Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны спорт: хакей супраць ручнога мяча


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

На Алімпіяду ў Рыё паляцела жаночая баскетбольная зборная. Адзіны прадстаўнік Беларусі ў камандных відах. Бонус дзяўчатам за адданасьць сваёй справе.

Бывае так, што таленавітае пакаленьне знаходзіць свайго трэнэра й выкарыстоўвае шанец. Але што далей, калі сыдзе гэтая генэрацыя?

Алімпіяда ў Рыё для баскетбалістак, відаць, апошні топ-турнір. Бо пэрспэктыўная зьмена гэтую каманду не падпірае, бо няма ні талковага нацыянальнага чэмпіянату, ні зацікаўленасьці ў тым, каб такі чэмпіянат існаваў. Баскетбол, да жалю, не нацыянальны від спорту ў Беларусі.

А які камандны від мог бы стаць нацыянальным, задаю я сабе пытаньне. Такім скажам, як баскетбол у Літве, хакей у Чэхіі ці Расеі, футбол у Англіі. Што для гэтага трэба: народная любоў, сыстэмны падыход у разьвіцьці й высокія дасягненьні? Усё гэта было ў беларускага гандболу напрыканцы 1980-х.

Менскі СКА, а па сутнасьці зборная Беларусі, на чале са Спартаком Мірановічам, меў на сваім рахунку неаднаразовыя перамогі ў чэмпіянатах СССР, Кубку Чэмпіёнаў, Кубку Кубкаў і Кубку ЭГФ. Гандбол на нейкі час стаў беларускім фэномэнам, па якім Беларусь пазнавалі далёка за межамі. Былі свае зоркі міжнароднага ўзроўню – Каршакевіч, Шаўцоў, Тучкін, Якімовіч… Трыбуны ламіліся ад заўзятараў. Квіток на матчы дастаць было сапраўднай праблемай.

Гандбол, як від, быў уведзены ў школьную праграму, што дазваляла выяўляць таленавітых гульцоў на раньняй стадыі, але не як цяпер – паводле астаткавага прынцыпу. У немалой ступені гэты від спорту сілкаваўся і разьвіваўся ў правінцыі, таму што быў недарагі й не патрабаваў дадатковых рэсурсаў.

Здавалася, вось яны, складнікі, зь якіх паўстане сыстэма, якая дазваляла б мець свой нацыянальны від спорту.

Але ня здарылася. С распадам СССР распалася й савецкая сыстэма разьвіцьця. Адказаць на новыя выклікі беларускія спартовыя чыноўнікі таго часу ня здолелі.

Ясна, што было цяжка, не было грошай, але ў краіне заставаўся рухавік і сымбаль галоўных гандбольных посьпехаў – Спартак Мірановіч.

Часам здавалася, што калі б ён па прыкладу ўкраінскага футбольнага мэтра Ўладзімера Лабаноўскага зьехаў часова працаваць за мяжу, было б лепш. Бывае, што зьмяніць дэкарацыі – да лепшага. Нашае чынавенства зладжана так, што праца за мяжой разглядаецца ім, як падвышэньне статусу трэнэра, а патрыятычныя матывы й ахвярная работа ўнутры краіны ўспрымаюцца як само сабой зразумелае.

Так прыйшла ў заняпад гандбольная галіна і было згублена некалькі пакаленьняў гандбалістаў.

Не атрымаў гандбол дывідэндаў і пасьля таго, як у краіне ўсталявалася фінансавая сытуацыя і ў спартовую галіну хлынулі нафтагрошы. На вяршыні ўлады вырашылі, што спортам №1 мае быць хакей. Адпаведна на разьвіцьцё менавіта гэтага віду былі кінутыя асноўныя рэсурсы. Такая ўвага да хакея існуе й дагэтуль.

Нельга казаць, што ў гандбольнай гаспадарцы нічога не рабілася. Гандбол, дзякуючы братам Мяшковым і грошам «Газпраму», стала прапісаўся ў Берасьці, але да ранейшае планкі менскага СКА не дацягваў і не дацягвае, ня гледзячы на амбітныя пляны й гучныя заявы.

Раптам невядома адкуль паўстала гандбольнае менскае «Дынама». Клюб з чыстага ліста.

Здаецца, чаму б шалёнае фінансаваньне, якое абрынулася на «Дынама», ня даць менскаму СКА на чале зь Мірановічам? Брэнд, які ня трэба было рэклямаваць і прасоўваць у Эўропе.

Але ж – не. «Дынама», відаць, быў праект іншага пляну й мэтаў. І арганізатары гэтага праекту, пэўна, вырашылі, што Спартак Мірановіч ніяк ня ўпісваецца ў схему вялікіх грошай. Бо для яго на першым месцы заўжды быў гандбол, але ня грошы.

Праект-«Дынама» праіснаваў некалькі гадоў, з 2008 па 2013, выканаў свае задачы й быў ціха задушаны, паводле афіцыйнай вэрсіі, спынілася фінансаваньне. Ніхто па ім, што праўда, надта ня плакаў.

Што сёньня?

Менскі СКА Спартака Мірановіча падрыхтаваў пэрспэктыўную зьмену для нацыянальнай каманды.

Нацыянальная каманда, перадусім намаганьнямі Нацыянальнай Фэдэрацыі, галоўнага трэнэра Юрыя Шаўцова й вернутага на радзіму Сяргея Рутэнкі, адчайна змагаецца за месца пад міжнародным сонцам. Яна – сталы ўдзельнік гандбольных топ-форумаў, але не стае галоўнага складніка, які неабходны ў нашых шыротах.

Каб від спорту рэалізаваўся ў якасьці нацыянальнага, апроч адданых яму спэцыялістаў і народнай любові, трэба і ўладная ўвага. Толькі вось Лукашэнка гуляе ў хакей, а не ў гандбол.

Ён гуляе ў хакей, бо трэба адпавядаць спартовым густам вялікага ўсходняга суседа, дзе праз хакей вырашаюцца пытаньні эканамічнай і палітычнай падтрымкі ўлады.

Гандбол у гэтым сэнсе хакею не канкурэнт. Тут хаваецца адказ, чаму наш гандбол сёлета не ў Рыё.

Магчыма, замацярэе таленавітая моладзь і гандбольная зборная здолее таксама, як нашыя баскетбалісткі, адабрацца на наступную Алімпіяду, але стаць нацыянальным відам спорту гандболу будзе цяжка.

І апошняе. Спартака Мірановіча, нязьменнага стырнавога менскага СКА, надоечы перавялі з пасады галоўнага трэнэра СКА на пасаду трэнэра па навукова-мэтадычнай рабоце. Гэта фактычная адстаўка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG