Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У часы нягнуткасьці эстэтыкі і эстэтычнага ўспрыманьня існавалі вялікія стылі, бо толькі творы аднаго стылю лічыліся тады прыгожымі. Кожны зь іх ускладняўся аж да самаразбурэньня і кожны зь іх адмаўляў папярэдніка, будучы новым выданьнем папярэдніка свайго папярэдніка. Стылі качалі маятнік.

Пасьля эстэтыка ўскладнілася і прыгожага стала шмат. Але не зьмяніліся законы, паводле якіх жывуць і разьвіваюцца стылі і эстэтыка. Тое, што лічылася прыгожым у часы аднаго пакаленьня, ня лічыцца такім у часы наступнага. Вечны канфлікт бацькоў і дзяцей.

Але бывае, што ў адмаўленьня заканчваюцца мастацкія аргумэнты. І тады на дапамогу прыходзіць... нігілізм. Адмаўляць хочацца так моцна і жаданьня самасьцьвердзіцца так шмат, што пачынаецца эрозія этыкі і нават суцэльнае адмаўленьне ад яе.

За апошнія 150-170 гадоў (гэта значыць з моманту распаду апошняга вялікага стылю — клясыцызму) гэтая зьява называлася па-рознаму і працэнт інфэрнальнасьці (этычнай і маральнай глухаты) ў ёй таксама быў розны. Адной зь яе апошніх плятформаў быў постмадэрнізм, якому часам прыпісваюць лёзунг «Сьвет дрэнны, я дрэнны, і гэта добра».

Не ўдаючыся ў далейшыя развагі і вызначэньне этапаў, трэба канстатаваць, што стылістычны маятнік хістаецца далей. Стылістыка і эстэтыка (а разам зь імі і этыка) па-ранейшаму бываюць пазытыўныя і нэгатыўныя. Не шанцуе таму пакаленьню, якое трапляе на нігілістычную фазу. Яго можна назваць страчаным.

Якое з трох-чатырох апошніх пакаленьняў на якую фазу трапіла, кожны можа вырашыць сам.

І не абавязкова, што будзе мець рацыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG