Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Расеі хочуць прызнаць БНФ і «Малады фронт» экстрэмісцкімі арганізацыямі


Акцыя «Маладога фронту» на адкрыцьці ў Менску графіці «Масква — Менск», 8 чэрвеня 2016 году

Акцыя «Маладога фронту» на адкрыцьці ў Менску графіці «Масква — Менск», 8 чэрвеня 2016 году

Дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Вадзім Салаўёў падрыхтаваў зварот на імя генэральнага пракурора РФ Юрыя Чайкі з прапановай вывучыць дзейнасьць БНФ і арганізацыі «Малады фронт» на прадмет экстрэмізму.

Расейскі дэпутат лічыць, што БНФ і «Малады фронт» «вылучаюцца ярка выяўленай русафобіяй, усхваляюць злачынцаў, зьвязаных з нацысцкім рэжымам пэрыяду Другой сусьветнай вайны». Акрамя таго, некаторыя чальцы гэтых арганізацый ваююць на Данбасе супраць «ДНР» і «ЛНР», піша інтэрнэт-выданьне «Русская планета».

З паведамленьня пры гэтым не зразумела, пра якую з партый БНФ расейскі дэпутат вядзе размову — Партыю БНФ, КХП-БНФ ці абедзьве разам.

Вадзім Салаўёў

Вадзім Салаўёў

«Сёньняшнія ўкраінскія нацыяналісты выйшлі з арганізацый Сцяпана Бандэры. І мы бачым, што сёньняшні парасьнік бандэраўцаў зрабіў са сваёй краінай. Але такія ж прафашысцкія фарміраваньні былі падчас Вялікай Айчыннай і на тэрыторыі Беларусі, і ў іх таксама маюцца нашчадкі. Ім таксама трэба перайменаваць вуліцы, вычысьціць усё расейскае зь Беларусі, пахадзіць з партрэтамі Сцяпана Бандэры па Менску, — кажа Вадзім Салаўёў. — Пры гэтым шматлікія беларускія нацыяналісты ўжо былі заўважаныя ў шэрагах сумнеўных фарміраваньняў, якія вядуць баявыя дзеяньні ў Данбасе. Натуральна, ваююць яны за Кіеў. Таму мы хочам праверыць іх дзейнасьць на экстрэмісцкі складнік, і, калі Генпракуратура палічыць довады пераканаўчымі, гэтая партыя і моладзевая арганізацыя будуць прызнаныя экстрэмісцкімі ў Расеі».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што ініцыятыву расейскага дэпутата нельга недаацэньваць.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Я думаю, што гэта ня спроба палітычнага ціску на БНФ альбо „Малады фронт“. Я перакананы, што гэта спроба палітычнага ціску на ўсю краіну. Гэта падрыхтоўка расейскага інфармацыйнага поля, падрыхтоўка расейскай грамадзкай думкі да таго, што Беларусь не зьяўляецца надзейным саюзьнікам для Расеі, што Беларусь можа ўяўляць небясьпеку і адпаведна, што супраць усёй краіны магчымыя нейкія варожыя дзеяньні. Я думаю, што гэта ўсё нельга недаацэньваць. Я перакананы, што гэта не апошнія дзеяньні з боку палітычнага кіраўніцтва Расеі», — адзначыў Янукевіч у інтэрвію Свабодзе.

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч кажа, што калі БНФ прызнаюць экстрэмісцкай арганізацыяй, можа скласьціся «вельмі дзіўная сытуацыя».

Зьміцер Дашкевіч падчас акцыі «Маладога фронту» на адкрыцьці графіці «Масква — Менск»

Зьміцер Дашкевіч падчас акцыі «Маладога фронту» на адкрыцьці графіці «Масква — Менск»

«У Беларусі, як мы ведаем, зарэгістраваныя дзьве партыі БНФ. Лукашэнка будуе Саюзную дзяржаву, і канешне тады ўзьнікне цікавае пытаньне да Лукашэнкі і беларускіх законаў, калі зарэгістраваная ў Беларусі арганізацыя будзе прызнана экстрэмісцкай у Расеі. „Маладому фронту“ тут прасьцей, бо мы не зарэгістраваныя ў Беларусі, дэ-юре не прызнаныя беларускай дзяржавай, хаця мы шмат разоў праводзілі зьезды з мэтай зарэгістравацца. У прынцыпе мы ўдзячныя гэтаму неадэкватнаму дэпутату за інфармацыйную падтрымку нашай арганізацыі і раскрутку», — кажа палітык.

На думку Дашкевіча, ініцыятыва расейскага дэпутата, як і сытуацыя з арыштам расейскімі праваахоўнікамі Эдуарда Пальчыса, дэманструе стаўленьне Расеі да беларускіх патрыётаў.

«Гэта ўсё сьведчыць пра тое, што патрыётам, тым людзям, якія выступаюць супраць агрэсіі Расеі ва Ўкраіне, супраць расейскага шавінізму, лепш ня езьдзіць у Расейскую Фэдэрацыю ні па якой прычыне, бо можна проста трапіць у палон», — адзначыў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG