Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 1 жніўня: гадавіна Варшаўскага паўстаньня


Маладыя ўдзельнікі Варшаўскага паўстаньня, жнівень 1944

Маладыя ўдзельнікі Варшаўскага паўстаньня, жнівень 1944

Бліц-агляд падзеяў і датаў гэтага дня.

АФІША

У Менскім гарадзкім судзе (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1) будзе разглядацца касацыйная скарга 92-гадовай маці генэрала Юрыя Захаранкі, былога міністра ўнутраных спраў Беларусі, выкрадзенага ў 1999 годзе, аб прызнаньні яго памерлым. Пачатак у 10:00.

Завяршаецца працэс вылучэньня кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на сёлетніх парлямэнцкіх выбарах.

Дзень у гісторыі:

1514 — Армія Маскоўскай дзяржавы пасьля трэцяй аблогі ўзяла Смаленск.

1812 — Напалеон Банапарт аддаў загад аб стварэньні войска Вялікага Княства Літоўскага.

1914 — Кайзэраўская Нямеччына абвясьціла вайну Расеі.

1920 — Чырвоная Армія заняла Берасьце.

1944 — У Польшчы пачалося Варшаўскае паўстаньне. Меркавалася, што баі будуць працягвацца некалькі дзён да прыходу Чырвонай Арміі. Дзеля перамоваў са Сталіным у Маскву прыбыў прэм’ер польскага ўраду ў выгнаньні Станіслаў Мікалайчык. Але Сталін ўзамен на савецкую дапамогу варшаўскім паўстанцам прапанаваў Станіславу Мікалайчыку зьліць яго ўрад з савецкім марыянэтачным урадам — Польскім камітэтам нацыянальнага вызваленьня — створаным у занятым Чырвонай Арміяй Любліне 20 ліпеня 1944. Пасьля таго, як Мікалайчык адмовіўся падпарадкавацца ПКНВ, Сталін аддаў загад аб спыненьні наступальных дзеяньняў у раёне Варшавы. 2 кастрычніка паўстанцы капітулявалі. 17 студзеня 1945, амаль праз паўгода пасьля пачатку Варшаўскага паўстаньня, Чырвоная Армія ўвайшла ў пусты і зьнішчаны горад на левым беразе Віслы.


2001 — Азэрбайджан перайшоў з кірыліцы на лацінскі альфабэт, каб зьменшыць расейскі ўплыў на азэрбайджанскую культуру.

У гэты дзень нарадзіліся:

1520 — Жыгімонт ІІ Аўгуст, вялікі князь літоўскі і кароль польскі (1548-1572).

1912 — Янка Ролсан (сапр. прозьвішча Гадзіцкі), дзяяч эміграцыі ў Аўстраліі.

У гэты дзень памерлі:

1861 — Ігнат Ходзька, пісьменьнік, мэмуарыст.

1994 — Восіп Блізьнюк, удзельнік антысавецкага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні, вязень савецкіх канцлягераў. Пахаваны ў Смаргоні.

Цытата на памяць:

Я ў начной адчуваю стыні,
як мацней сьціскаецца кола...
А мяне ж разьбавалі плыні,
зыбка хмар люляла над долам.

Гэта мне нястрымныя воды
на сваіх лянжэронах несьлі
бузіну; навальнічны подых
быў усьмешкай мне з паднябесься.

Страшны сьвіст чую вечна побач —
кола востра пад горла коле...
Як і ўсім, зямля не пустэльняй
мне была, а ўрадлівым полем.

Пакідаючы дымны водар,
маладосьць раставала шлейфам —
лютым сынам свайго народа
я на краі сьмерці сталею.

Як нажом, яшчэ да зьмярканьня
мне сьвятло перарэжа колам —
і разьбу я прасплю сьляпую,
карабін падклаўшы пад голаў.

Папалам вастрыём расьцяты,
у крыклівым падзеяў гудзе
кіну я галаву — гранатай,
час расьцісьне мне лапай грудзі,

бо жыцьцё напаўняла страхам,
а адвагаю — блізкасьць згубы;
лёс твой — сьмерць, калі веліч справаў
неразумнай любоўю любіш.

«Галавою на карабіне», Кшыштаф Каміль Бачыньскі, які загінуў у часе Варшаўскага паўстаньня. Пераклад Кацярыны Маціеўскай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG