Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя: Захопнікі паліцэйскай часткі ў Ерэване ўзялі ў закладнікі лекараў


Павел Манукян 23 ліпеня.
Павел Манукян 23 ліпеня.

Узброеная група, што захапіла паліцэйскую частку ў Ерэване, узяла ў закладнікі лекараў, якія прыбылі для аказаньня дапамогі параненым падчас перастрэлкі.

Пра гэта паведамляе армянская служба Радыё Свабода са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка паліцыі Армэніі Ашота Агараняна. Паводле яго, аказаць мэдычную дапамогу захопнікі запатрабавалі самі, пасьля чаго захапілі брыгаду, якая прыбыла на месца. Агаранян удакладніў, што вядуцца перамовы.

Сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў Ерэване прадстаўнік апазыцыйнага руху «Устаноўчы парлямэнт» Алек Енігамшан, адказваючы на пытаньне аб гэтай заяве паліцыі, абверг, што лекары знаходзяцца там у якасьці закладнікаў.

Паводле Енігамшана, гэтая заява – чарговая прапагандысцкая хлусьня праваахоўных органаў.

«Хлопцы нікога ў закладніках не трымаюць, яны толькі хочуць, каб мэдычная прысутнасьць там была працяглай і ў выглядзе дзяжурства, каб гэтую брыгаду зьмяніла [іншая] брыгада лекараў», – падкрэсьліў ён.

Раней паведамлялася, што падчас перастрэлкі на тэрыторыі часткі быў параненыя лідэр ўзброенай групы, якая ўтрымлівае будынак, Павел Манукян, і яго сын Арам. Яшчэ двое захопнікаў — Гагік Егіазаран і Арам Акапян — здаліся.

У паліцыі паведамілі, што Манукяна і яго сына даставілі ў шпіталь. Таксама вядома аб адным параненым паліцыянце.

Напярэдадні мэдычную дапамогу атрымалі яшчэ два ўдзельнікі ўзброенай групоўкі, якія пагадзіліся на шпіталізацыю, пасьля таго як былі параненыя ў перастрэлцы з паліцыяй.

Група ўзброеных людзей, якія называюць сябе «Сасунскімі храбрацамі», 17 лiпеня пранікла на тэрыторыю паліцэйскай часткі ў Ерэване і захапіла закладнікаў, патрабуючы адстаўкі прэзыдэнта Сержа Саргсяна і вызваленьня лідэра радыкальнага апазыцыйнага Фронту грамадзкага выратаваньня «Новая Армэнія» Жырайра Сэфіляна.

Падчас захопу будынка адзін паліцыянт загінуў, шэсьць чалавек, у тым ліку пяць супрацоўнікаў паліцыі, атрымалі раненьні. Пасьля перамоваў з уладамі члены групы 23 ліпеня вызвалілі апошніх чатырох закладнікаў. Узброеная група працягвае заставацца на тэрыторыі часткі, ачэпленай паліцыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG