Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пятым курсе навучаньня ва унівэрсытэце я запісалася ў аўташколу, на што мая маці адрэагавала прыблізна так: «Ты і машына? Да ладна, у цябе ж не атрымаецца!». Такі падыход мяне абурыў, але ні кропелькі не зьдзівіў. Тым ня менш, праз некалькі месяцаў я пасьпяхова здала ўсе іспыты з першай спробы. А яшчэ празь некалькі месяцаў паехала ў фэмінісцкі летнік, дзе разьбіла рукой драўляную дошку таўшчынёй два сантымэтры. Зь першай спробы, як і большасьць маіх паплечніц. Трэнерка казала: «Ня бі па дошцы, бі праз дошку». І гэта спрацавала.

Насуперак усім чаканьням, балюча не было. Затое было адчуваньне, што я ўсё магу.

Калі ты нарадзілася дзяўчынкай у Беларусі, то зь вялікай верагоднасьцю табе з раньняга дзяцінства стануць тлумачыць, што «трэба быць акуратнай, бо ты ж дзяўчынка», «дзяўчынкі ня б’юцца» і «дзяўчынкам нельга так сябе паводзіць». З часам зьявяцца новыя ўстаноўкі — «дзяўчынкі слабыя і безабаронныя», «гэта не жаночая справа, у цябе не атрымаецца, хай брат табе дапаможа».

Але гэта няпраўда. Дзяўчынкі моцныя і зграбныя. Мы хутка бегаем і моцна б’емся. Толькі не заўжды пра гэта ведаем.

Стварэньне закрытых жаночых прастораў з пэўнымі каштоўнасьцямі — добры спосаб паказаць дзяўчынкам і жанчынам нашыя сапраўдныя здольнасьці.

Стварэньне закрытых жаночых прастораў з пэўнымі каштоўнасьцямі — добры спосаб паказаць дзяўчынкам і жанчынам нашыя сапраўдныя здольнасьці. Не абясцэньваць, не абмяжоўваць і не ацэньваць сябе і іншых з пазыцыі мудрага чалавека, які валодае ісьцінай у апошняй інстанцыі.

Фэмінісцкія летнікі і падобныя да іх мерапрыемствы даюць магчымасьць адпачыць ад аб’ектывацыі і хоць на кароткі час пабыць у супольнасьці, дзе тваё цела не ацэньваецца ў катэгорыях «якаснае» і «няякаснае», ад цябе не чакаюць цішыні і падатлівасьці, а ў тваіх сілах не сумняваюцца.

Мне часта даводзіцца чуць, што закрытыя жаночыя прасторы абмяжоўваюць жанчын, і што гэта тупіковы шлях самаізаляцыі. Але я ні разу ня чула, каб штосьці падобнае казалі пра аналягічныя мужчынскія супольнасьці. Ідэя аб тым, што жанчыны могуць пасьпяхова існаваць без мужчын і нават адчуваць сябе больш камфортна ў такім асяродзьдзі, у большасьці выклікае няпрыязь і адкрытую агрэсію.

Гэтая ідэя палохае, бо руйнуе традыцыйны сьветапогляд, у межах якога жанчына — несамастойная істота, слабая і безабаронная, няздольная прымаць рашэньні і нават фізычна выжываць самастойна.

Спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе дапамагае адчуць сябе мацнейшай.

Я шчыра ўпэўненая, што аддаваць кантроль за сабой у рукі іншых — зло. І пакуль мы судзім пра сябе на аснове ацэнак іншых людзей, мы працягваем падсілкоўваць нэўрозы ды іншыя ня надта карысныя штукі. Але спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе дапамагае адчуць сябе мацнейшай і магутнейшай, і жаданьне знаходзіцца ў такім асяродзьдзі — цалкам нармальнае і зразумелае. Паверыць у магутнасьць уласных магчымасьцяў значна прасьцей, калі цябе не спрабуюць увесь час пераканаць у адваротным.

Брэнд Always, які вырабляе жаночыя сродкі гігіены, зьняў некалькі відэаролікаў пад хэштэгам #LIKEAGIRL (#ЯкДзяўчынка), дзе паказаў, зь якімі стэрэатыпамі і абмежаваньнямі сустракаюцца дзяўчынкі ў паўсядзённым жыцьці. Калі нам з дзяцінства кажуць, што быць дзяўчынкай — значыць быць слабай, мы пачынаем з часам у гэта верыць. І становімся слабымі.

Быць як дзяўчынка — значыць быць такой, якой можаш і хочаш быць.

Але бегчы як дзяўчынка — значыць бегчы хутка і спрытна. Біць як дзяўчынка — значыць біць з усяе моцы. Быць як дзяўчынка — значыць быць такой, якой можаш і хочаш быць.

Калі я вярнулася з фэмінісцкага летніка, то ўжо празь некалькі гадзін злавіла сябе на думцы, што ацэньваю сваю выяву ў люстэрку на адпаведнасьць пэўнаму ідэалу, які існуе толькі ў візуальных матэрыялах пасьля рэтушы. Усяго некалькі гадзін спатрэбіліся для таго, каб я нанова настроілася на пошукі ўласных недахопаў. Але нават у гэтую «хвіліну слабасьці» я памятала: я разьбіла дошку, і гэта значыць, што я ўсё магу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG