выклікае недавер – тут яўна нейкі падвох, магчыма, апазыцыйны, які супярэчыць афіцыйнаму курсу. Таму «грантавая» беларушчына даходзіць усё горш. І нацыянальная асьвета патрабуе перастаноўкі на іншыя рэйкі. Як гэта робяць Сымбаль, Hvilina, Рагна, Лабадзенка і дзясяткі іншых, пакуль невялікіх ініцыятываў. Беларушчына, упакаваная і аздобленая цэньнікам, успрымаецца бяз прымхаў – проста як прыгажосьць, за якую трэба плаціць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG