Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарадзкі суд не задаволіў хадайніцтва Ульяны Захаранкі, маці былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, які зьнік 7 траўня 1999 году, аб прызнаньні памерлым яе сына.

Суд палічыў, што аргумэнтаў, якія прадставіў бок Ульяны Захаранкі, недастаткова, каб задаволіць хадайніцтва.

Пасьля выраку актывісты апазыцыі зладзілі пікет насупраць будынку Менгарсуду. На ўдзельнікаў пікету міліцыя склала як мінімум 5 адміністрацыйных пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Былы міністар унутраных спраў Беларусі, адзін зь лідэраў апазыцыі Юры Захаранка быў скрадзены ў Менску невядомымі ў красавіку 1999 году. Што далей стала зь Юрыем Захаранкам, грамадзкасьці невядома.

У траўні 2016 году Ўльяна Рыгораўна Захаранка падала ў суд заяву аб прызнаньні памерлым сына Юрыя Захаранкі, бо ён зьнік пры абставінах, якія даюць падставы меркаваць пра яго сьмерць.

Але суд Кастрычніцкага раёну ня стаў разглядаць па сутнасьці заяву Ўльяны Захаранкі аб прызнаньні памерлым яе сына. Завёўшы грамадзянскую справу па заяве Ўльяны Захаранкі, судзьдзя Вольга Біруля адразу ж далучыла яе да падобнай справы па заяве жонкі Юрыя Вольгі Захаранкі і спыніла вытворчасьць да заканчэньня расьсьледаваньня па крымінальнай справе аб зьнікненьні экс-міністра ўнутраных спраў.

***

У Беларусі за час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ня раз зьнікалі вядомыя палітыкі і грамадзкія дзеячы: у траўні 1999 году былы міністар унутраных спраў, генэрал Юры Захаранка, у верасьні таго ж 99-га — віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету, экс-старшыня ЦВК Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі, у ліпені 2000 году — тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі. Злачынствы дагэтуль не раскрытыя.

Міжнародная супольнасьць, праваабаронцы, апазыцыя сьцьвярджаюць, што ў краіне пад прыкрыцьцём уладаў дзейнічалі «эскадроны сьмерці». Калега і сябар Зьмітра Завадзкага Павал Шарамет правёў некалькі журналісцкіх расьсьледаваньняў пра зьнікненьні ў Беларусі і зьняў дакумэнтальны цыкль «Дзікае паляваньне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG