Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая ваенная дактрына Беларусі: «Гібрыдная вайна» і «каляровыя рэвалюцыі»


Расейскія вайскоўцы ў Крыме 4 сакавіка 2014 году

Расейскія вайскоўцы ў Крыме 4 сакавіка 2014 году

«Гібрыдная вайна» і «каляровыя рэвалюцыі» прызнаныя галоўнымі ваеннымі небясьпекамі для Беларусі.

Цыганкоў: 26 ліпеня была апублікаваная і адпаведна ўступіла ў сілу новая ваенная дактрына Беларусі. Закон аб гэтым датаваны 20 ліпеня, яго падпісаў Аляксандар Лукашэнка, і ён быў афіцыйна апублікаваны.

«Абвяшчаючы Ваенную дактрыну, якая носіць абарончы характар, Рэспубліка Беларусь зыходзіць з таго, што ні адна з дзяржаў не зьяўляецца для яе праціўнікам. Рэспубліка Беларусь асуджае любы ваенны канфлікт як сродак рэалізацыі палітыкі і прытрымліваецца прынцыпу мірнага ўрэгуляваньня спрэчак », - гаворыцца ў нарматыўным акце.

Старая дактрына была прынятая ў 2002 годзе, і натуральна, за гэты час шмат чаго зьмянілася ў сьвеце і нашым рэгіёне.

Беларусь у нейкай ступені ўлічыла вопыт сучасных канфліктаў, перш за ўсё на ўсходзе Ўкраіны.

Тое, што сёньня на Захадзе называецца «гібрыднай вайной», у беларускай ваеннай дактрыне называецца «ўнутраным узброеным канфліктам». Можна казаць, што Беларусь у нейкай ступені ўлічыла вопыт сучасных канфліктаў, перш за ўсё на ўсходзе Ўкраіны. Яшчэ адна навацыя — намер Беларусі разьвіваць уласны абаронны сэктар, уласны ВПК, ваенна-прамысловы комплекс. Можна сказаць, што ў жыцьці гэта ўжо адбываецца — напрыклад, у Беларусі была створаная ў супрацоўніцтве з кітайскімі партнэрамі ўласная сыстэма залпавага агню «Палянэз».

Таксама ў дактрыне прапісаны тыпы канфліктаў, у якія можа быць уцягнутая Беларусь і шляхі рэагаваньня на іх. Як і ў ранейшай дактрыне, найбольшая ўвага надаецца супрацоўніцтву ў рамках АДКБ.

Але ў адпаведнасьці з новай рэдакцыяй, Беларусь можа зьвярнуцца па дапамогу да любой дзяржавы, з якой разьвіваецца стратэгічнае партнэрства. Тут, магчыма, можна назваць той самы Кітай, зь якім, паводле неаднаразовых заяваў Лукашэнкі, Менск разьвівае менавіта стратэгічнае супрацоўніцтва ва ўсіх сфэрах.

У цэлым можна зрабіць высновы, што цяперашняя ваенная дактрына, безумоўна, улічыла тыя зьмены, якія адбыліся ў рэгіёне, і яна зьяўляецца менш прарасейскай, чым ранейшая. Дадзена больш магчымасьцяў для супрацоўніцтва зь іншымі краінамі, іншымі рэгіёнамі, напрыклад, у дактрыне ёсьць цэлы фрагмэнт, дзе гаворыцца пра жаданьне будаваць адносіны з Эўразьвязам, АБСЭ, НАТО і іншымі міжнароднымі арганізацыямі не на шкоду нацыянальным інтарэсам.

Дракахруст: Гэтая дактрына прымушае прыгадаць знакамітае выслоўе ваеннага тэарэтыка Кляўзэвіца, што вайна — гэта працяг палітыкі іншымі сродкамі.

Сапраўды, дактрына фактычна адлюстроўвае тыя зьмены ў беларускай палітыцы, прынамсі, зьнешняй, якія мы назіралі апошнія гады — тое, што, з прычыны канфлікту ва Украіне, Беларусь пачала крышачку выходзіць з ваеннага і палітычнага «шыхту» Расеі, дэманстраваць пэўную незалежнасьць.

Зь іншага боку, захоўваецца пэўнае стратэгічнае супрацьстаяньне з Захадам. Так, адносіны крыху паляпшаюцца, але не кардынальна. І гэта фактычна адлюстравана ў дактрыне.

Расея па-ранейшаму саюзьнік, але небясьпечны.

Расея па-ранейшаму саюзьнік, але небясьпечны. «Унутраны ўзброены канфлікт», аб супрацьдзеяньні якому вядзецца ў дактрыне, цяпер у Эўропе толькі адзін, і добра вядома, хто мае да яго дачыненьне. Але для балянсу гаворыцца і пра «каляровыя рэвалюцыі», якія таксама разглядаюцца як нешта падобнае да «гібрыднай вайны».

Абарона трымаецца на два бакі — і супраць Захаду, і супраць Расеі, хоць, зразумела, гэта не прагаворваецца і не абазначаецца. Так што гэтая дактрына ня толькі адлюстроўвае новыя рэаліі ў чыста ваеннай сфэры, але і тыя зьмены ў палітыцы Беларусі за апошнія гады.

Карбалевіч: Найперш, варта адзначыць, што такія канцэптуальныя дакумэнты маюць невялікае значэньне для рэальнай палітыкі. Вы можаце сабе ўявіць, каб Лукашэнка ці прэм’ер-міністар, ці нейкі іншы высокі чыноўнік перад тым, як прыняць важнае рашэньне скажа: а давайце паглядзім, што там у нас напісана ў ваеннай дактрыне? Я такога не ўяўляю.

Таму гэты дакумэнт цікавы больш тым, што адлюстроўвае лёгіку мысьленьня кіроўнай эліты, яе страхі і перасьцярогі.

Раней, калі дзейнічала старая дактрына, для беларускага кіраўніцтва было ўсё ясна і зразумела: Захад — вораг, Расея — сябра. Галоўная пагроза ідзе з Захаду, найперш у выглядзе «каляровай рэвалюцыі».

Цяпер трэба абараняцца на два фронты.

Пасьля ўкраінскіх падзеяў сытуацыя памянялася. Цяпер трэба абараняцца на два фронты. Небясьпека «каляровай рэвалюцыі» з боку Захаду засталася, хоць па шэрагу прычынаў зьменшылася. І, адначасова, зьявілася небясьпека «гібрыднай вайны» з Усходу. Вось на нэўтралізацыю гэтых двух пагрозаў і скіраваная гэтая дактрына. Хоць менавіта так, як вось я фармулюю, у гэтым дакумэнце не гаворыцца.

Кажучы пра «ўнутраны ўзброены канфлікт», дакумэнт кажа аб «недапушчэньні захопу праціўнікам крытычна важных аб’ектаў інфраструктуры Рэспублікі Беларусь, у тым ліку для дэзарганізацыі працы сыстэмаў дзяржаўнага і ваеннага кіраваньня». Гэта як раз тое, што адбывалася ва Ўкраіне вясной 2014 году, калі арганізаваныя групы прарасейскіх баевікоў захоплівалі адміністрацыйныя будынкі ва усходняй і паўднёвай частках краіны.

Адной з пагрозаў улады бачаць «паслабленьне сярод грамадзянаў пачуцьця патрыятызму, гатоўнасьці да ўзброенай абароны Беларусі». Праблема ёсьць, але ці можна яе вырашыць толькі з дапамогай вышыванак?

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG