Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі другога дня зьезду дэмакратычнай партыі ЗША?

Дракахруст: Былая дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан афіцыйна вылучаная кандыдаткай на прэзыдэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі, стаўшы першай жанчынай-кандыдатам на прэзыдэнта ў гісторыі краіны. Падчас галасаваньня Клінтан набрала неабходныя 2383 галасы дэлегатаў партыйнага зьезду, які адбываецца ў Філядэльфіі.

Учора на зьезьдзе выступіў Біл Клінтан — муж кандыдаткі, былы прэзыдэнт. «Гэтая жанчына ніколі не задаволеная статусам кво ні ў чым. Яна заўсёды хоча рухацца наперад. Гэта тое, хто яна ёсьць,» — сказаў Біл Клінтан. Ён таксама распавёў дэлегатам, што Гілары выступала за сацыяльную справядлівасьць ўжо тады, калі толькі вучылася на юрыдычным факультэце. Ён казаў пра тое, як яна бясплатна аказвала юрыдычныя кансультацыі бедным, і працавала пад прыкрыцьцём, каб выявіць факты сэгрэгацыі ў школе ў Алабаме ў 1970-х гадах.

Напачатку зьезду была абнародаваная партыйная плятформа, зь якой партыя і Гілары Клінтан пойдуць на выбары. Галоўныя пункты праграмы — забесьпячэньне правоў ЛГБТ-супольнасьці, меры супраць глябальнага пацяпленьня (мэта — 50% вытворчасьці на экалягічна чыстым паліве), бясплатная адукацыя ў грамадзкіх каледжах, барацьба з расізмам і пашырэньне даступных паслугаў па доглядзе за дзецьмі і адпачынкаў па сямейных абставінах.

Хада кампаніі пакажа, ў якой ступені дэмакраты патрапілі сваёй праграмай у галоўныя болевыя кропкі амэрыканскага грамадзтва.

Кандыдатка назвала гэтую плятформу самай прагрэсіўнай плятформай у гісторыі. Напэўна, хада кампаніі пакажа, ў якой ступені дэмакраты патрапілі сваёй праграмай у галоўныя болевыя кропкі амэрыканскага грамадзтва.

Чакаецца, што сёньня на зьезьдзе выступіць прэзыдэнт ЗША Барак Абама. Пазыцыі дзейнага прэзыдэнта і кандыдаткі вельмі падобныя, аднак Гілары Клінтан адмовілася ад падтрымкі вельмі важнай ініцыятывы Барака Абамы, — Ціхаакіянскага партнэрства, пагадненьня, накіраванага на зьніжэньне мыта і актывізацыю гандлю паміж 12 краінамі Ціхаакіянскага рэгіёну.

На думкі значнай часткі амэрыканскага грамадзтва гэтае пагадненьне адбірае працоўныя месцы ў амэрыканскіх рабочых. Выглядае, што пытаньне захаваньня працоўных месцаў будзе адным з вельмі важных у сёлетняй кампаніі, калі Клінтан усё ж выступае за пашырэньне вольнага гандлю, прынамсі, за захаваньне зоны вольнага гандлю ЗША, Мэксыкі і Канады, адпаведнае пагадненьне было заключанае яшчэ яе мужам-прэзыдэнтам, Трамп абяцае скасаваць гэтае пагадненьне і не выключае нават выхад ЗША з Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.

Заўтра апошні дзень зьезду, менавіта заўтра на ім выступіць Гілары Клінтан. Ну а вам, калегі, пытаньне. Зьезд, зразумела, яшчэ ня скончыўся, але, на ваш погляд, ці знайшлі дэмакраты адказ на выклік Дональда Трампа?

Карбалевіч: У любым выпадку, гэта гістарычная падзея. Упершыню ў амэрыканскай гісторыі жанчына афіцыйна вылучана кандыдатам у прэзыдэнты ад адной з двух галоўных партыяў ЗША.

Гендэрны чыньнік можа адыграць важную ролю ў гэтай выбарчай кампаніі.

Дарэчы, гендэрны чыньнік можа адыграць важную ролю ў гэтай выбарчай кампаніі. Гэта здарыцца, калі Гілары Клінтан удасца навесіць на свайго суперніка Трампа кляймо сэксіста, то бок чалавека, які зьняважліва ставіцца да жанчынаў. А гэта рэальна. Бо за час выбарчай гонкі Трамп пасьпеў праславіцца як самы вядомы сярод палітыкаў сэксіст.

Тут ня толькі ягоная прапанова забараніць аборты. Ён вельмі зьняважліва выказваецца на адрас Гілары Клінтан, прычым не як палітыка, а менавіта як жанчыны. Напрыклад, добра вядомы яго знакаміты твіт «Як яна зможа задаволіць краіну, калі не змагла задаволіць свайго мужа?» Гэта такі непрыхаваны намёк на скандал з Монікай Левінскі. Шмат вядомых у ЗША жанчынаў, актрысаў, тэлевядучых ужо выказалі Трампу сваё абурэньне.

У траўні The Washington Post паведаміла, што згодна з адразу некалькімі апытаньнямі Трамп губляе жаночы электарат. На думку дасьледчыкаў, да лістапада ад яго сыдуць да Гілары Клінтан да 25% патэнцыйных выбаршчыц. 70% респандэнтак назвалі пэрспэктыву прэзыдэнцтва Трампа непажаданай.

Дарэчы, Трамп — трэці раз жанаты. Што для кандыдата ў прэзыдэнты ў кансэрватыўнай Амэрыцы — нонсэнс. Гэта не Эўропа. Гэта ў Нямеччыне канцлер Герхард Шродэр мог быць чатыры разы жанатым, ягоныя апанэнты вялі выбарчую кампанію пад лёзунгам «Тры жанчыны ня могуць памыляцца», але ён ўсё роўна перамагаў на выбарах. Гэта ў Францыі прэзыдэнт можа мяняць жонак ці ня быць афіцыйна жанатым і мець дзьвюх каханак, і гэта мала ўплывае на ягоны рэйтынг. У ЗША толькі прэзыдэнт Рэйган быў другі раз жанаты, бо ягоная першая жонка была алькагалічкай, і таму грамадзкая думка яму даравала.
Таму гендэрны фактар можа аказацца вырашальным у гэтай выбарчай кампаніі.

Цыганкоў: Відаць, правільна было пастаўленае пытаньне, ці дае зьезд дэмакратычнай партыі і прадказальнае вылучэньне Гілары Клінтан пэўны адказ не тое, што прапануюць рэспубліканцы, бо іх зьезд быў трошкі раней. Дэмакраты становяцца ў абарончую пазыцыю, яны вымушаныя адбівацца ад нападак рэспубліканцаў, ад Трампа. Гэтая пазыцыя зразумелая, таму што цяпер менавіта прадстаўнік Дэмакратычнай партыі знаходзіцца ва ўладзе і вылучэнцы гэтай партыі ўяўляюцца як прадстаўнікі ўлады, якая адказная за тое, што адбывалася з краінай за апошнія 8 гадоў.

Паліттэхнолягі вырашылі, што менавіта гэтыя 5 пунктаў з праграмы найбольш прывабяць выбаршчыкаў. Магчыма, гэта не тое, што хоча пачуць электарат, які зараз хістаецца, бо і ў дэмакратаў, і ў рэспубліканцаў ёсьць даволі трывалы электарат, які будзе галасаваць у любым выпадку за сваіх абраньнікаў. А ёсьць людзі, якія сумняюцца, і яны якраз вырашаюць свае сумневы ў залежнасьці ад таго, што чуюць.

Сярэдняя кляса Амэрыкі яшчэ не аправілася ад крызысу, які пачаўся ў 2008 годзе.

Сярэдняя кляса Амэрыкі яшчэ не аправілася ад крызысу, які пачаўся ў 2008 годзе. Лічыцца, што ён скончыўся, але паводле артыкулаў, якія я чытаю, аказваецца, што даходы сярэдняй клясы не прыйшлі да таго ўзроўню, які быў да 2008 году. Менавіта пра гэта людзі хочуць пачуць — пра працоўныя месцы, пра зьніжэньне падаткаў. Эканоміка робіцца галоўнай праблемай для многіх катэгорый выбарцаў. Мне не падалося, што дэмакраты ў гэтым нешта прывабнае прапаноўваюць.

Што да гандлёвага пагадненьня з Канадай і Мэксыкай, ня ведаю, ці зможа Трамп, калі ён стане прэзыдэнтам, адмяніць гэтае пагадненьне, але тое, што ён цяпер выступае за яго адмену, паказвае, што ён клапоціцца перш за ўсё пра амэрыканскія працоўныя месцы, пра амэрыканцаў. Для яго гэта больш важна, чым нават міжнародны імідж ЗША. Усёй сваёй кампаніяй ён гэта паказвае, што ён гатовы ахвяраваць нават некаторымі важнымі міжнароднымі прыярытэтамі на карысьць унутрыамэрыканскіх прыярытэтаў.

На сёньняшні момант 60% жанчынаў гатовыя галасаваць за Клінтан. Гэта не такі ўжо і вялікі працэнт. Гендэрны фактар не такі адназначны, як гэтага можна было б чакаць. Ня ўсе жанчыны, відаць, вераць амэрыканскай лібэральнай прэсе, якая называе Трампа сэксістам, і мізагіністам. У любым выпадку можам канстатаваць, што пэўнай адназначнасьці, якая была зімой і вясной, калі здавалася, што прадстаўніца дэмакратаў пераможа выхадца ад рэспубліканцаў, а тым больш Трампа, ужо няма. Барацьба за Белы дом будзе вельмі зацятай.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG