Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе ў Армэніі пасьля здачы захопнікаў паліцэйскай часткі?


Асобы, якія захапілі будынак паліцэйскага палку ў Ерэване, здаліся пасьля двух тыдняў аблогі і перамоваў. Але ці азначае гэта завяршэньне палітычнага крызісу ў гэтай краіне?

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч.


Цыганкоў: На сёньняшні момант узброенае супрацьстаяньне ў Армэніі пакуль завяршылася. Чальцы ўзброенай групы «Сасна црэр», якія ад 7 ліпеня ўтрымлівалі будынак палка патрульна-паставой службы паліцыі ў Ерэване, здаліся.

Арыштаваныя 20 чалавек, большасьць зь іх — вэтэраны вайны ў Нагорным Карабаху, як і арыштаваны раней лідэр групы «Ўстаноўчы Парлямэнт» Жырайр Сіфілян. Пра тое, што захопнікі зьбіраюцца скласьці зброю і выйсьці з будынку, напярэдадні ўжо заявіў лідэр групы Варужан Авэцісян. Так скончылася процістаяньне, якое доўжылася амаль 2 тыдні.

Авэцісян таксама заявіў, што рашэньне было прынятае, каб пазьбегнуць праліцьця крыві і ахвяраў сярод супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія, па яго словах, ня маюць ніякага дачыненьня да кіроўнага рэжыму. Ён падкрэсьліў, што «Сасна црэр» лічыць сваю місію завершанай, бо яны змаглі ўзьняць рух. Авэцісян заявіў, што такім чынам яны згаджаюцца стаць ваеннапалоннымі і працягваць барацьбу з турмаў.

Хапіла палітычнай мудрасьці і стрыманасьці, нягледзячы на каўкаскі тэмпэрамэнт, максымальна прымальным чынам завяршыць процістаяньне.

Трэба вітаць, што такая складаная сытуацыя ўзброенага процістаяньня завяршылася такім чынам. Тут трэба аддаць належнае абодвум бакам. 22 ліпеня прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсян правёў нараду і заявіў, што пытаньні ня будуць вырашацца грубай сілай, нападамі і захопам закладнікаў. «Вырашэньне гэтай сытуацыі стане найважнейшым іспытам на сталасьць нашай дзяржавы і грамадзтва», — сказаў ён.

Сапраўды, хапіла палітычнай мудрасьці і стрыманасьці, нягледзячы на каўкаскі тэмпэрамэнт, менавіта такім максымальна прымальным чынам завяршыць процістаяньне. Але разам з тым, гэта зусім не азначае нейкага асобнага выпадку, гэта сьведчыць пра тыя вялікія праблемы, якія ёсьць на сёньня ў армянскім грамадзтве.

Дзьве галоўным праблемы ў краіне. Першая — гэта канфлікт вакол Карабаху, які многія лічаць калі не прайграным, то недастаткова завершаным, і прагнуць больш рашучага ўдзелу Армэніі. Другое — агульны эканамічны і сацыяльна-палітычны стан краіны. У многіх армянаў назапасілася адчуваньне беспрасьветнасьці становішча, немагчымасьці змагацца з моцнай карупцыяй.

Яшчэ вельмі важна, як улада паставіцца да тых, хто здаўся.

Карбалевіч: Падаецца, што ад самага пачатку падзей ў Армэніі тамтэйшыя ўлады, пры ўсіх мінусах сытуацыі, апынуліся хутчэй у выйгрышным становішчы. Бо іх апанэнты ўжывалі сілавыя дзеяньні, спосабы барацьбы. Былі захопленыя закладнікі, пры гэтым загінуў адзін паліцыянт. Таму з гледзішча і ўнутранага, і міжнароднага права — гэтыя дзеяньні немагчыма расцаніць інакш, як злачынныя. І гэта давала ўладам маральную перавагу. Бо яны атрымалі ня толькі юрыдычнае, але і маральнае права на легітымны гвалт.

Звычайна ўлады, асабліва ў не зусім дэмакратычных краінах, скарыстоўваюць тое, што іх апанэнты перайшлі да сілавых дзеяньняў, каб нэўтралізаваць усіх апанэнтаў увогуле. Думаю, варта чакаць палітычных рэпрэсіяў супраць апазыцыі.

Іншая справа, што тут, магчыма, улады перавысілі межы неабходнай абароны. Але звычайна ўлады, асабліва ў не зусім дэмакратычных краінах, заўсёды робяць так. Яны скарыстоўваюць тое, што іх апанэнты перайшлі да сілавых дзеяньняў, каб нэўтралізаваць усіх апанэнтаў увогуле. Вось у Турэччыне кіроўны рэжым скарыстаўся спробай ваеннага путчу, каб ажыцьцявіць контрпераварот, контрпутч. Думаю, тое ж самае зробіць цяпер і палітычнае кіраўніцтва Армэніі. Варта чакаць палітычных рэпрэсіяў супраць апазыцыі.

Тут можна ўзгадаць нядаўнюю беларускую гісторыю. У 2006 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыя зладзіла на Плошчы намётавае мястэчка. Ва ўладаў, што называецца, часаліся рукі ўсё разагнаць, пабіць, пасадзіць, але яны абмежаваліся толькі тым, што пасадзілі аднаго Казуліна. Адносна астатніх абмежаваліся 15 суткамі. Бо дзеяньні апазыцыі былі мірныя. І брутальныя дзеяньні ўладаў не атрымалі б ухвалы грамадзкай думкі.

А вось 19 сьнежня 2010 году апазыцыя ўжыла сілавыя дзеяньні, разьбіла дзьверы ў Доме ўраду. І гэта стала падставай, каб ажыцьцявіць самыя жорсткія ў гісторыі незалежнай Беларусі палітычныя рэпрэсіі.

Таму і зьявілася цэлая канцэпцыя негвалтоўнага супраціву аўтарытарнай ўладзе. І на гэтай аснове адбыўся цэлы шэраг пераможных «каляровых рэвалюцыяў», адметнай рысай якіх былі мірныя пратэсты.

Вяртаючыся да Армэніі, варта адзначыць, што мэтады, якія ўжыла апазыцыя, былі ад самага пачатку сумнеўныя. Чым і скарысталася ўлада.

Цыганкоў: Вы кажаце, што дзеяньні апазыцыі ўспрымаюцца як няправільныя, паколькі яна прымяніла ўзброеную сілу. Але гэта беларускі пункт гледжаньня. Мы ня можам ведаць, як гэта ўспрымае армянскае грамадзтва. Магчыма, узровень незадаволенасьці і стан прыфрантавой дзяржавы, якая ўвесь час знаходзіцца на мяжы ваеннага канфлікту з Азэрбайджанам, стварае там іншую сытуацыю.

Дракахруст: Сапраўды, мы глядзім на гэтую сытуацыю праз беларускую прызму, беларускімі вачыма. А там сапраўды дзейнічаюць іншыя чыньнікі, асабліва вайна. Краіна фактычна чвэрць стагодзьдзя знаходзіцца ў стане вайны, у ёй шмат людзей, якія ў той вайне ўдзельнічалі зусім нядаўна. Ня будзем забываць, што гэта паўднёвы народ, у іх няма ўсё ж такі такога табу на гвалт, як у беларусаў.

Для значнай часткі армянскага грамадзтва гэтыя людзі героі, і ня толькі героі Карабаху, але і тое, што яны зрабілі — для часткі грамадзтва гэта гераічны ўчынак.

Але я б не зусім пагадзіўся, калі вы, калегі, разглядаеце сытуацыю вузка, лякальна — вось нейкія людзі захапілі будынак. Так, але гэта было ня ўсё. Вакол гэтага будынку ўсе гэтыя два тыдні віравалі дэманстрацыі людзей, якія іх падтрымлівалі. І там былі сутычкі з паліцыяй, былі пацярпелыя, арыштаваныя, але людзі выходзілі ізноў на дэманстрацыі салідарнасьці з тымі, хто захапіў будынак.

Не скажу, што ўся Армэнія паднялася, але казаць, што толькі гэтая група захопнікаў практыкуе такі стыль барацьбы, не зусім правільна. Для значнай часткі армянскага грамадзтва гэтыя людзі героі, і ня толькі героі Карабаху, але і тое, што яны зрабілі — для часткі грамадзтва гэта гераічны ўчынак.

Лідэр гэтай групы сказаў, што яны «ўзьнялі рух». Можа і ня надта вялікі ўзьнялі, але тое, што гэта нельга разглядаць лякальна, гэта так. Менавіта гэты момант, на маю думку, часткова ўплываў на рашэньне ўлады, чаму яна не ўжыла зброю і не аддала загад на штурм.

Магчыма, па сваёй дабрыні, дэмакратычнасьці, эўрапейскасьці, а магчыма — таму, што мёртвыя героі часам больш уплывовыя, чым жывыя вязьні. Так, сытуацыя ў будынку паліцыі закончылася, а вось ці закончылася яна ў цэлым у Армэніі?

Цыганкоў: Сытуацыя закончылася на дадзены момант, але стратэгічныя падставы для напружанасьці ў Армэніі засталіся, і карэннае пытаньне аб адносінах улады і грамадзтва ў Армэніі ня вырашанае.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG