Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Былі б рады, каб у Полацку нешта знайшлося». Ісьляндзкі пісьменьнік распавядае пра Торвальда Вандроўніка


Мэмарыяльная шыльда Торвальду Вандроўніку ў Ісьляндыі. Фота адсюль: http://graskeggur.com/blog/118/living-on-top-of-history

Мэмарыяльная шыльда Торвальду Вандроўніку ў Ісьляндыі. Фота адсюль: http://graskeggur.com/blog/118/living-on-top-of-history

У 1994 годзе ў Ісьляндыі выйшлі кніга «Торвальд Вандроўнік». Пісьменьнік Аўтні Бэргман па-мастацку апрацаваў біяграфію ісьляндзкага місіянэра. Што, акрамя сагаў, засталося ад Торвальда ў Ісьляндыі і чаму некаторыя лічаць яго мітычнай асобай, Бэргман распавёў у інтэрвію Свабодзе.

Аўтні Бэргману (Árni Bergmann) 80 год. Ён жыве ў Рэйк’явіку. Вучыўся ў Маскве, працаваў у ісьляндзкай левай газэце «Народная воля», быў яе рэдактарам. Да 2010 году выкладаў расейскую мову і літаратуру ва ўнівэрсытэце Рэйк’явіка. Аўтар чатырох раманаў. Самы вядомы — «Торвальд Вандроўнік» — выйшаў у 1994 годзе.

Аўтні Бэргман

Аўтні Бэргман

— Аўтні, скажыце, які статус у Торвальда Кодрансана ў Ісьляндыі? Ці лічыцца ён у вас сьвятым?

— Гэта даволі вядомая асоба. Прынята лічыць, што ён быў першым місіянэрам у Ісьляндыі. У школьныя падручнікі ён увайшоў менавіта як чалавек, які першым спрабаваў хрысьціць ісьляндцаў.

Торвальд цікавы тым, што спрабаваў хрысьціянізаваць Ісьляндыю з уласнай ініцыятывы. У той час хрысьціяне ўжо былі ў нас, але гэта былі місіянэры, якіх пасылаў нарвэскі кароль. А Торвальд прапаведаваў па сваёй волі. Таму ён для нас значыць больш, чым іншыя місіянэры.

Але цэркваў у ягоны гонар у нас няма. Ён таксама ня лічыцца сьвятым. Ёсьць толькі адна мэмарыяльная шыльда, дзе выяўлены Торвальд і ягоны сябра біскуп Фрэдэрык з Саксоніі.

У 1981 годзе гэтую шыльду ўсталявалі недалёка ад хутара, дзе нарадзіўся Торвальд — на поўначы Ісьляндыі. Але гэта аматарскі помнік. Ягоныя землякі, відаць, вырашылі зэканоміць на ім.

Мэмарыяльная шыльда Торвальду Вандроўніку ў Ісьляндыі, фота з сайту http://graskeggur.com/blog/118/living-on-top-of-history

Мэмарыяльная шыльда Торвальду Вандроўніку ў Ісьляндыі, фота з сайту http://graskeggur.com/blog/118/living-on-top-of-history

— І гэта ўсё, што вядома пра яго?

— Ён фігуруе ў дзьвюх ісьляндзкіх сагах. Сага аб прыняцьці хрысьціянства. І яшчэ адна сага, якую напісаў манах зь ягонай радзімы.

У сагах вельмі моцныя элемэнты «Жыцьцяў сьвятых». Торвальд, напісана там, з самага дзяцінства праяўляў характар добрага хрысьціяніна задоўга да таго, як пазнаёміўся з хрысьціянствам.

Пытаньне, наколькі верыць гэтым сагам. Шмат вякоў у нас лічылі, што амаль усё напісанае ў іх — чыстая праўда. Але навукоўцы і нават аматары гісторыі не маглі не заўважыць супярэчнасьцяў паміж рознымі сагамі.

​Сагі апавядаюць пра падзеі X і пачатку XI стагодзьдзяў. Але запісаныя яны ў XIII і XIV стагодзьдзях. За такі час шмат чаго магло зьмяніцца ў вусных пераказах.

І вось апошнія сто гадоў навукоўцы разыходзяцца ў думках наконт праўдзівасьці сагаў. Ад крайняга скептыцызму — да меркаваньняў, што ў сагах вялікая доля гістарычнай праўды.

Я ведаю навукоўца, які лічыць, што Торвальда ўвогуле не было. Што яго выдумалі ў кляштары на ягонай радзіме, таму што ім быў патрэбны свой мясцовы сьвяты.

Іншыя лічаць, што ў асноўных рысах сагам пра Торвальда можна верыць. Асабліва той частцы, дзе распавядаецца пра ягоную дзейнасьць у Ісьляндыі.

— А што наконт ягонага падарожжа ў Полацак?

— На гэты конт навукоўцы губляюцца ў здагадках. Пра ягоныя подзьвігі на Русі распавядае надзіва кароткі разьдзел сагі, у пару старонак.

Тут дзейнічае так званы «закон адлегласьці». У нас кажуць, што на вялікай адлегласьці і горы блакітныя, і людзі вялікія. Калі сагі распавядаюць пра ягонае жыцьцё ў Ісьляндыі, то там распавядаецца пра побытавыя праблемы, зямельныя канфлікты.

Відэа АНТ пра пошукі Торвальда Вандроўніка ў Беларусі:

Калі ж герой зьяжджае ў Нарвэгію, ён адразу становіцца амбасадарам пры двары нарвэскіх каралёў.

А на Русі, на іншым канцы сьвету, яго ўжо прадстаўляюць упаўнаважаным бізантыйскага імпэратара. Там ён ужо начальнік над рускай царквой — сапраўдны сьвяты.

Мы, вядома, маленькі народ, нешматлікія астраўляне, але заўжды былі гатовыя верыць у тое, што нашы хлопцы годна паказваюць сябе за мяжой. І ў сярэднявечных кляштарах, і на чэмпіянаце Эўропы.

— Ці магчыма сёньня знайсьці яшчэ якія-небудзь сьляды Торвальда?

— Нейкіх рэчыўных доказаў знайсьці ўжо немагчыма. Усе літаратурныя помнікі Ісьляндыі вядомыя. А старых пабудоў у нас не захавалася. Раней людзі будавалі дамы з каменю і торфу, яны былі нетрывалыя. Раз на два пакаленьні тыя дамы трэба было перабудоўваць.

Можна знайсьці некаторыя рэшткі старых каталіцкіх кляштараў, але рэчаў таго часу вельмі мала захавалася.

Аўтні Бэргман

Аўтні Бэргман

Што застаецца — гэта шукаць нейкія крыніцы ў Ірляндыі, Нарвэгіі, і супастаўляць іх зь вядомымі ісьляндзкімі сагамі. Спрабаваць па-іншаму патлумачыць гэтыя сагі. Ну, і раскопкі праводзіць. Але, думаю, варта зьмірыцца, што нічога ўжо ня дасьць нам адназначнага адказу на загадку Торвальда.

— А ці ў вас разьлічваюць на тое, што нейкія адкрыцьці могуць быць у Беларусі?

— Большасьць ісьляндцаў спадзяюцца, што ў вас знойдуцца нейкія пацьверджаньні таго, што Торвальд падарожнічаў за мяжой.

Памятаю, я калісьці атрымаў ліст ад чалавека з Кіева, які сьцьвярджаў, што на пачатку XVII стагодзьдзя Торвальда прызналі сьвятым. Я яму адказаў, што калі ён прадставіць нейкія дакумэнты, то стане нацыянальным героем Ісьляндыі. Але адказу не прыйшло.

Таму магу запэўніць вас, што мы былі б вельмі рады, калі б нешта зьвязанае з Торвальдам знайшлі ў Полацку ці каля Полацку.

— А чаму вы ўвогуле гэтай тэмай зацікавіліся?

— Мой раман — не пра чалавека ўлады, які гатовы перайсьці ў новую веру з дыпляматычных прычын. Гэты чалавек вельмі сур’ёзна ставіцца да сваёй новай веры. І я знайшоў некаторыя падабенствы паміж ім і мной.

У 1960-я гады, калі я быў студэнтам, я паехаў вучыцца ў СССР. Я меў некаторыя левыя ідэі. Як для Торвальда тысячу год таму хрысьціянства стала новай рэлігіяй, так і ў мой час зьявілася новая праўда пра чалавека і грамадзтва.

Да 2003 году Бэргман выкладаў расейскую мову і літаратуру ва ўнівэрсытэце Рэйк’явіка

Да 2003 году Бэргман выкладаў расейскую мову і літаратуру ва ўнівэрсытэце Рэйк’явіка

Калі я прыехаў у СССР, я лічыў сябе вельмі левым. Але мае калегі-студэнты адразу зразумелі, што гэта ня так. Яны казалі, што я не зусім чырвоны, а нейкі ружовы. Больш сацыял-дэмакрат, чым камуніст. Цяпер я лічу сябе ня тое што левым, але незалежным.

Доўгі час я працаваў журналістам у ісьляндзкай левай газэце. Яна называлася «Народная воля». Потым я стаў літаратурным крытыкам, і нарэшце — галоўным рэдактарам.

Бэргман напісаў чатыры раманы і яшчэ пару дзясяткаў іншых мастацкіх твораў

Бэргман напісаў чатыры раманы і яшчэ пару дзясяткаў іншых мастацкіх твораў

Пасьля я выкладаў ва ўнівэрсытэце расейскую мову, гісторыю і культуру. У мяне былі курсы літаратуразнаўства. Я займаўся перакладамі з расейскай мовы на ісьляндзкую. Напісаў некалькі раманаў і дзіцячых кніг.

Самая вядомая мая кніга — пра Торвальда Вандроўніка.

У вас, я бачу, асаблівы інтарэс да ягонай асобы. Таму я нават раіў выдаўцу, каб мой раман на расейскай мове ён стараўся прадаваць менавіта ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG