Інфармацыя пра гэта зьявілася 27 ліпеня на сайце арганізацыі.
«Сёньня, у гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, запускаем беларускі радыёканал у інтэрнэце. Маем амбіцыі адкрыць звычайную радыёстанцыю. Нават тэхнічна гэта магчыма ўжо цяпер (праўда, на жаль, не зь Беларусі)».
Мэта, якую паставілі перад сабой актывісты, — запусьціць сьціплы, але паўнавартасны праект радыёстанцыі «MF-FM» у інтэрнэце і паглядзець, як адрэагуе на гэта мэтавая аўдыторыя.
«Хочам бачыць адметнасьцю нашага радыёканалу беларускасьць і прынцыповасьць. Маем на сэрвэры і будзем прайграваць толькі беларускую музыку, без дыфэрэнцыяцыі па мове, але толькі выканаўцы зь Беларусі. Плянуем разьмяшчаць толькі якасныя песьні. Мы лічым, што нашая краіна мае дастаткова музыкаў розных стыляў і іх часта незаслужана абыходзяць увагаю».
Радыё пакуль працуе ў тэставым рэжыме: цяпер там круціцца толькі музыка. Але неўзабаве дададуцца аўдыёперадачы.