Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як растлумачыць супрацоўніцтва Крамля з ультраправымі радыкаламі Эўропы, у тым ліку нэанацысцкага кшталту?

Крэмль, а ўсьлед за ім блізкія да ўлады прапагандысты і палітолягі любяць называць ўкраінскую ўладу, якая ўсталявалася ў гэтай краіне пасьля падзей 2013-2014 гадоў, «фашысцкай». Іх не бянтэжыць, што прэзыдэнт Пётар Парашэнка зусім не падобны на харызматычнага дыктатара, што палітычны рэжым ва Ўкраіне далёкі ад аўтарытарнага (хутчэй ужо, блізкі да шляхецкай дэмакратыі часоў Рэчы Паспалітай), а правыя партыі і рухі нацыяналістычнага кірунку зь цяжкасьцю набіраюць усё разам 7-10 адсоткаў галасоў, разважае расейскі палітоляг Юры Фёдараў.

Напрошваецца пытаньне: ці не праецыруюць крамлёўскія насельнікі на Ўкраіну асаблівасьці расейскай палітычнай сыстэмы? І як растлумачыць супрацоўніцтва Крамля зь вельмі правымі радыкаламі Эўропы, у тым ліку нэанацысцкага толку?

Гэта зьява параўнальна новая. Да пачатку 2014 году расейская ўлада рабіла стаўку на кантакты з буйнымі карпарацыямі і ключавымі фігурамі эўрапейскага палітычнага мэйнстрыму, лічачы такія сувязі найважнейшымі інструмэнтамі свайго ўплыву ў Эўропе. Адносіны ж з радыкаламі ў Крамлі калі і разглядаліся, то як другарадныя. Мабыць, адзіным выключэньнем, годным згадкі, быў францускі Нацыянальны фронт, лідэр якога Марын Ле Пэн яшчэ ў жніўні 2013 году сустракалася зь віцэ-прэм’ерам ураду Дзьмітрыем Рагозіным і іншымі расейскімі кіраўнікамі. Аднак расейскае ўмяшаньне ў сытуацыю ва Ўкраіне зьмяніла сытуацыю. Для рэспэктабэльных дзеячаў, якія клапоцяцца пра сваю рэпутацыю, мець занадта блізкія зносіны з Уладзімерам Пуціным і яго атачэньнем стала непрыстойным.

Юры Фёдараў

Юры Фёдараў

Зразумела, у Пуціна яшчэ засталіся сябры сярод эўрапейскага бамонду, якія не пакутуюць на залішнюю палітычную гідлівасьць. Іх, праўда, няшмат. Напрыклад, некалькі дэпутатаў францускага і Эўрапейскага парлямэнтаў ад партыі рэспубліканцаў, дзеячы накшталт Герхарда Шродэра і Сільвіё Бэрлюсконі, якія выйшлі на пэнсію, сёй-той з кіраўнікоў дзяржаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. У кастрычніку летась Маскву наведаў і былы прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі. Зрэшты, магчыма, тады ён бачыў сваю задачу ня столькі ў тым, каб публічна падтрымаць «сябра Ўладзімера», колькі ў тым, каб намовіць яго «па-добраму» сысьці з Данбасу, адмовіцца ад безагляднай падтрымкі Башара Асада і перастаць пагражаць эўрапейцам ваенным уварваньнем . Калі так, то місія Сарказі посьпехам не ўвянчалася.

Непрыманьне расейскай палітыкі большай часткай заходніх элітаў змушае Маскву шукаць саюзьнікаў сярод эўрапейскіх палітычных маргіналаў як вельмі левай, так і праварадыкальнай, у тым ліку нэанацысцкай арыентацый. Яны асабліва заўзята захапляюцца цяперашняй расейскай уладай. Між тым сярод гэтай публікі ёсьць партыі і постаці больш чым скандальнай рэпутацыі. Так, нарвэскі тэрарыст Андэрс Брэйвік назваў Пуціна «справядлівым і рашучым лідэрам, годным павагі». Габар Вона, лідэр вугорскай нацыяналістычнай партыі «Jobbik», радуе сваіх расейскіх сяброў развагамі пра тое, што «Эўропа адно выконвае ролю слугі — паступае згодна з загадамі ЗША. Ідзе нейкая сакрэтная вайна, у якой Эўропа знаходзіцца ў пройгрышы. Эўразьвяз цалкам падпарадкоўваецца ЗША, нібыта зьяўляецца іх чарговым штатам».

У Маскве, зразумела, робяць выгляд, што не заўважаюць некаторых заяў сваіх вугорскіх саюзьнікаў. Так, нехта Юдыт Шыма, кандыдат ад «Jobbik» на выбарах у Эўрапарлямэнт, абвясьціла, што «антысэмітызм ня толькі наша права, але і абавязак ... мы павінны рыхтавацца да ўзброенай бітвы супраць габрэяў». А член Эўрапейскага парлямэнту Крысьціна Морван, абраная ад той жа партыі, прапанавала «вугорскім габрэям, якія ганарацца сабой, пагуляць са сваімі маленечкімі абрэзанымі пэнісамі замест таго, каб чарніць мяне». Гэтая выдатная дама дагэтуль засядае ў Эўрапарлямэнце і любіць павучаць Фэдэрыку Магерыні, як трэба абараняць правы расейцаў ва Ўкраіне і ў дзяржавах Балтыі.

У сваёй любові да Пуціна прызнаюцца дзеячы Нацыянал-дэмакратычнай партыі Нямеччыны, якая лічыцца — і небеспадстаўна — палітычнай і ідэалягічнай спадчыньніцай гітлераўскай НСДАП. «Пакуль Захад усё больш заблытваецца ў сетках сіянісцкіх чараўнікоў, Пуцін бясстрашна вядзе Расею да новай сілы, свабоды і незалежнасьці. Аб такіх палітычных героях нямецкі народ можа сёньня толькі марыць», — паведамлялася на афіцыйным сайце аддзяленьня гэтай партыі ў зямлі Саксонія-Ангальт.

Сярод сяброў Пуціна лічыцца баўгарская партыя «Атака», якая дамагаецца прызнаньня праваслаўя афіцыйнай рэлігіяй Баўгарыі, выхаду з НАТО і, заадно, выгнаньня з краіны цыганоў і туркаў.

У гэтай жа кампаніі знаходзіцца грэцкая «Залатая зара», якая ўсхваляе Трэці рэйх і рэжым правага дыктатара Яаніса Мэтаксаса.

З партрэтамі Пуціна блукаюць па Рыме члены нэафашысцкага руху «Нацыянальны фронт», заснавальнік якога Адрыяна Тыльгер трапіў у турму за спробу аднаўленьня фашысцкай партыі. Можна пералічыць нямала іншых, у тым ліку зусім карлікавых груп і груповак, якія аб’ядноўваюцца пад нэанацысцкімі лёзунгамі крайніх нацыяналістаў, антысэмітаў, гамафобаў, змагароў з міграцыяй, эўраскептыкаў і іншых маргіналаў, якія ўгледзелі у цяперашняй Расеі свой ідэал грамадзкага ладу. Шмат у чым ідэалягічна гэта тыя ж самыя групы, якія і ў Расеі складаюць ядро прыхільнікаў пуцінскага рэжыму.

Прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін


Аднак маргінальнымі групамі нэафашысцкага кшталту сьпіс эўрапейскіх сяброў Пуціна не вычэрпваецца. Яго папаўняюць францускі «Нацыянальны фронт», Аўстрыйская партыя свабоды, нямецкая «Альтэрнатыва для Нямеччыны», вугорскі «Фідэс» на чале з цяперашнім прэм’ерам Орбанам і іншыя партыі, якія прэтэндуюць на рэспэктабэльнасьць. Іх лідэры наўрад ці маюць якія-небудзь сымпатыі да Пуціна і яго рэжыму, але бачаць у ім карыснага саюзьніка ў рэалізацыі сваіх геапалітычных памкненьняў: паслабленьня сусьветнай ролі ЗША і Эўрапейскага Зьвязу. Гэта натуральная рэакцыя тых груп і слаёў ў Эўропе, у тым ліку ў элітах, якія з цяжкасьцю адаптуюцца да інтэграцыйных працэсаў на эўрапейскім кантынэнце і глябалізацыі ў цэлым, не вытрымліваюць канкурэнцыі з амэрыканскімі карпарацыямі і схільныя балянсаваць паміж дзьвюма ядзернымі дзяржавамі, ЗША і Расеяй.

«Альтэрнатыва для Нямеччыны» праводзіць мітынг супраць нямецкай міграцыйнай паліткі. Восень 2015 году.

«Альтэрнатыва для Нямеччыны» праводзіць мітынг супраць нямецкай міграцыйнай паліткі. Восень 2015 году.


Ідэалягічная блізкасьць з пуцінскай Расеяй падмацоўваецца матэрыяльнай зацікаўленасьцю — супрацоўніцтва з Пуціным часам прыносіць адчувальныя фінансавыя выгады. Так, у 2014 годзе пры пасярэдніцтве члена Эўрапарлямэнту Жан-Люка Шафхаўзэра Нацыянальны фронт атрымаў пазыку ў 9 або 10 мільёнаў эўра ад нядаўна зачыненага Першага расейска-чэскага банку, які належыць расейскім структурам, зьвязаным з Генадзем Цімчанкам. Паведамляецца, што сам Шафхаўзэр атрымаў 140 тысяч даляраў у якасьці ганарару за пасярэдніцтва ў гэтай справе. У атрыманьні фінансавай дапамогі ад Расеі падазраюць партыю «Альтэрнатыва для Нямеччыны». Гэта, зрэшты, могуць быць толькі справы, якія выпадкова сталі вядомымі. Ні Масква, ні яе партнэры зь ліку эўрапейскіх ультраправых ня схільныя паведамляць грамадзкасьці аб далікатных аспэктах свайго супрацоўніцтва.

Крэмль, у сваю чаргу, выкарыстоўвае эўрапейскіх ультраправых для прапагандысцкага забесьпячэньня сваёй зьнешняй палітыкі. Зь iх прадстаўнiкоў фармаваліся, напрыклад, групы міжнародных назіральнікаў, закліканых пацьвердзіць законнасьць крымскага рэфэрэндуму і «выбараў» у раёнах Данбасу, якія знаходзяцца пад кантролем сэпаратыстаў. Лідэры ультраправых пастаянна выступаюць у перадачах Russia Today і іншых падкантрольных уладзе расейскіх СМІ, ствараючы ілюзію падтрымкі Пуціна эўрапейскай грамадзкай думкай і ... атрымліваючы нядрэнныя ганарары. Але галоўная мэта Крамля — аслабленьне НАТО і Эўрапейскага Зьвязу. Для яе дасягненьня Масква спрабуе ператварыць ультраправых у значную палітычную сілу, не шкадуючы ні сіл, ні грошай.

Юры Фёдараў, палітоляг

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG