Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Атака на незалежную сацыялёгію.

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў.


Карбалевіч: З пачаткам так званай палітычнай лібэралізацыі стаўленьне дзяржаўных мэдыяў да апазыцыі і незалежнага грамадзтва стала больш лагодным. Іх прадстаўнікоў раз-пораз нават запрашаюць на дзяржаўныя тэлеканалы. Выкрывальніцкія сюжэты на адрас гэтых структураў сталі рэдкімі.

У гэтым сэнсе «наезд» на Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) стаў пэўнай нечаканасьцю.

У вечаровым эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» пасьля нядзельнай інфармацыйнай перадачы «Галоўны эфір» па-за праграмай перадач было паказана ананімнае расьсьледаваньне «Прымат НІСЭПД».

У перадачы паказана, што ў аўтамабіль БТ невядомая жанчына нібыта падкінула дакумэнты НІСЭПД, на аналізе якіх і пабудавана расьсьледаваньне. Цяжка сказаць, ці насамрэч гэта дакумэнты НІСЭПД. Але, безумоўна, тут была дапамога спэцслужбаў. З чаго вынікае, што спэцслужбы ўважліва сочаць за НІСЭПД.

З перадачы вынікае, што сацыялягічныя дасьледаваньні, вынікі якіх пэрыядычна публікуе НІСЭПД, насамрэч не праводзяцца, адбываецца «расьпіл» грошай, якія даюць спонсары. Людзі, якія фігуравалі ў гэтых, нібыта дакумэнтах, як каардынатары дасьледаваньняў, сьцьвярджалі, што ня маюць да гэтага дачыненьня.

Трэба прыбраць прыбор, якім вымяраюць грамадзкія настроі. Няхай грамадзтва жыве ў сацыялягічных поцемках.

І ўзьнікае лягічнае пытаньне, чаму незалежная сацыялёгія для ўладаў зьяўляецца большай небясьпекай, чым апазыцыя?

Бо ва ўмовах крызысу адбываецца рэзкае падзеньне даверу грамадзтва да ўлады. Упаў рэйтынг Лукашэнкі. Сытуацыя для ўладаў непрыемная. Гэта яшчэ можна было цярпець падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Бо хоць рэйтынг Лукашэнкі тады і ўпаў, ён усё ж быў заўважна вышэй, чым у любога яго апанэнта.

А тут парлямэнцкія выбары. Апазыцыю амаль не дапусьцілі ў выбарчыя камісіі, гледзячы па ўсім, ня пусьцяць і ў палату прадстаўнікоў. І кантраст паміж стаўленьнем насельніцтва да ўладаў і вынікамі выбараў будзе ўжо вельмі вялікі і заўважным. Таму трэба прыбраць тэрмомэтар, якім мераюць тэмпэратуру, ці індыкатар, ці дазімэтар. То бок, прыбор, якім вымяраюць грамадзкія настроі. Няхай грамадзтва жыве ў сацыялягічных поцемках.

А НІСЭПД мала таго, што праводзіць незалежныя дасьледаваньні, дык яшчэ і шырока іх прэзэнтуе, рассылае вынікі ў незалежныя СМІ. Таму ўлады запусьцілі працэс, які ў савецкія часы меў назву «контрпрапаганда». Гэта спроба нэўтралізаваць незалежную сацыялёгію.

Дракахруст: Я мяркую, што гэтая атака на НІСЭПД — адлюстраваньне нейкіх «боек бульдогаў» пад уладным «дываном» у сувязі з палітыкай лібэралізацыі. Нам з вамі гэтая лібэралізацыя здаецца палавіністай, частковай, але і ў такім выглядзе яна закранае істотныя інтарэсы многіх людзей у калідорах улады. І адпаведныя сілы нанесьлі ўдар.

Ня ў тым справа, што дадзеныя НІСЭПД былі «ня ў нос» уладзе. Вельмі часта яны выклікалі незадавальненьне якраз апазыцыі. Аднак, паводле дадзеных інстытуту, падтрымка ўлады ніколі не была завоблачнай, як гэта вынікала з дадзеных праўладных досьледных цэнтраў, і ўзровень гэтай падтрымкі вагаўся ў залежнасьці ад такіх падзеяў, як, скажам, крызісы, дэвальвацыі і абвастрэньне канфлікту ва Ўкраіне.

Было жаданьне дыскрэдытаваць, зьнішчыць інстытуцыю, якая падае дадзеныя, адрозныя ад пераможных рэляцыяў кіраўнікоў афіцыйных досьледных цэнтраў.

Але цяперашняя сацыяльна-эканамічная сытуацыя даволі няпростая, давер да ўлады можа зьніжацца, ці, прынамсі, вагацца, нечаканым і істотным чынам. І было жаданьне «разьбіць люстэрка», дыскрэдытаваць, зьнішчыць інстытуцыю, якая падае дадзеныя, адрозныя ад пераможных рэляцыяў кіраўнікоў афіцыйных досьледных цэнтраў Ігара Катлярова і Давіда Ротмана.

Да таго ж я асабіста ўсё ж лічу, што атака на інстытут — ход пэўных сілаў ва ўладзе, якія зацікаўленыя ў зрыве палітыкі нармалізацыі адносінаў з Захадам.

Мы ня ведаем, якім чынам НІСЭПД праводзіў апытаньні ў Беларусі. Нават з тых папераў, якія паказала БТ, вынікае, што яны ўсё ж праводзіліся — указаньні наконт парадку правядзеньня апытаньня, спосабаў вырашэньня праблемаў пры яго правядзеньни ня мелі б месца, калі б лічбы маляваліся «ад балды».

Што да фінансавых справаздачаў, якія фігуравалі ў сюжэце БТ — ніадкуль не вынікае, што яны сапраўдныя, а не падробленыя. Інтэрвіюеры, якія пад камэру БТ адмаўлялі свой удзел у апытаньнях, маглі проста клапаціцца пра сваю бясьпеку. Гэтак і кіраўнік сеткі апытаньняў, відаць, проста ратуе сябе, гаворачы тое, што тэлевізійшчыкі хацелі ад яго пачуць.

Пасьля таго, як НІСЭПД быў выгнаны з Беларусі, пасьля прыняцьця драконаўскіх законаў, якія надзвычай ускладнялі правядзеньне сацыялягічных дасьледаваньняў у краіне, зразумела, што схемы правядзеньня апытаньняў у краіне былі складанымі. Але з гэтага зусім не вынікае, што яны прадстаўлялі сабой «маляваньне» лічбаў.

Скажам, фраза ў сюжэце, паказаным па БТ, пра «4-5 паўторных візытаў», азначае, што інтэрвіюер столькі разоў хадзіў у адну і тую кватэру, каб дамагчыся адказаў менавіта гэтага рэспандэнта.

Дадзеныя НІСЭПД не адпавядалі дадзеным афіцыйных досьледных цэнтраў, паводле якіх ні крызісы, ні дэвальвацыі, ні зьніжэньне заробкаў у разы ніяк не ўплывала на давер да ўлады.

Дадзеныя НІСЭПД сапраўды не адпавядалі дадзеным афіцыйных досьледных цэнтраў, паводле якіх ні крызісы, ні дэвальвацыі, ні зьніжэньне заробкаў у разы ніяк не ўплывала на давер да ўлады. Але дадзеныя НІСЭПД па агульных пытаньнях, скажам, па стаўленьні да палітыкі Расеі ва Ўкраіне, цалкам адпавядалі, напрыклад, вынікам апытаньняў лябараторыі Новак.

Аднак зьяўленьне ў перадачы БТ прадстаўнікоў крыміналістычнай лябараторыі, паведамленьне, што матэрыялы, атрыманыя БТ, будуць перададзеныя ў праваахоўныя органы, дазваляе дапусьціць, што, магчыма, Беларусь чакае новая «справа Бяляцкага», гэтым разам — «справа сацыёлягаў».

Дадзеныя НІСЭПД не падабаліся многім у Беларусі, і ня толькі ва ўладзе, але і ў незалежным грамадзтве. Але, на мой погляд, будзе сумна, калі ў дадатак да ярмошынскіх выбараў краіна будзе мець і выключна ярмошынскую сацыялёгію.

Цыганкоў: Змаганьне беларускіх уладаў з сацыёлягамі ідзе даволі даўно. Можна прасачыць усе гэтыя крокі ад выцісканьня таго ж НІСЭПД з Беларусі да фактычнага стварэньня немагчымай атмасфэры для працы сацыёлягаў любой іншай сацыялягічнай структуры. Можна сказаць, што падчас выбараў дадзеныя па Беларусі прыводзяць ня толькі НІСЭПД, як самая вядомая і аўтарытэтная сацыялягічная арганізацыя, але і Gallup, і іншыя заходнія структуры.

Нягледзячы на ўсю лібэралізацыю, мы можам мець аналяг справе Бяляцкага.

Можна запытаць улады, ці гатовыя яны праводзіць дасьледаваньне, адкуль гэтыя структуры бяруць свае лічбы, якім чынам яны правялі ў Беларусі сваё апытаньне. У адрозьненьне ад прадстаўнікоў Gallup, якія наяжджаюць у Беларусь раз на 3-4 гады, звычайна ў момант прэзыдэнцкіх выбараў, НІСЭПД працуе стала і таму зьяўляецца мішэньню для ўлады.

У тым залюстэркавым грамадзтве, у якім Лукашэнку падтрымліваюць усе, і ў якім хацелі б жыць многія прадстаўнікі ўлады, менавіта незалежная сацыялёгія зьяўляецца галоўнай перашкодай для камфортнага жыцьця. Раней улады гаварылі, што НІСЭПД ніякіх апытаньняў не праводзіць, што дадзеныя яны бяруць «са столі», а народ ня верыў. Цяпер яны вырашылі проста паставіць кропку на гэтай дзейнасьці.

Нягледзячы на ўсю лібэралізацыю, мы можам мець аналяг справе Бяляцкага. Усё гэта, зразумела, вельмі сумна і паказвае, наколькі абмежаваныя крокі той лібэралізацыі і наколькі магутныя сілы ўнутры ўлады хочуць спыніць гэты працэс.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG