Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест пакемонаў у Расеі будуць лавіць Пушкіна, Грознага і Цоя


Гульню Pokemon Go ў Расеі ня будуць забараняць, але паспрабуюць замяніць сваёй, дзе замест японскіх кішэнных монстраў трэба будзе «лавіць» дзеячаў расейскай культуры — Пушкіна, Чайкоўскага, Ламаносава, Івана Грознага, Юрыя Гагарына і нават сьпевака Віктара Цоя.

Мэрыя Масквы ў жніўні выпусьціць мабільную праграму «Даведайся пра Маскву. Фота», якая будзе працаваць прыкладна так жа, як знакамітая японская гульня, якая спалучае рэальны і віртуальны сьвет.

Для таго, каб расейцы не лавілі замежных мультыплікацыйных герояў, а цікавіліся пэрсанажамі ўласнай культуры, маскоўская мэрыя заявіла, што рыхтуе ўласную гульню, якая выкарыстоўвае элемэнты дапоўненай рэальнасьці. Толькі ў пэйзажах, на якія наводзяць камэру карыстальнікі, будзе бачна не пакемонаў, а 3D-выявы вядомых людзей: Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Ламаносава, цароў Івана Грознага, Пятра Першага або яго бацькі — Аляксея Міхайлавіча.

Гульцам трэба будзе перасоўвацца па горадзе, арыентуючыся па компасе. У 50 мэтрах ад віртуальнага разьмяшчэньня гістарычнай асобы карыстальніку прапануюць убачыць яе праз камэру тэлефона і зрабіць сумеснае «сэлфі».

Нягледзячы на тое, што афіцыйна ў Расеі гульня яшчэ не запушчана, эпідэмія Pokemon Go ад японскай кампаніі «Нінтэнда» захапіла расейскую моладзь. У папулярнай сацыяльнай сетцы ў Расеі «Укантакце» ужо ёсьць больш за тысячу груп Pokémon Go, некаторыя зь іх налічваюць дзясяткі тысяч удзельнікаў.

Два парлямэнтарыі ад Кампартыі Расеі запатрабавалі, каб прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў «як мага хутчэй прааналізаваў патэнцыйна шкоднае ўзьдзеяньне таго, што чыноўнікі і супрацоўнікі службы бясьпекі гуляюць у Pokémon Go ў працоўны час».

Іншы сябра кампартыі Вадзім Салаўёў назваў паляваньне на пакемонаў небясьпечнай залежнасьцю, як азартныя гульні або наркотыкі.

У Беларусі карыстальнікі Android і iOS таксама маюць магчымасьць гуляць у гульню Pokémon Go. Праўда, міліцыя папярэджвае, што падчас гульні ня варта заходзіць у будынкі і на тэрыторыю аб’ектаў, якія ўнесеныя ў афіцыйны сьпіс забаронаў для фатаграфаваньня і фільмаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG