Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовая Герой Украіны Надзея Саўчанка да новых выпрабаваньняў, але цяпер ужо на радзіме?

Вяртаньне Надзя адзначыла чаркай гарэлкі, — піша кіеўскі карэспандэнт Радыё Свабода Крыстафэр Мілер. — Два гады без алькаголю ў расейскай турме далі аб сабе ведаць — кроў прыліла да шчок. Саўчанка пацягнулася за яшчэ адной порцыяй, але яе спынілі і параілі больш ня піць перад сустрэчай з журналістамі, на якой яна мелася выступаць разам з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Аднак гэтую просьбу Саўчанкі праігнаравала.

«Cхапіўшы бутэльку, я выпіла столькі, колькі хацела», — распавяла мне потым Надзя падчас інтэрвію ў Кіеве. Са стукам паставіўшы бутэльку, яна выйшла папаліць. Саўчанка стаяла ў маленькім калідорчыку ў хвасьце прэзыдэнцкага самалёта і рабіла доўгія глыбокія зацяжкі. Ніхто не адважваўся спыніць яе.

Неўзабаве самалёт прызямліўся ў Барыспалі, міжнародным аэрапорце Кіева. Пасьля сустрэчы зь сям’ёй Саўчанка нацягнула белую футболку з трызубцам, гербам Украіны. Радасны натоўп прывітаў лётчыцу, якая прабыла ў палоне ў Расеі амаль два гады, букетамі кветак. Сярод сустракаючых была і Юлія Цімашэнка, у мінулым прэм’ер-міністр Украіны, цяпер лідэр партыі «Бацькаўшчына», ад якой Саўчанка была абраная ў парлямэнт. Саўчанка праігнаравала букет, працягнуты Цімашэнкай, і яе спробу абняцца: «Мы недастаткова добра знаёмыя».

Пазіраваньне перад камэрамі — не абавязковае для Саўчанкі. Скінуўшы чаравікі, яна пайшла па ўзьлётнай паласе басанож. Гэта не засталося незаўважаным ні журналістамі ў аэрапорце, ні тысячамі гледачоў, якія назіралі за сустрэчай анлайн. У сацыяльных сетках палічылі, што такія дзіўныя паводзіны Саўчанкі — вынік доўгага знаходжаньня ў турме. Першым, што яна сказала, было папярэджаньне: «Адыдзіце... Я не прывыкла да такой колькасьці людзей». Для Саўчанкі ў хадзе басанож не было нічога дзіўнага або нязвыклага. «Я люблю адчуваць бэтон пад нагамі і адчуваць пах разьлітага паліва», — кажа яна.

У аэрапорце Барыспаль, 25 траўня 2016

У аэрапорце Барыспаль, 25 траўня 2016


Упершыню я сустрэўся з Саўчанкай гарачым чэрвеньскім днём праз два тыдні пасьля яе вызваленьня. Прыбыўшы ў кіеўскую студыю «Радыё Свабода», Надзя выбачылася за спазьненьне. Раніцай яна выйшла з кватэры бацькоў, у якой жыла з часу свайго вяртаньня, гатовая да чарговага дня, поўнага сустрэч з чыноўнікамі і журналістамі. Але па шляху яе пастаянна спынялі прыхільнікі, якія прагнуць зрабіць зь ёй сэлфі. «Яны мне кажуць: «Сябры не павераць, [што я сустрэў цябе], калі ня будзе сумеснай фатаграфіі», — распавядае Саўчанка.

На сустрэчу 35-гадовая Саўчанка прыйшла са сваёй сястрой Верай, якая дапамагае ёй даць рады раптоўнаму наплыву папулярнасьці. Дзьве жанчыны абсалютна не падобныя зьнешне. У больш вытанчанай Веры трохі кучаравыя русыя валасы, да сваіх сукенак яна падбірае туфлі на высокіх абцасах. У адрозьненьне ад сястры, у Надзі — кароткая фрызура, прамыя штаны і балеткі на плоскай падэшве.

Час, праведзены ў турме, не прайшоў для Саўчанкі бясьсьледна. У яе хрыплы голас заўзятага курца. З-за галадовак і недаяданьня яна моцна страціла ў вазе: падчас зьняволеньня ў Расеі вага не перавышала 50 кіляграмаў. Цяпер — каля сямідзесяці.

Размаўляючы, Саўчанка шчыльна сьціскае рукі, а яе блакітныя вочы сфакусаваныя на маіх. Я пытаюся яе пра палітыку, вайну і яе будучыню. Адказы на многія пытаньні ў яе ўжо нарыхтаваныя — пасьля вызваленьня яна ўжо дала дзясяткі інтэрвію. Карупцыі павінен быць пакладзены канец. Вайну трэба спыніць. Павінны быць праведзеныя датэрміновыя выбары ў парлямэнт, каб прыўнесьці «сьвежую кроў» ва ўрад, які складаецца з алігархаў і старой гвардыі і не апраўдвае чаканьні ўкраінцаў. «Мір [ва Ўкраіне] можа быць толькі праз вайну, — лічыць Саўчанка. — Перамога не павінна быць абсалютнай, яна можа быць ўзаемавыгаднай. Але мы ня можам здацца без бою»...

Цалкам размову кіеўскага карэспандэнта Радыё Свабода Крыстафэра Мілера з Надзеяй Саўчанкай і яе палітычны партрэт чытайце ТУТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG