Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Полацку актывістку БНФ звольнілі з працы, пасьля таго як яна пайшла на выбары


Вольга Дамаскіна

Вольга Дамаскіна

Вольга Дамаскіна, цяпер ужо былая загадчыца Музэя традыцыйнага ручнога ткацтва Паазерʼя, страціла працу — патэнцыйная кандыдатка ў дэпутаты атрымала загад на звальненьне.

На пачатку чэрвеня Дамаскіна хадзіла на размову.

У чэрвені Вольга Дамаскіна атрымала папярэджаньне ад дырэктаркі Полацкай музэйнай сыстэмы Тамары Джумантаевай, што кантракт зь ёй працягнуты ня будзе.

Перад тым Дамаскіна абвясьціла пра свой намер удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Да апошняга сумнявалася, ці намер адміністрацыі музэя звольніць яе такі цьвёрды. Актывістка напісала заяву, што згодная працаваць на ранейшай пасадзе і з ранейшымі ўмовамі працы, а таксама зьвярнулася ў прафсаюз працаўнікоў культуры па абарону. Аднак ужо мае на руках загад аб звальненьні.

«Прычыны, я лічу, выключна палітычныя. Я нават мела сумневы, што ўсё так здарыцца, бо ня бачыла ніякіх падрыхтоўчых захадаў адміністрацыі — калі не лічыць, што на нарадах да мяне ставіліся перадузята, ведаючы пра мае палітычныя погляды. Аднак на маю пасаду не рыхтавалі новага чалавека, і дагэтуль нікога не прызначылі — я проста перадала справы вядучаму навуковаму супрацоўніку. Нядаўна я атрымала па накіраваньні музэйнай сыстэмы другую вышэйшую адукацыю, каб мець лепшую прафэсійную падрыхтоўку. Але, выходзіць, нікому не шкада грошай, „укладзеных у мяне“, калі вядзецца пра палітыку. І адміністрацыя дбае не пра эфэктыўную працу ў музэі, а пра тое, каб пазбавіцца ад „небясьпечных“ кадраў», — разважае Вольга Дамаскіна.

Пікет па зборы подпісаў за апазыцыйную кандыдатку Вольгу Дамаскіну 11 ліпеня

Пікет па зборы подпісаў за апазыцыйную кандыдатку Вольгу Дамаскіну 11 ліпеня

Цяпер актывістка абдумвае, ці варта дамагацца аднаўленьня на працы праз судовыя ды іншыя інстанцыі. Прынамсі, у абласную ўправу прафсаюзу работнікаў культуры яна ўжо зьвярнулася — нагадаўшы пра тое, што мае дзьве граматы, якімі яе ўганараваў прафсаюз. А таксама й пра тое, што адміністрацыя музэйнай сыстэмы парушыла працэдуру непрацягненьня кантракту — не папярэдзіла пра гэта прафсаюзную арганізацыю, у якую ўваходзіць актывістка, за два месяцы.

Пакуль Вольга Дамаскіна чакае адказу, яна рыхтуецца да ўдзелу ў выбарах. Правяла ў Полацку некалькі пікетаў па зборы подпісаў. Паралельна шукае новую працу, бо ня надта верыць, што прадзяржаўны прафсаюз дапаможа ёй аднавіцца на ранейшай пасадзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG