Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гілары Клінтан: Мы вырашым праблемы Амэрыкі разам


Гілары Клінтан
Гілары Клінтан

Гілары Клінтан выступіла 28 ліпеня ўвечары з заключнай прамовай на зьезьдзе Дэмакратычнай партыі, фармальна прыняўшы партыйную намінацыю ў прэзыдэнты Злучаных Штатаў.

У сваёй прамове яна прапанавала сябе краіне ў ролі лідэра, які аб’ядноўвае ды валодае досьведам і якасьцямі, неабходнымі для кіраваньня краінай.

Клінтан рашуча супрацьпаставіла сябе кандыдату Рэспубліканскай партыі Доналду Трампу, які, паводле яе, не гатовы быць кіраўніком дзяржавы, бо «губляе вытрымку ў выніку найменшай правакацыі».

«Ня верце, калі ён кажа, што ў адзіночку можа вырашыць праблемы. Амэрыканцы ня кажуць, што я магу ў адзіночку вырашыць праблемы. Мы кажам: мы вырашым іх разам,» — сказала першая ў гісторыі ЗША жанчына-кандыдат у прэзыдэнты ад вядучай партыі.

Зьезд прадэманстраваў адзінства Дэмакратычнай партыі. Трывогі адносна таго, што прыхільнікі Бэрні Сандэрса, суперніка Клінтан па намінацыі, могуць выступіць супраць яе кандыдатуры, не матэрыялізаваліся. Аднак перад Гілары Клінтан стаіць складаная задача: пераканаць скептычна настроеных выбаршчыкаў, расчараваных нізкім узроўнем эканамічнага росту ў гады прэзыдэнцтва Барака Абамы і занепакоеных пагрозай тэрарызму, у тым, што працяг курсу апошніх васьмі гадоў прынясе лепшыя вынікі, чым ажыцьцяўленьне ідэй Доналда Трампа, які сьцьвярджае, што краіна знаходзіцца ў крызысе.

Закранаючы зьнешнепалітычныя тэмы, Гілары Клінтан адзначыла, што амэрыканцаў чакае сур’ёзны выбар у сфэры нацыянальнай бясьпекі, з улікам тых «пагрозаў і турбулентнасьці», якія можна назіраць ад Багдаду і Кабулу да Ніцы, Парыжу і Брусэлю.

«Я ганаруся тым, што мы заключылі іранскую зьдзелку без адзінага стрэлу — падкрэсьліла Клінтан, маючы на ўвазе міжнароднае пагадненьне па іранскай ядзернай праграме. — Цяпер неабходна выконваць яе ўмовы і працягваць падтрымліваць бясьпеку Ізраілю».

Клінтан таксама заявіла, што яна ганарыцца магчымасьцю «стаяць плячо да пляча з нашымі саюзьнікамі ў НАТО перад тварам любых пагроз, уключаючы пагрозу з боку Расеі».

«Кожнае пакаленьне амэрыканцаў аб’ядноўвалася, каб зрабіць нашу краіну свабаднейшай, больш справядлівы і мацнейшай. Ніхто з нас ня зможа гэта зрабіць у адзіночку — адзначыла Клінтан. — Сьвет глядзіць на нас. Так, лёс Амэрыкі — у нашых руках. Давайце будзем мацнейшыя разам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG