Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Літоўскі міністар: на АЭС у Астраўцы павінны патрапіць экспэрты МАГАТЭ, а не палітыкі


БелАЭС. Фота Тацяны Каліноўскай

БелАЭС. Фота Тацяны Каліноўскай

Міністар навакольнага асяродзьдзя Літвы Кястуціс Трэчокас заявіў, што будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС у Астраўцы спачатку павінны наведаць экспэрты Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргетыцы (МАГАТЭ), а не літоўскія палітыкі.

Паводле Трэчокаса, калі прадстаўнікі літоўскіх уладаў прыбудуць пераконвацца ў бясьпецы АЭС і будуць абмяркоўваць яе з прэзыдэнтам Беларусі, то краіна можа выкарыстаць гэта на сваю карысьць: «Вынік будзе толькі прапагандысцкі», — цытуе партал Delfi інтэрвію Трачокаса радыёстанцыі Ziniu radijas.

«Яны б вельмі гэтага хацелі. Паказаць: вось суседзі прыехалі і пераканаліся, што мы тут усё добра робім, і тады наш голас дакладна будзе поклічам у пустыні. Ведаючы партнэраў і іх палітычныя правілы, мы павінны быць вельмі (асьцярожнымі — BNS). У нас ёсьць кантакты, але ёсьць і пэўны парадак, існуе міжнародная практыка. Нам гэтага няцяжка дамагчыся (візыту на АЭС у Астраўцы — BNS), але вынік будзе толькі прапагандысцкі. Перш за ўсё, нас турбуе, ня тое, як паехаць да Лукашэнкі, а каб пусьцілі экспэртаў. Палітыкі могуць выканаць сваю працу пазьней»

Тым часам у Міністэрстве энэргетыкі Беларусі паведамляюць, што ў Беларусі працуюць экспэрты МАГАТЭ для падрыхтоўкі місіі па ацэнцы пляцоўкі будаўніцтва АЭС. Першы энэргаблёк БелАЭС, паводле пляну, павінен быць уведзены ў эксплёатацыю ў 2018 годзе, другі у 2020.

СМІ распаўсюдзілі інфармацыю, што 10 ліпеня падчас выпрабавальнага трэніровачнага ўсталёўваньня корпусу рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 мэтраў. Паведамлялася таксама, што месца надзвычайнага здарэньня ачэпленае і знаходзіцца пад пастаяннай і ўзмоцненай аховай.

XS
SM
MD
LG