Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія шанцы на посьпех пратэсту менскіх таксістаў? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Ігар Карней.

Карней: Менскія таксісты хочуць праігнараваць працу 29 ліпеня. Яны заклікаюць зрабіць пятніцу нечарговым выходным на знак пратэсту супраць дыктату дыспэтчарскіх службаў, якія навязваюць нерэнтабэльныя тарыфы, ставячы кіроўцаў на мяжу выжываньня.

Якія шанцы на тое, што сабатаж будзе масавым? Летась да радыкальных захадаў заклікалі сталічныя грузаперавозчыкі, аднак на справе акцыю ніхто не падтрымаў.

Ініцыятарам «ціхага пратэсту» стаў старшыня прафсаюзу кіроўцаў таксі «Цэнтар» Аляксандар Стахоўскі. Ён падкрэсьлівае, што гэта ня страйк, бо страйкаваць можна, калі нешта патрабуеш ад наймальніка. А дыспэтчарскія службы — наймальнікі толькі для сваіх дыспэтчараў, кіроўцы ў гэтую градацыю не трапляюць, бо працуюць па дамовах і вольныя ў вызначэньні графіку. Напярэдадні ў Сеціве зьявіўся відэазварот, празь які Стахоўскі заклікаў калегаў сысьці ў адпачынак на суткі — ад 7-й раніцы 29 ліпеня да такога ж часу наступнага дня. Выступаючы ад імя сталічных таксістаў, ён адзначыў: цяперашнія тарыфы на пасажырскія перавозкі фактычна «забіваюць бізнэс». Бальшыня службаў салідарна вызначыла адзіны кошт — 55 дэнамінаваных капеек за кілямэтар (ёсьць некалькі фірмаў, якія возяць даражэй, але ад пачатку пазыцыянуюць сябе «элітнымі перавозчыкамі»).

На перакананьне прыхільнікаў Стахоўскага, у цяперашніх умовах рэнтабельны тарыф мусіць быць у паўтары разы большым — як мінімум 75 капеек. Але дыспэтчарскія службы навязваюць «ураўнілаўку», адмаўляючыся браць на ўвагу бядотнае становішча шараговых кіроўцаў. Між тым, як заяўляе ініцыятар акцыі ў бліжэйшую пятніцу, пасажыры езьдзяць ня дзякуючы дыспэтчарам і кампаніям-перавозчыкам, а дзякуючы кіроўцам. Што лішні раз мусіць даказаць, калі 29 ліпеня ў горадзе зьнікнуць знаёмыя ўсім аўтамабілі з «шашачкамі».

Бальшыня апытаных таксістаў хоць і згодныя, што ў галіне перавозак насьпелі кардынальныя зьмены, але спадзяюцца, што гэта адбудзецца бязь іх удзелу

Ці наканавана менскім таксістам скалануць сьвет? Ці атрымаецца «бунт на караблі» масавым? Сапраўды, кіроўцы са стажам з настальгіяй згадваюць «тлустыя часы» канца нулявых, калі 1000 даляраў на месяц лічылася нормай: пасажыраў было шмат, дыспэтчары не пасьпявалі прымаць замовы. Аднак цяперашнія рэаліі зусім іншыя — заробкі ўжо які год замарожаныя, паездка на таксі зноў ператвараецца калі не ў раскошу, то ў крайнюю неабходнасьць. Бальшыня апытаных таксістаў хоць і згодныя, што ў галіне перавозак насьпелі кардынальныя зьмены, але спадзяюцца, што гэта адбудзецца бязь іх удзелу — падстаўляцца пад наступствы атрыманьня «воўчага білету» і магчымыя праблемы з працаўладкаваньнем асаблівага жаданьня няма.

У гэтым зьвязку можна прыгадаць, што яшчэ больш радыкальнымі захадамі летась пагражалі сталічныя грузаперавозчыкі. Змагар з «рабаўніцтвам на дарогах» Сяргей Штода таксама запісаў адмысловы відэазварот, у якім пагражаў «спаліць фуры» пад вокнамі Савету міністраў, калі кіроўцаў не перастануць беспадстаўна штрафаваць за збоі ў сыстэме платных дарог BelToll. Н

Навіна атрымала шырокі розгалас, але ў прызначаны час на плошчы Незалежнасьці зьявіліся толькі журналісты — і ніводнага «абуранага грузаперавозчыка». Сам Штода атрымаў 15 сутак за хуліганства, калі перад акцыяй быў запрошаны на гутарку зь першым віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім. Чыноўнік на сустрэчу так і не зьявіўся, а кіроўца на выхадзе з Дому ўраду быў затрыманы — «лаяўся ў публічным месцы».

У выпадку з таксістамі пэрспэктывы застаюцца няпэўнымі. Напярэдадні я затэлефанаваў спэцыялістам шэрагу дыспэтчарскіх службаў, якія далі адназначна зразумець: ва ўмовах вялізнай канкурэнцыя ніхто падвышаць тарыфы ня будзе (хоць спакуса, безумоўна, ёсьць, бо рэнтабэльнасьць цяпер — у мінімальных межах).

Перадусім не даюць гэта зрабіць міжнародныя кампаніі кшталту Uber: мабільныя прыкладаньні робяць непатрэбным пасярэдніцкае зьвяно дыспэтчараў. З-за гэтага тарыф істотна ніжэйшы. У такіх умовах рабіць непапулярныя крокі наўрад ці хто адважыцца — тады бальшыня машын увогуле стане на стаянку.

Глод: Слухаючы Ігара Карняя, я згадаў гісторыю са страйкам супрацоўнікаў менскага мэтро, калі Лукашэнка толькі-толькі прыйшоў да ўлады. Сытуацыя ў краіне на той час была зусім іншая. На той час рабочы рух у Беларусі меў пэўныя сілы, аўтарытэт. У яго былі свае лідэры кшталту Сяргея Антончыка. Але не атрымалася. Лукашэнка ўжыў спэцсілы, Лужкоў з Масквы даслаў штрэйхбрэхераў. З таго часу бадай і не згадаеш хоць нейкую адну акцыю, якая прынесла б посьпех прадстаўнікам працоўных.

Беларусы дэманструюць сапраўдныя цуды ва ўменьні выжываць. Кошты растуць, заробкі падаюць, а то і ўвогуле не выплачваюцца

Беларусы дэманструюць сапраўдныя цуды ва ўменьні выжываць. Кошты растуць, заробкі падаюць, а то і ўвогуле не выплачваюцца. У пачатку 90-х падобная сытуацыя прывяла да масавых акцый пратэсту. А зараз паслухаеш людзей — усе незадаволеныя. Але спакойныя. Чаму ў Беларусі няма страйкаў?

Бо у людзей існуе страх страціць тое, што ў іх ужо ёсьць. Да таго ж на іх моцна ўзьдзейнічае афіцыйная прапаганда. Уключаеш тэлевізар і чуеш, што крызіс — справа часовая, што ён наагул ня наш, што прыйшоў з Эўропы, Амэрыкі, іншых частак сьвету. І хутка ўсё гэта скончыцца.

На такім тле згубіць працу выглядае вельмі дрэнным сцэнарам. Таму людзі разумеюць — лепей памаўчаць, не высоўвацца. Як кажуць, падстаўляцца не выпадае. Ды і працоўныя кантракты вяжуць рукі. Таму трэба шукаць нешта іншае.

І людзі шукаюць. Вось пайшлі грыбы, нават мноства баравікоў. І людзі пайшлі ў лес. Ім лепей аддаць энэргію лесу, а ня страйку.

Улічваючы ўсё гэта, я мяркую, што ў менскіх таксістаў няма ніякіх пэрспэктываў на правядзеньне свайго «бунту».

Дракахруст: Я згодны з вамі, калегі, і маё меркаваньне грунтуецца ня толькі на развагах пра агульнае стаўленьне беларусаў да страйкаў, а менавіта да страйкаў, якія зьвязаныя з транспартнымі камунікацыямі.

Вы, Уладзімер, прыгадалі знакаміты страйк у менскім мэтро 1995 году, але я зьвяртаю ўвагу, што тады ўлада сілу ўжыла далёка не адразу. Яна паглядзела на рэакцыю грамадзтва, і тая, пры ўсёй нашай павазе да страйкоўцаў, была адмоўная.

Калі чалавек жыве ў спальным раёне, яму трэба ехаць на свой любімы завод, а мэтро не працуе, ён павінен душыцца ў аўтобусе ці тралейбусе. Людзей гэта злавала, маўляў, а чаго гэта яны там ў мэтро? Грошай мала атрымліваюць? Я таксама мала атрымліваю, я ж ім шкоды не раблю. А яны мне робяць.

Лукашэнка тады ўжыў жорсткія захады, калі ўбачыў, што страйк ня выклікаў салідарнасьці, а раззлаваў людзей.

А ў дадзеным выпадку рэакцыя будзе яшчэ больш адмоўная. Бо тады прэтэнзіі былі да дзяржавы, дзяржава для ўсіх агульная. А тут чалавеку трэба таксі, ён выклікае — таксі няма. Чаму? А кіроўцы там разьбіраюцца са сваімі дыспэтчарамі, са сваімі прыватнымі партнэрамі па бізнэсе. А ён, якому таксі патрэбнае, тут пры чым? Чаму ён павінен іх падтрымаць?

Сэнс страйку ўсё ж такі ў тым, каб спарадзіць салідарнасьць. А тут ён хутчэй за ўсё спародзіць антысалідарнасьць. Так збудаваная грамадзкая сьвядомасьць, прынамсі ў Беларусі

Сэнс страйку ўсё ж такі ў тым, каб спарадзіць салідарнасьць. А тут ён хутчэй за ўсё спародзіць антысалідарнасьць. Так збудаваная грамадзкая сьвядомасьць, прынамсі ў Беларусі.

Мне здаецца, што транспарт — гэта абсалютна не тая галіна, дзе страйк можа рабіць добрае ўражаньне. Акрамя таго, ёсьць Uber. Як бы вынікам страйку не аказалася страта рынку. Магчыма, яны зладзяць страйк, а высьветліцца, што Uber збольшага задавальняе патрэбы і бязь іх. Узьнікне пытаньне, нашто тады гэтыя афіцыйныя таксісты.

Зразумела, мы можам памыляцца, і таксісты, магчыма, здолеюць такім «выходным» адстаяць свае правы.

XS
SM
MD
LG