Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму апазыцыю не дапускаюць лічыць бюлетэні? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Ігар Карней.

Глод: Фармаваньне участковых камісіяў, якія будуць непасрэдна лічыць галасы выбарцаў падчас абраньня дэпутатаў палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня, скончылася ўчора ўвечары. Афіцыйную статыстыку старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына агучыць 29 ліпеня на спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі. Аднак, не чакаючы гэтага часу, ужо можна канстатаваць — апазыцыянэрам не даверылі падлічваць бюлетэні. Як кажуць у апазыцыйных палітычных партыях, ніякага прагрэсу ў параўнаньні з папярэднімі выбарамі няма. Хутчэй выглядае, што лічыльнікаў бюлетэняў ад дэмакратычных сілаў будзе нават меней, чым чатыры гады таму.

Калі на выбарах, што праводзіліся у 2012 ці 2008 гадах, у апазыцыі і не было спадзеву, што іх прадстаўнікоў дапусьцяць да скрыняў з бюлетэнямі, то сёлета пэўныя надзеі ўсё ж былі. Цэнтарвыбаркам заявіў, што на гэтых выбарах будзе публічны конкурс. Маўляў, арганізатары выбараў будуць тлумачыць, чаму яны аддаюць перавагу кожнаму канкрэтнаму лічыльніку і чым ён лепшы за тых, каму адмовілі. Аднак гэтая навацыя не прывяла да істотных зьменаў.

Па-першае, высьветлілася, што некаторыя акруговыя камісіі ці то наўмысна, ці з нейкіх незразумелых недакладнасьцяў правялі свае пасяджэньні, заблытаўшы час іх працы. Так, адбылося, напрыклад, у акрузе, дзе балятуецца сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вольга Маёрава. Лічыць галасы тут пагадзіўся дэпутат двух скліканьняў Вярхоўнага Савету Беларусі Анатоль Лябедзька. Аднак ні ягоны парлямэнцкі досьвед, ні дзьве вышэйшыя адукацыі не паўплывалі на рашэньне чыноўнікаў. Яму адмовілі працаваць ва ўчастковай камісіі.

Каманда першага намесьніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча накіравала 21 прадстаўніка ва ўчастковыя камісіі. Ніводнага зь іх не ўключылі ў камісіі. Фармальна ўсё было нібыта правільна — кожную кандыдатуру зачытвалі асобна. Калі справа даходзіла да вылучэнцаў руху, акцэнт на ўсіх быў аднолькавы — досьведу ўдзелу у камісіях яны не маюць, слаба ведаюць Выбарчы кодэкс. А адкуль жа ён возьмецца, досьвед, калі ад кампаніі да кампаніі прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, фактычна, «пракідваюць» пры стварэньні камісіяў?

Па-першае, яны лічаць: улады пабачылі, што апазыцыя робіць даволі моцную кампанію і пры сумленным падліку галасоў вынік можа быць ня той, на які яны разьлічваюць. Па-другое, улады пасьля двух дзесяткаў гадоў фальшаваньня ўжо ня могуць вярнуцца да свабодных і справядлівых выбараў

Пацярпелыя патэнцыйныя кандыдаты тлумачаць сытуацыю дзьвюма прычынамі. Па-першае, яны лічаць: улады пабачылі, што апазыцыя робіць даволі моцную кампанію і пры сумленным падліку галасоў вынік можа быць ня той, на які яны разьлічваюць. Па-другое, улады пасьля двух дзесяткаў гадоў фальшаваньня ўжо ня могуць вярнуцца да свабодных і справядлівых выбараў.

Ствараецца ўражаньне, што магчыма зьверху і ёсьць нейкі намёк на імітаваньне дэмакратычных выбараў. Але практыка паказвае, што гэта немагчыма зрабіць, прымаючы тыя ж рашэньні, што і раней, працуючы старымі мэтадамі. Чарговы этап выбарчай кампаніі паказаў, што нічога істотнага ў ёй не мяняецца. І для мяне гэта дзіўна, бо афіцыйны Менск цудоўна ведае, што стаўленьне да яго Эўропы будзе вызначацца менавіта пасьля восеньскіх выбараў.

Карней: Нягледзячы на дэкляраваную лібэралізацыю, страціць кантроль хоць над фармальнай, але ўсё ж адной з галінаў улады, вышэйшае кіраўніцтва Беларусі, відавочна, пакуль не гатовае.

Яшчэ сьвежыя ў памяці падзеі, калі ў Палаце прадстаўнікоў уздымалі бучу «рэспубліканцы» — Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец, Уладзімер Парфяновіч. Хоць на этапе вылучэньня і «ўзгадненьня» пра іх апазыцыйнасьць асабліва нічога ня сьведчыла, здарыўся казус, які ў будучыні паўтарыць было ніяк нельга. Узор парлямэнту, закладзены асабіста Лукашэнкам — зусім ня тое месца, каб весьці спрэчкі і дэманстраваць пазыцыю, адрозную ад генэральнай лініі. Сюды найперш патрапляюць за заслугі на варце дзяржаўных інтарэсаў.

Таму згодны са спадаром Глодам, які кажа, што, магчыма, і ёсьць нейкі намёк на імітаваньне дэмакратычных выбараў, але наўрад ці гэта магчыма зрабіць, працуючы па старых схемах.

з высокай ступеньню верагоднасьці ўжо цяпер можна прагназаваць, што наўрад ці ў новы склад палаты прадстаўнікоў трапіць хтосьці з дэмакратычных актывістаў

Што азначае нядопуск апазыцыі да падліку галасоў? Фактычна тое, што і раней. Па-першае, з высокай ступеньню верагоднасьці ўжо цяпер можна прагназаваць, што наўрад ці ў новы склад палаты прадстаўнікоў трапіць хтосьці з дэмакратычных актывістаў — актуальнасьць лёзунгу пра тое, як галасуюць і хто падлічвае, ніхто з парадку дня не здымаў.

Па-другое, нязьменным застанецца міжнародны статус марыянэткавых дэпутатаў, якім наканавана варыцца ва ўласным соку ці працягваць наладжваць сувязі з такімі ж «ізгоямі»- імітатарамі законатворчай дзейнасьці ў іншых частках сьвету. Балазе, аўтарытарных рэжымаў яшчэ хапае.

І гэта пры тым, што пасьля нібыта развароту ў бок Эўропы былі цудоўныя шанцы на справе даказаць: улада настолькі перакананая ў сваім аўтарытэце і народнай падтрымцы, што гатовая да цалкам празрыстай і сумленнай кампаніі барацьбы са сваімі апанэнтамі. Але перасьцярогі наконт таго, як бы чаго ня здарылася, як бы падзеі не пачалі разгортвацца паводле непрадказальнага сцэнару, усё ж прымушаюць перастрахавацца, адхіляючы ад працэдуры непажаданых сьведкаў адмысловай выбарнай арытмэтыкі. Каб не атрымалася, што Беларусь так і застанецца ў памяці эўрапейцаў, як краіна страчаных шанцаў.

Дракахруст: Беларуская ўлада гатовая на пэўныя крокі, імітацыі, але па сутнасьці дапускаць апазыцыю ў парлямэнт яна ня хоча. Вы прыгадалі групу "Рэспубліка, якую ўзначальвалі Фралоў і Парфяновіч. Гэтыя людзі ішлі ў Палату прадстаўнікоў як ляяльныя ўладзе, ішлі і прайшлі па тых самых сьпісах, якія складаліся і складаюцца ў адміністрацыі прэзыдэнта. Але ў парлямэнце яны сталі на гэтую сытуацыю глядзець інакш, і вось утварылі такую групу, якая тады стварыла даволі шмат для ўлады непрыемнасьцяў.

Не выключаю, што некаторыя апазыцыянэры, ляяльныя і ня надта, і могуць быць прапушчаныя, але толькі рашэньнем улады. Ніякай народнай «самадзейнасьці, улады не дапусьцяць

І зараз улады, апёкшыся на малацэ, дзьмуць на ваду, і прапускаюць людзей толькі вельмі-вельмі правераных. Не выключаю, што некаторыя апазыцыянэры, ляяльныя і ня надта, і могуць быць прапушчаныя, але толькі рашэньнем улады. Ніякай народнай «самадзейнасьці, улады не дапусьцяць. Выбары больш-менш свабодныя — гэта небясьпечна.

А раптам... Лятаюць у гэтым сьвеце «чорныя лебедзі», як той казаў. Вось здарылася аварыя на АЭС, а раптам народ папрэ на выбары галасаваць супраць улады. І як тады без поўнага кантролю?

Але ў іншых рэчах, дзе можна аслабіць лейцы без істотнай пагрозы выніку, там аслабляюць. Вось, калі ласка, 27 ліпеня на выбарчым пікеце адбыўся канцэрт Лявона Вольскага. Фармальна кажучы, на гэта трэба было б браць дазвол.

Не, у іншай кране, пры іншых парадках ня трэба, зразумела. Але ў Беларусі, паводле літары закону — трэба. А яго ня бралі. Але ніякіх кепскіх наступстваў не было. У гэтым можна і праявіць лібэралізм, хай Захад глядзіць і радуецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG