Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ня страйк, гэта спроба прымусіць нас паважаць», — менскія таксісты хочуць праігнараваць працу 29 ліпеня


Менскія таксісты заклікаюць зрабіць 29 ліпеня выходным — на знак пратэсту супраць «дыктату дыспэтчарскіх службаў, якія навязваюць нерэнтабэльныя тарыфы, ставячы кіроўцаў на мяжу жабрацтва».

Старшыня прафсаюзу кіроўцаў таксі «Цэнтар» Аляксандар Стахоўскі запісаў адмысловы відэазварот, лейтматывам якога гучыць: «Хопіць маўчаць: прыйшоў час сказаць, што мы таксама нечага вартыя і з нашым меркаваньнем таксама неабходна лічыцца».

Зазначыўшы, што ўсе рычагі ўзьдзеяньня на дыспэтчарскія службы вычарпаныя, а астатнія бессэнсоўныя і неэфэктыўныя, ён заклікаў калегаў масава і салідарна сысьці ў адпачынак на суткі — ад 07.00 раніцы 29 ліпеня да такога ж часу наступнага дня.

Пасажыры едуць ня дзякуючы дыспэтчарам, а дзякуючы кіроўцам

Што найперш не задавальняе сталічных таксістаў? Тарыфы, якія не дазваляюць мець годны прыбытак: «Мы таксама людзі, у нас таксама ёсьць сем’і, якія трэба карміць, — адзначае Аляксандар Стахоўскі. — Але мы ня можа карміць дзяцей за 55 капеек за кілямэтар, якія нам сёньня навязваюць дыспэтчарскія службы. Мы хочам мець нармальны, адэкватны, рэнтабэльны тарыф. У новых грашах — прыблізна 75 капеек. Нам у гэтым адмаўляюць, таму прапаную выключыць пляншэты на суткі і правесьці час зь сям’ёй. Можа гэта прымусіць іх зразумець: менавіта мы зьяўляемся галоўным зьвяном у сфэры возьніцтва. Пасажыры перасоўваюцца ня дзякуючы дыспэтчарам і фірмам-перавозьнікам, а дзякуючы нам, кіроўцам».

Аляксандар Стахоўскі — пра ўсеагульны выходны для таксістаў:

Пры гэтым ініцыятар па-за чарговага выходнага для сваіх калегаў асабліва падкрэсьлівае: «Гэта ня страйк, бо страйкаваць можна, калі нешта патрабуеш зьмяніць ад наймальніка. А якія дыспэтчарскія службы наймальнікі? Яны наймальнікі толькі для сваіх дыспэтчараў, якія, у сваю чаргу, таксама лічаць, што іх „кідаюць“ — ёсьць тысячы прычынаў, каб не заплаціць чалавеку».

Сёлета ў траўні адбыўся круглы стол, за якім сабраліся прафсаюзныя актывісты і дырэктары дыспэтчарскіх службаў. У часе абмеркаваньня прадстаўнікі прафсаюзу папрасілі «спыніць драць сем скураў» і зьнізіць фінансавую нагрузку на кіроўцаў. Замест гэтага таксістаў паставілі ў яшчэ больш нявыгаднае становішча, увёўшы новыя тарыфы — як прыклад, дадатковую аплату за замову. «На што атрымалі адказ: не лічыце нашых грошай. Тэарэтычна гэта справядліва, але несправядліва ў дачыненьні да кіроўцаў», — кажа спадар Стахоўскі.

Другая просьба — падвысіць тарыфы на перавозкі. «Ня хочаце выраўняць паміж сабой — падыміце кожны на роўную суму, — працягвае Стахоўскі. — На гэтае пытаньне таксама атрымалі катэгарычнае не. Спасылаюцца на тое, што дыспэтчарская служба асобна ня мае права ўмешвацца ў цэнаўтварэньне на паслугі перавозьніка. Бо самі па-сутнасьці зьяўляюцца не перавозьнікамі (за выключэньнем таксі „Пятніца“), а прадаўцамі тэлефонных званкоў. Тады якога ліха аб’яўляюць нам тарыф, які прымушае кіроўцу працаваць круглыя суткі толькі дзеля таго, каб зьвесьці канцы з канцамі? Ці таксісты працуюць ня дзеля заробку, а дзеля самога працэсу?».

Галоўнай мэтай дадатковага выходнага, яшчэ раз падкрэсьлівае Аляксандар Стахоўскі, — прыцягнуць увагу дыспэтчарскіх службаў да «рэальна бядотнага стану менскіх таксістаў». «Крыху з большай павагай трэба ставіцца да людзей, якія нясуць вам, вобразна кажучы, залатыя яйкі. Пакуль жа ўсім напляваць, што кіроўцы па 14-16 гадзін працуюць на лініі, а дома тым часам скандалы: пасажыраў няма, грошай, адпаведна, таксама».

Тарыф ніхто падымаць ня будзе, бо ўсе застануцца бяз працы

Як на абвінавачаньні шараговых таксістаў рэагуюць супрацоўнікі дыспэтчарскіх службаў? Спэцыяліст па арганізацыі пасажырскіх перавозак таксі «Сталіца» Юлія Проніна кажа, што разумее крыўды кіроўцаў — за апошнія гады іх матэрыяльнае становішча істотна пагоршылася. Аднак гэта тычыцца ня толькі гэтай катэгорыі, а бальшыні жыхароў краіны:

«Цягам апошніх гадоў усё расьце — камунальныя паслугі, цэны на прадукты; запчасткі даражэюць, бэнзін не таньнее і г.д. Пры тым, што тарыф на паслугі таксі апошні раз падвышаўся дзесьці гады два таму. Натуральна, што кіроўцы таксі пачалі зарабляць меней у параўнаньні зь мінулымі гадамі. А яшчэ да 1 жніўня ў абавязковы парадку трэба абнавіць сродкі кантролю падатковых органаў. Разам з мадэрнізацыяй таксомэтра таксама выдаткі — больш за 4 мільёны ў старых рублях.

То бок, у гэты пэрыяд на іх сапраўды з усіх бакоў навалілася, яны ў нейкай паніцы, зьявіліся ўпадніцкія настроі, бо, як самі кажуць, трэба карміць дзяцей. Зь іншага боку, на заводах здаровыя, моцныя мужчыны таксама зарабляюць 4-5 мільёнаў і мусяць думаць, як утрымаць сем’і».

Тым ня меней, як кажа Проніна, у кіроўцаў, якія супрацоўнічаюць са службай таксі «Сталіца», пакуль бунтарскіх настрояў не назіраецца. Хоць і не выключае, што асобныя таксісты на рэйс у пятніцу ня выйдуць — маюць права:

«З усімі кіроўцамі, якія прыходзяць на офіс, мы размаўляем, цікавімся іх меркаваньнем і спадзяемся, што яны гэтую акцыю не падтрымаюць. А калі не, то будуць хіба што адзінкавыя выпадкі. Разумееце, заклікі робяць нейкія асобныя людзі, якіх, па вялікаму рахунку, ніхто ня ведае. Чаму нехта мусіць пад іх падстройвацца? Прынамсі са сваёго кантактаваньня магу сказаць, што наўрад ці гэта будзе насіць масавы характар. Бо калі мы цэнім і любім сваіх кліентаў, то так паводзіць сябе не павінны. Цяпер вось „эсэмэскі“ дасылаем сваім кіроўцам, каб яны ўсё ж выяжджалі ў адпаведнасьці з графікам працы. У бальшыні пятніца стаіць працоўным днём, таму павінны выехаць».

Адзін з прафсаюзных лідэраў менскіх таксістаў перакананы: пакуль не падвысяцца тарыфы на перавозкі, будучыня кіроўцаў будзе «катастрафічнай»: «Я разумею лёгіку дыспэтчараў: чым меншы тарыф, тым больш даступная паслуга. Адпаведна, больш людзей скарыстаецца таксоўкай, большы прыбытак атрымае служба. Але прыбытак кіроўцы — толькі віртуальны», — гаворыць ён.

А што на самой справе замінае скарэктаваць цэньнік, які больш за два гады застаецца нязьменным? Найперш, як тлумачыць спэцыяліст па арганізацыі пасажырскіх перавозак Юлія Проніна, цяперашнія кошты дыктуе ня толькі рынак, але і новыя тэхналёгіі. Самы красамоўны прыклад — міжнародная экспансія мабільнай праграмы Uber:

«Калі такая вялікая канкурэнцыя на рынку і ў кліентаў ёсьць попыт, нельга плыць супраць плыні. Канечне, як дыспэтчарская мы ня супраць падвышэньня тарыфу, бо нават не ў глыбіні душы разумеем, што на сёньня гэта не зусім рэнтабэльна. Але мы ня можам узяць і проста так зрабіць. З аднаго боку, ёсьць іншыя кампаніі, у якіх вялікі парк машын, і тады мы проста будзем стаяць. Зь іншага, паглядзіце, як захопліваюць рынак розныя карыстальніцкія праграмы, якія сюды заходзяць. У іх тарыф яшчэ ніжэйшы. Таму, як бы мы таго не жадалі, тарыф у гэтых умовах ніхто падымаць ня будзе. А калі падымем, то тады стаяць будзем усе разам. У цяперашніх умовах гэта неразумна».

Таксі — прыватная сфэра, людзі сваю эканоміку пралічваюць самі

У сувязі з пытаньнямі, якія апошнім часам узьнікалі да сфэры пасажырскіх перавозак, сёлета ў чэрвені Палата прадстаўнікоў разгледзела пералік дадаткаў і зьменаў у закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках». Пасьля гэтага ён яшчэ раз быў узгоднены зацікаўленымі ведамствамі і цяпер знаходзіцца ў Савеце міністраў.

Значная ўвага ў дакумэнце надаецца прававому рэгуляваньню перавозак таксі. Праект, сярод іншага, уводзіць рэглямэнтацыю адносінаў паміж заказчыкам перавозак, апэратарамі таксі, дыспэтчарамі і перавозьнікамі. Аднак, як кажа прадстаўніца Міністэрства транспарту і камунікацый Кацярына Грыб, гэта не азначае, што кантрольныя ведамствы мусяць фармаваць тарыфныя пляны ці выступаць у ролі трацейскіх судзьдзяў у канфліктных сытуацыях — таксі адна з рэдкіх сфэраў у Беларусі, дзе ўплыў дзяржавы мінімальны:

«Дзяржава мае дачыненьне толькі ў тым сэнсе, што ў законе прапісаныя агульныя нормы. Тарыфы, маршруты — гэта ўжо іх справа. З улікам, што сфэра не патрабуе субсыдыяваньня, мы туды ня ўмешваемся. Дарэчы, каб гэта не акуплялася, былі б дзьве машыны на ўсю Беларусь. А паглядзіце — адна, другая, трэцяя службы адчыняюцца. Адносна пытаньняў з дыспэтчарамі, то яны ўзьнікаюць у тым ліку таму, што многія плятформы зараз робяць мабільныя карыстальніцкія праграмы. І тады чалавек, які гаворыць „алё“, непатрэбны. Націснуў кнопку ў інтэрнэце, цябе самі знайшлі, сказалі, якая машына, колькі каштуе. У выніку ня трэба плаціць пасярэднікам, выходзіць таньней. Зразумела, што ўвесь спэктар гэта не ахоплівае — ня ўсе ж карыстаюцца інтэрнэтам? Мінтрансу на гэты конт сказаць няма чаго: гэта цалкам прыватная сфэра і людзі сваю эканоміку пралічваюць самі».

Менскі таксіст Аляксандар Стахоўскі кажа, што таксі для яго — лад жыцьця, бяз гэтай працы ён сябе проста не ўяўляе. А таму зробіць усё, каб вярнуць прафэсіі колішнюю рэпутацыю, якую сапсавала «масавасьць і даступнасьць».

Іншая справа, ці атрымаецца «бунт на караблі» масавым. Бальшыня апытаных таксістаў згодныя, што ў галіне перавозак насьпелі кардынальныя зьмены, але спадзяюцца, што гэта адбудзецца бязь іх удзелу.

Нешта падобнае ўжо мела месца летась. Тады перавозьнікі грузаў пагражалі «спаліць фуры» пад вокнамі Савету міністраў, заяўляючы, што пасьля запуску сыстэмы платных дарог BelToll іх беспадстаўна абкладаюць вялізнымі штрафамі. Ініцыятар «штрафной амністыі» Сяргей Штода запісаў і выклаў у сеціва ультыматум уладам. У прызначаны час на плошчы Незалежнасьці ніхто так і не зьявіўся, толькі Штода атрымаў 15 сутак за хуліганства — нібыта лаяўся ў публічным месцы, дакладней, у фае Дому ўраду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG