Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі экспэрт: Корпус атамнага рэактара — ня «чайны сэрвіз», паніка заўчасная


Беларуская АЭС, ілюстрацыйнае фота

Беларуская АЭС, ілюстрацыйнае фота

У Расеі далучыліся да абмеркаваньня няштатнай сытуацыі на будаўнічай пляцоўцы БелАЭС у Астраўцы на Гарадзеншчыне.

У прыватнасьці, першы віцэ-прэзыдэнт Саюзу машынабудаўнікоў Расеі Ўладзімер Гуцянёў адзначае, што корпус рэактара — «ня чайны сэрвіз, які можа разьбіцца пры падзеньні зь нязначнай вышыні». А таму ня трэба панікаваць, калі для гэтага няма асаблівых падставаў:

«Ужо вядома, што інцыдэнт не прывёў да нейкіх сур’ёзных наступстваў. Усё ж корпус атамнага рэактара — гэта ня чайны сэрвіз, а асабліва трывалая канструкцыя, разьлічаная на розныя ўзьдзеяньні цягам многіх дзясяткаў гадоў эксплюатацыі атамнай станцыі. Корпус рэактара БелАЭС пасьля інцыдэнту прайшоў неабходныя праверкі, у тым ліку розных мэтадаў дэфэктаскапіі. Гэта найбольш сучасныя тэхналёгіі, якія дазваляюць праверыць ўнутраны стан мэталу і зварных злучэньняў. Нічога іншага, больш сучаснага, не прыдумана. Як мы ведаем, якасьць пацьверджана.

Тут ёсьць і іншае пытаньне, якое тычыцца страхавога выпадку. Рашэньне аб страхавой выплаце ў выпадку пашкоджаньняў прымаецца страхавой кампаніяй на падставе вынікаў праведзенай экспэртызы, а не здагадак назіральнікаў, якія не зьяўляюцца спэцыялістамі. Страхавая кампанія лёгка дакажа, што ў дадзенай сытуацыі страхавы выпадак не наступіў, паколькі абсталяваньне не атрымала пашкоджаньняў, а замоўцы давядзецца сыходзіць у „права“ па тэрмінах уводу ў эксплюатацыю, а таксама трываць іншыя выдаткі і страты».

Тым ня меней, неўзабаве пасьля абнародаваньня факту падзеньня 330-тоннай канструкцыі корпусу рэактара падчас выпрабавальнага мантажу працы на Беларускай АЭС прыпыненыя. Як паведаміў намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, рашэньне прынятае замоўцам і органам рэгуляваньня. Па словах чыноўнікаў, цяпер магчымыя толькі два сцэнары: альбо выкарыстаньне гэтага корпусу, але пры пацьвярджэньні бясьпекі матэрыялаў, альбо яго замена. Цяпер сытуацыю на месцы вывучаюць адмыслоўцы зь Беларусі і Расеі. Пры гэтым намесьнік міністра запэўніў, што з вынікамі расьсьледаваньня будзе азнаёмленая як грамадзкасьць, так і міжнародныя экспэрты.

XS
SM
MD
LG