Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Калінкавічах апазыцыя зьбірае подпісы з горнам і гітарай


Актывістка АГП Алена Луцковіч вядзе збор подпісаў за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты з музычным суправаджэньнем і бел-чырвона-белым сьцягам. Рэпартаж Свабоды з Калінкавіцкага раёну.

На цэнтральнай плошчы Калінкавічаў нечакана гучыць горн і адразу зьвяртае ўвагу мінакоў да групы людзей зь бел-чырвона-белым сьцягам, якія зьбіраюць подпісы за вылучэньне Алены Луцковіч.

Гарніст Андрэй Павук, аўтар хіта «Я родам зь вёскі»

Гарніст Андрэй Павук, аўтар хіта «Я родам зь вёскі»

Алена Луцковіч

Алена Луцковіч

«А што гэта ў нас такое?» — пытаецца немалады мужчына з кульбакай.

"Выбары ў парлямэнт, подпісы зьбіраюць», — адклікаецца больш дасьведчаны гараджанін.

«А я на выбары не хаджу з 2004 году, — кажа першы. — Дый хто яе прапусьціць у парлямэнт? Там усё даўно расьпісана — хто і дзе будзе сядзець».

«А ты ня ный, ідзі нясі пашпарт і падпісвайся — дай чалавеку шанец кандыдатам зарэгістравацца», — цьвердзіць другі.

Пікет у Калінкавічах

Пікет у Калінкавічах

Тым часам на імправізаваную сцэну ў чырвонай «вышымайцы» з гітарай выходзіць сябра ініцыятыўнай групы Андрэй Павук і пяе палітычны рэп:

Андрэй Павук

Андрэй Павук

Мая пазыцыя — апазыцыя.
За гэта любяць мяне КДБ і міліцыя.
За гэта ў выканкаме ненавідзяць проста,
Ня бачыць мне працы, кар’ернага росту.
І вось я цяпер — малады дэмакрат,
І гэтай падзеі надзвычай я рад.
Жыву ў сваёй вёсцы, раблю ўсім дабро.
О, як жа, Калінкавічы, табе павязло!

Песьня выклікае сьмех. Першымі да паходнага століка, дзе вядзецца збор подпісаў, падыходзяць жанчыны. Адна зь іх, паставіўшы подпіс за вылучэньне сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алены Луцковіч кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Калінкавіцкай выбарчай акрузе № 41, кажа: «Патрэбны сьвежы вецер перамен».

Іншы гараджанін, які назваўся Іванам:

«Няхай будуць новыя людзі, няхай будуць сьвежыя сілы. Можа, нешта зьменіцца. Трэба, каб зьмянілася!»

Юры Юкоўскі, кіраўнік ініцыятыўнай групы Алены Луцковіч, заўважае, што сёлетняя парлямэнцкая выбарчая кампанія, у адрозьненьне ад леташняй прэзыдэнцкай, мае свае адметнасьці:

«Мы езьдзілі па Акцябрскім раёне, цяпер — у Калінкавіцкім. У людзей зараз больш агрэсіўнага настрою, але не да патэнцыйных кандыдатаў, а да ўладаў. І настрой гэты выглядае такой сынусоідай — дзе вышэй, дзе ніжэй. І што тут характэрна: незадаволеных асабліва шмат зьявілася ў асяродку пэнсіянэраў — галоўнага электарату прэзыдэнта, ягонай „цяжкай артылерыі“. Багата людзей настроены на перамены. Мы імкнуліся зрабіць свой пікет крэатыўным, з музычным суправаджэньнем, каб падымаць настрой у людзей, усяляць у іх упэўненасьць у неабходнасьць пераменаў. Два дні таму мы былі ў вёсцы Парэчча Акцябрскага раёну, дык вяскоўцы нават не хацелі адпускаць. Ішлі да пікету, падпісваліся, дыскусіі заводзілі пра цяперашняе жыцьцё-быцьцё, якое, на жаль, не становіцца лепшым».

З Калінкавічаў ініцыятыўная група Алены Луцковіч выправілася ў вёску Малыя Аўцюкі — сталіцу беларускага фэстывальнага гумару.

Парада аўцюкоўца Пятра Векі

Парада аўцюкоўца Пятра Векі

Жыхар Малых Аўцюкоў Пётр Века адным зь першых паставіў подпіс за вылучэньне Алены кандыдатам у дэпутаты, і раіў актывістцы АГП:

«От, я цябе навучу, як стаць дэпутатам. У нас працаваць у вёсцы асабліва няма дзе — многія ўранку езьдзяць на працу ў Калінкавічы. Але не аўтобусам, а спадарожным транспартам. Калі выб’еш нам аўтобус уранку на Калінкавічы, лічы, што ты ўжо наш дэпутат».

Некаторыя вяскоўцы падыходзілі да пікетоўцаў з падфарбаванымі сокам чарніц пальцамі.

«Калі станеш дэпутатам, — раіў мясцовы жыхар Уладзімер, — каб нас ня крыўдзіла. Ой, глядзі! Законы пісаць цяжка. Дык рабі так, каб мы, старыя, у гэтыя ягады ў лес не цягаліся. Бяжым у лес, каб зарабіць капейку. На пэнсію выжываць цяжка».

Пікет ў Сыродзе

Пікет ў Сыродзе

З падобнымі пытаньнямі да патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты зьвярталіся людзі сталага веку ў аграгарадку Сырод.

«Трыццаць гадоў „на быках“ працавала. І ў паляводзтве рабіла, — кажа спадарыня Ніна. — Пэнсія — два мільёны на старыя грошы. Кіраўнік гаспадаркі „Дружба-Аўцюкі“ ў нас добры, але ж не ад яго пэнсія залежыць.

Як пражыць? Адзець хлопца ў школу — мільён, абуць — таксама мільён. А дзе іх набраць? Ва Ўкраіну езьдзім абувацца ды адзявацца — там таньней. Зноў жа, прыватызаваць домік — 120 мільёнаў. Дзе іх знайсьці? Крэдыт ня возьмеш, бо працэнтаў больш заплаціш, чым сам крэдыт. Вось пра гэта дэпутатам трэба думаць. Але мы іх тут ня бачым. Толькі Лукашэнка да нас раней прыяжджаў. Але ж яму таксама ня скажаш, бо да яго не падступіцца».

Рух у Сыродзе каля крамы, дзе разьмясьціўся пікет па збору подпісаў, мацнейшы, чым у сталіцы фэстывальнага гумару. Але ня ўсе падпісваюцца. Некаторыя вяскоўцы, пачуўшы слова «выбары», махаюць рукой. Весела хіба толькі мясцовай дзятве. Сьмялейшыя адразу «прыватызавалі» горн Андрэя Павука, спрабуюць выдзімаць зь яго хоць нейкую мэлёдыю. Горн і гітара гучаць на ўвесь цэнтар вёскі Сырод.

Алена Луцковіч

Алена Луцковіч

«Вяскоўцы ў нас найбольш безабаронныя людзі. Яны амаль цалкам залежаць ад сваёй гаспадаркі. Калі кіраўнік путны, ім лягчэй. І тлумачыць вяскоўцам што да чаго трэба больш старанна. Многія мала што ведаюць ня толькі пра дэмакратычныя партыі, іх праграмы, але і ўвогуле пра выбары. Некаторых слова „апазыцыя“ часам нават палохае. Мы й стараемся сваімі „музычнымі“ пікетамі стварыць добрую атмасфэру ў асяродку патэнцыйных выбарцаў», — тлумачыць Алена Луцковіч, прэтэндэнтка на мандат у парлямэнт ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі па Калінкавіцкай выбарчай акрузе № 41.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG