Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятар акцыі таксістаў: Некаторыя калегі вырашылі падмануць сябе заўтра, выехаўшы на працу сёньня


Прафсаюз кіроўцаў таксі «Цэнтар» заклікаў сабатаваць працу 29 ліпеня і сысьці на суткі ў адпачынак. Прычынай — дыктат дыспэтчарскіх службаў, якія навязваюць нерэнтабэльныя тарыфы, ставячы таксістаў на мяжу выжываньня.

Напярэдадні старшыня прафсаюзу Аляксандар Стахоўскі адзначыў, што ўсе рычагі ўзьдзеяньня вычарпаныя і заклікаў калегаў масава і салідарна спыніць прымаць заказы ад 07.00 раніцы 29 ліпеня да такога ж часу наступнага дня. Свабода пацікавілася ў спадара Стахоўскага, ці падтрымалі калегі ягоны заклік:

«Калегі падтрымалі, але ня ў поўным складзе, — прызнаецца суразмоўца. — Ёсьць людзі, якія ўсё ж вырашылі падмануць самі сябе заўтра, сёньня выехаўшы на лінію і беручы заказы ад дыспэтчарскіх службаў. Таму ў некаторых службах машынаў няма, некаторыя штрэйкбрэхераў знаходзяць. Але ў любым выпадку для прафсаюзу, якому ўсяго 2,5 месяцы, гэта добры вынік, адпаведна, падобныя акцыі будуць мець сваё разьвіцьцё. Як вы ведаеце, „выходны“ дзейнічае суткі і сытуацыя на першыя гадзіны — гэта яшчэ не паказьнік».

Кіраўніцтва прафсаюзу «Цэнтар» яшчэ раней агучвала: калі дыспэтчарскія службы не прыслухаюцца да іх патрабаваньняў, маўклівая акцыя можа завершыцца больш радыкальным крокам — паўнавартасным страйкам:

«Паціху ўсё да гэтага ідзе. Але справа ў тым, што ўсё залежыць ад колькасьці людзей, якія рэальна разумеюць такую неабходнасьць. За першыя два месяцы працы нашага прафсаюзу яго сябрамі сталі крыху больш за 100 чалавек, але паступова шэрагі пашыраюцца, увесь час дадаюцца новыя таксісты. Таму як набяром дастатковую колькасьць народу, тады можна будзе разглядаць такі варыянт. Бо сёньня таксі ў вельмі складанай сытуацыі. Той парадак, які зараз нібыта існуе ў галіне, насамрэч гэта псэўдапарадак. Апроч таго, будзем далучаць рэгіёны: з Берасьця ўжо хлопцы тэлефанавалі, падтрымліваюць нас, думаюць, як нешта падобнае арганізаваць у сябе, гарадзенскія таксісты з намі салідарныя. Павольна, але ўпэўнена будзем рухацца да мэты».

Выступаючы ад імя сталічных таксістаў, Аляксандар Стахоўскі адзначае: цяперашнія тарыфы на пасажырскія перавозкі фактычна «забіваюць бізнэс». Бальшыня службаў салідарна вызначыла адзіны кошт — 55 дэнамінаваных капеек за кілямэтар. Аднак, на перакананьне прыхільнікаў Стахоўскага, у цяперашніх умовах рэнтабэльны тарыф мусіць быць у паўтары разы большым — сама менш 75 капеек. Але дыспэтчарскія службы навязваюць «ураўнілаўку», адмаўляючыся браць на ўвагу бядотнае становішча шараговых кіроўцаў.

У першай палове дня 29 ліпеня праблемаў з выклікам таксі не было: усе службы забясьпечвалі замовы кліентаў у поўным аб’ёме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG