Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Першая жанчына-кандыдат балятавалася ў прэзыдэнты ЗША яшчэ ў 1872 годзе


Вікторыя Кляфлін Вудхал балятавалася ў прэзыдэнты ЗША задоўга да таго, як амэрыканкі афіцыйна атрымалі права голасу.

Гілары Клінтан стала першай жанчынай, якая атрымала прэзыдэнцкую намінацыю адной з найбуйнейшых партый ЗША, аднак яна — далёка ня першая жанчына, якая вылучаецца на пасаду кіраўніка дзяржавы, нагадвае Голас Амэрыкі. Упершыню ў гісторыі Злучаных Штатаў гэта зрабіла Вікторыя Кляфлін Вудхал. У 1872 годзе яна ўдзельнічала ў выбарах ад Партыі роўных правоў.

У якасьці свайго напарніка — кандыдата ў віцэ-прэзыдэнты — Вудхал абрала абаліцыяніста Фрэдэрыка Дугласа, аднак ён не прыняў прапановы ўдзельнічаць у гэтай перадвыбарнай кампаніі.

Вудхал выступала за прадстаўленьне жанчынам права голасу, якое ў той час не было гарантавана канстытуцыяй, а таксама за рэформы працоўнага заканадаўства.

Паводле законаў таго часу яна не магла галасаваць сама за сябе. Акрамя таго, у момант выбараў ёй было 34 гады, а балятавацца ў прэзыдэнты можна з 35 гадоў.

Вудхал карысталася падтрымкай фінансіста Карнэліюса Вандэрбільта і разам зь сястрой заснавала першую брокерскую фірму на Ўол-стрыт, якой кіравалі жанчыны.

Вікторыя Кляфлін Вудхал памерла ў Англіі ў 1927 годзе, амаль празь сем гадоў пасьля таго, як амэрыканкі атрымалі права голасу.

XS
SM
MD
LG