Сайт «Новы Калінінград» сабраў фатаграфіі часовага выканаўцы абавязкаў кіраўніка вобласьці Яўгена Зінічава. Чалавек, чыя афіцыйная працоўная біяграфія складаецца з аднаго радка, суправаджаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Гэта вынікае з кадраў, апублікаваных агенцтвам ТАСС.
На першай апублікаванай фатаграфіі Яўген Зінічаў стаіць за сьпінамі Пуціна і Віктара Золатава. Фота зроблена ў 2006 годзе, у той момант Золатаў быў начальнікам Службы бясьпекі прэзыдэнта. У 2016 годзе яго прызначылі кіраваць створанай Нацыянальнай гвардыяй. Кадар зроблены падчас візыту ў Яраслаўль.
Другое фота зроблена ў 2010 годзе падчас паездкі ў Іванава. Зінічаў знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці ад Уладзімера Пуціна.
Трэцяе фота таксама зроблена падчас візыту ў Іванава. Паміж Пуціным і Зінічавам стаяць віцэ-прэм’ер Аляксандр Жукаў і губэрнатар Іванаўскай вобласьці Міхаіл Мень.
Чацьвёртае фота (глядзець загалоўнае фота) таксама зроблена ў Іванаве ў 2010 годзе. Уладзімера Пуціна затуляюць Яўген Зінічаў і яшчэ адзін супрацоўнік ФСА, які пакуль яшчэ не атрымаў месца кіраўніка расейскага рэгіёну.
Яўген Зінічаў з чэрвеня 2015 году, знаходзячыся ў чыне генэрал-маёра, узначальваў ўпраўленьне ФСБ па Калінінградзкай вобласьці. Яго біяграфія, апублікаваная на сайце ўраду рэгіёну, ляканічна пераказвае працоўную біяграфію выхадца з ФСА: «З 1987 па 2015 год cлужыў на розных пасадах у органах дзяржаўнай бясьпекі».
Адначасова з Зінічавам пост часовага выканаўцы абавязкаў губэрнатара атрымаў яшчэ адзін выхадзец з ФСА: Яраслаўскую вобласьць ўзначаліў намесьнік міністра ўнутраных спраў Дзьмітрый Міронаў.
У лютым 2016 году кіраўніком Тульскай вобласьці стаў яшчэ адзін былы ахоўнік Пуціна — Аляксей Дзюмін. Згодна з публікацыямі у «Газете.ру» і «Коммерсанте», у 2007 годзе Дзюмін быў начальнікам аховы прэм’ер-міністра Расеі Віктара Зубкова. Калі пост прэм’ер-міністра заняў Пуцін, Дзюмін пайшоў на павышэньне і стаў асабістым ад’ютантам кіраўніка ўраду. Дзюмін разам з Пуціным гуляў у хакей у «Начной хакейнай Лізе»: стаяў на варотах.
У СМІ апублікавалі зьвесткі пра тое, што Дзюмін нібыта асабіста ратаваў былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча пасьля перамогі Майдану. Новы кіраўнік Тульскай вобласьці назваў гэтую гісторыю «легендай».
У ЦВК абвясьцілі, што выбары ў Калінінградзкай і Яраслаўскай абласьцях, дзе зьмяніліся губэрнатары, адбудуцца больш чым праз год — у адзіны дзень галасаваньня ў верасьні 2017 году.