Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абмяркоўваюць: Уладзімер Глод, Ігар Ільяш, Валер Карбалевіч.


Глод: У чэрвені доля праблемных актываў беларускіх банкаў зноў вырасла: на 1 ліпеня яна дасягнула 13,4%, паведамляе TUT.BY. За месяц прырост склаў адразу 3,9 трыльёна недэнамінаваных рублёў. Верагодна, рэзкае павелічэньне зьвязанае і з тым, што камэрцыйныя банкі адцягвалі пераклад часткі актываў у катэгорыю дрэнных да апошняга, спадзеючыся на паляпшэньне ў эканоміцы. Але не дачакаліся.

Рост праблемных актываў цягнецца ўжо восьмы месяц запар. З пачатку году іх аб’ём вырас ужо ўдвая і дасягнуў 55 з паловай трыльёнаў. Гэта гістарычны максымум для беларускай банкаўскай сыстэмы.

Паводле інфармацыі парталу tut.by, аналітык маскоўскага офісу рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings Вольга Ігнацьева сьцьвярджае, што на пагаршэньне якасьці актываў беларускіх банкаў уплывае ў першую чаргу эканамічная сытуацыя ў краіне. Паводле назіраньняў спадарыні Ігнацьевай, «банкаўскія крэдыты, выдадзеныя ў тым ліку і на льготных умовах, праходзяць сёньня праверку часам. Вялікая закрэдытаванасьць пазычальнікаў, якая працягваецца, а таксама дэвальвацыя, нэгатыўна ўплываюць на здольнасьць беларускіх прадпрыемстваў своечасова выконваць абавязацельствы перад банкамі. Прычым, і на гэтым я хачу засяродзіць вашую ўвагу, калегі, працэс закрануў крэдыты, якія выдаваліся розным сэктарам эканомікі. Значыць, справы ідуць дрэнна ня толькі ў пары-тройцы галін, асабліва ў сельскай гаспадарцы, але амаль ва ўсёй эканоміцы.

Працэс закрануў крэдыты, якія выдаваліся розным сэктарам эканомікі. Значыць, справы ідуць дрэнна ня толькі ў пары-тройцы галін, асабліва ў сельскай гаспадарцы, але амаль ва ўсёй эканоміцы.

Fitch Ratings чакае, што доля праблемных актываў беларускіх банкаў будзе паступова падрастаць. Аналітыкі лічаць, што нават у лепшым варыянце — калі ў другім паўгодзьдзі беларуская эканоміка пачне пакрыху аднаўляцца, якасьць крэдытнага партфэля можа яшчэ некаторы час пагаршацца пад уплывам папярэдніх стрэсаў.

Беларускі Нацбанк таксама ня бачыць хуткага вырашэньня праблемы дрэнных актываў. Праўда, кіраўніцтва галоўнага банку краіны традыцыйна сьцьвярджае, што сытуацыя знаходзіцца пад кантролем. А ўрад праводзіць работу па рэарганізацыі і санацыі прадпрыемстваў, якія маюць вялікія пазыкі. Як крайняя мера разглядаецца нават банкруцтва — казаў кіраўнік Нацбанку Павал Калаўр на прэсавай канфэрэнцыі напачатку траўня.

Учора Нацбанк на пашыраным пасяджэньні праўленьня спэцыяльна абмяркоўваў праблему дрэнных актываў. Фінансісты назвалі даўно і добра ўсім вядомыя прычыны гэтай зьявы. Гэта — пагаршэньне дзейнасьці значнай колькасьці прадпрыемстваў і арганізацый, перш за ўсё, дзяржаўных, далярызацыя эканомікі, высокая крэдытная рызыка ў банкаўскім сэктары, а таксама высокі ўзровень фіскальных рызыкаў.

Ну, і як можна было прагназаваць, удзельнікі пасяджэньня канстатавалі, што вырашаць названыя праблемы неабходна сыстэмна сумеснымі намаганьнямі ўраду, Нацбанку, банкаў, мясцовых органаў кіраваньня, прадпрыемстваў рэальнага сэктару эканомікі. Гэта, зразумела, агульныя словы, якія лёгка можна ўпісаць амаль у амаль любы дакумэнт. Але ці хопіць толькі вызначэньня праблемы, каб яе вырашыць?

Карбалевіч: То бок, гаворка ідзе пра тое, што суб’екты гаспадараньня ўзялі ў банку крэдыты і ня могуць вярнуць іх у патрэбны тэрмін. Прычым, рост працягваецца кожны месяц. Нацбанк прагназуе рост і ў далейшым, канстатуе, што хуткага рашэньня гэтай праблемы няма, хоць і завярае, што сытуацыя пад кантролем.

Пытаньне праблемных банкаўскіх актываў стала прадметам перамоваў паміж беларускімі ўладамі і МВФ. Паміж імі існуюць рознагалосьсі, што з гэтым рабіць, якое шукаць выйсьце.

Дзеля вырашэньня праблемы «таксычных» актываў быў створаны ў свой час Банк разьвіцьця. Але ён хутка ператварыўся ў звычайны банк, які фінансуе дзяржпраграмы. Прычым з дапамогай гэтага банку ўрад хаваў свае выдаткі на падтрымку дзяржсэктару. То бок, у беларускіх умовах, як у тым анэкдоце, што ні стварай, усё роўна атрымліваецца аўтамат Калашнікава.

Сытуацыя ў фінансавым сэктары сьведчыць пра тое, што эканамічны крызіс, хутчэй за ўсё, яшчэ не дасягнуў дна і эканоміка працягвае падаць.

У Беларусі вядучыя банкі — дзяржаўныя. Таму ў крызіснай сытуацыі ўрад дапаможа банкам, ня дасьць ім трапіць у крытычную сытуацыю. Але ўсё роўна праблема нарастае.

Акрамя таго, у працэсе ліквідацыі знаходзяцца чатыры банкі. Таксама зьніжаецца занятасьць у фінансавым сэктары, у банках і страхавых кампаніях.

Дарэчы, цана на нафту ўпала, што пацягне за сабой таксама падзеньне абменнага курсу беларускага рубля,

Статыстыка сьведчыць, што замежныя інвэстары ня хочуць пашыраць сваю дзейнасьць у Беларусі, бо дзелавая актыўнасьць тут падае, і вывозяць грошы за мяжу.

Сытуацыя ў фінансавым сэктары сьведчыць пра тое, што эканамічны крызіс, хутчэй за ўсё, яшчэ не дасягнуў дна і эканоміка працягвае падаць.

Дарэчы, на пашыраным паседжаньні Нацбанку ўскосна прызнаецца, што вырашэньне праблемы палягае ў рэчышчы рэформаў у эканоміцы. Зноў і зноў Нацбанк дзяўбе гэтую тэму, хоць разумее, што Лукашэнку гэтая ідэя не падабаецца. Можа спадзяецца, што колькасьць такіх узгадваньняў нарэшце пяройдзе ў якасьць і неяк паўплывае на кіраўніка дзяржавы.

Ільяш: Гэтая праблема ня новая і ня дзіўная. Вядома, што ў дзяржсэктары эканомікі, прычым у разных галінах, у нас шмат стратных прадпрыемстваў, яны штучна падтрымліваюцца праз крэдыты, якія яны проста ня здольны аддаць. Але трэба разумець, што рост праблемных актываў банкаў — гэта ня нейкая спэцыялізаваная фінансавая праблема, а вынік толькі адной глябальнай зьявы — неэфэктыўнасьці беларускай эканомікі як такой.

Неэфэктыўнасьць беларускай эканомікі пагражае і фінансавай сыстэме, і палітычнай, і дзяржаўнасьці Беларусі ў прынцыпе.

Нарэшце менавіта неэфэктыўнасьць беларускай эканомікі пагражае і фінансавай сыстэме, і палітычнай, і, насамрэч, дзяржаўнасьці Беларусі ў прынцыпе (пра пагрозу дзяржаўнасьці з боку эканомікі неаднаразова казаў у апошнія гады сам Аляксандр Лукашэнка). Выйсьці з тупіку неэфэктыўнасьці экспэрты прапануюць праз рэалізацыю вялікай праграмы рынкавых, лібэральных рэформаў. Але, як мы ведаем, Лукашэнка неаднойчы казаў катэгарычнае «не» ня толькі грамадзтву, але і прыхільнікам рэформаў ва ўрадзе.

Калі задацца пытаньнем, ці прывядзе цяперашні рост праблемных актываў банкаў да фінансавай катастрофы ў Беларусі, то я думаю, што, прынамсі, у бліжэйшай будучыні гэтага не адбудзецца. Але я думаю, што ўлады яшчэ пакуль здольныя ўтрымліваць беларускую эканоміку на краі бездані. Між тым, што таксама відавочна для мяне, яны ня здольныя і прынцыпова вырашыць яе праблемы. Ужо казалася пра тое, што ўрад прызнае: хуткага вырашэньня пытаньня праблемных актываў няма. Але мне здаецца, што ў рамках цяперашняй палітычнай і эканамічнай сыстэмы вырашыць гэтае пытаньне немагчыма ў прынцыпе. Гэта значыць што расплачвацца, напрыклад, за цяперашні рост праблемных актываў прыйдзецца, але, відаць, усё ж пазьней.

XS
SM
MD
LG