Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Міжнародны Алімпійскі Камітэт не адхіліў Расею ад Алімпіяды?

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст.


Цыганкоў: У нядзелю, 24-га ліпеня, Міжнародны Алімпійскі камітэт вырашыў не адхіляць усю спартовую зборную Расеі ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях у Рыё-дэ-Жанэйра. Выканкам МАК пастанавіў, што рашэньне аб допуску да Алімпіяды кожнага расейскага спартоўца будуць прымаць адпаведныя міжнародныя фэдэрацыі.

Гэтае рашэньне выклікала неадназначную рэакцыю як у Расеі, так і ў сьвеце. У Расеі пераважная рэакцыя была станоўчая, задаволеная, а ў сьвеце часта гучалі крытычныя водгукі, паколькі, маўляў, сваёй гісторыяй зь лёгкай атлетыкай Расея паказала, што там спорт на сёньня ўвогуле ня чысты, і немагчыма адхіляць толькі адну фэдэрацыю лёгкай атлетыкі, бо ўвесь расейскі спорт дзейнічае па тых самых прынцыпах, а гэта моцнае ўмяшаньне дзяржавы, хаваньне допінгу нават пры дапамозе спэцслужбаў.

Аднак апошнім часам зьяўляецца інфармацыя, што на Алімпіяду могуць патрапіць 10-15% расейскіх спартоўцаў пры першапачатковай заяве ў 387 чалавек. Магчыма, у Рыё паедуць толькі 40-50 спартоўцаў. Каля 90% могуць ня трапіць, паколькі іх адхіляць адпаведныя фэдэрацыі.

Можна сказаць, што здабыча мэдалёў стала для Расеі нейкай спэцапэрацыяй.

Уся гэтая гісторыя паказвае, якая высокая ступень умяшальніцтва дзяржавы ў сучасным расейскім спорце. Можна сказаць, што здабыча мэдалёў стала для Расеі нейкай спэцапэрацыяй. Як паказвае той даклад, у выніку якога і была адхіленая расейская зборная па лёгкай атлетыцы, спорт стаў ня справай высокіх дасягненьняў, а дзяржаўнай справай, а гэта ўсё, мякка скажам, не адпавядае алімпійскай хартыі.

Калі ацэньваць рашэньне не адхіляць Расею ўсю як краіну ад удзелу ў Алімпіядзе, я лічу, што яно было правільным, паколькі няма такога паняцьця, як калектыўная адказнасьць, і ня могуць спартоўцы зь іншых відаў спорту адказваць за сваіх калегаў. Скажам, у стральбе з луку, дзе допінг наогул непатрэбны, ён і не ўжываецца. Навошта адхіляць спартоўцаў у гэтай галіне за тое, што рабілася, напрыклад, у галіне лёгкай атлетыкі?

Як вядома, беларуская афіцыйная зборная па байдарках і веславаньні таксама была адхіленая за знойдзены допінг, а днямі МАК апублікуе вынікі пераправеркі тэстаў на Алімпіядах у Пэкіне ў 2008 годзе і ў Лёндане ў 2012 годзе. Сярод тых спартоўцаў, чые пробы могуць быць прызнаныя станоўчымі, дзьве беларускі — Натальля Міхневіч, штурханьне ядра, і Аксана Мінькова, кіданьне молату. Так што і Беларусь не зусім адпавядала алімпійскім крытэрам.

Дракахруст: Відавочна, што наконт гэтых рашэньняў вельмі часта гучыць меркаваньне, што гэта чыстая палітыка, маўляў, Расею крыўдзяць. Гэта і так, і ня так.

З аднаго боку, вы, Віталь, сказалі, што спорт даўно ў Расеі стаў сымбалем нацыянальнага гонару, што такія мэтады ў Расеі, ды яшчэ ў СССР, ня ўчора пачалі ўжывацца. Вы ў апошняй «Эспэртызе» прыгадвалі пра тое, што дагэтуль непераўзыдзеныя некаторыя ГДР-аўскія рэкорды 80-х гадоў у лёгкай атлетыцы, якія рабіліся выключна на допінгу.

Ёсьць гішпанская прымаўка: сябру — усё, ворагу — толькі закон. І ў дадзенай сытуацыі спрацавала менавіта гэта.

Але ёсьць гішпанская прымаўка: сябру — усё, ворагу — толькі закон. Ня менш, чым закон, але толькі закон. І ў дадзенай сытуацыі спрацавала менавіта гэта. Ня ў тым справа, што з-за палітычных меркаваньняў нешта прыдумалі, накляпалі на «белую і пухнатую» Расею.

Так, магчыма, раней на нешта заплюшчвалі вочы, на нешта не зьвярталі ўвагі і ня так пільна правяралі. А цяпер пільна праверылі. Гэта забаронена? Не, не забаронена. І гэта было зроблена.

Вось гэтае новае стаўленьне да Расеі праявілася. Калі Расея ведае, што яна зараз у такім статусе, магчыма, ня трэба парушаць правілы, а калі яна парушае, вось і адбываюцца такія рэчы.

У дадзеным выпадку было прынятае дазаванае рашэньне, і магчыма таксама з улікам ня толькі чыста спартовых меркаваньняў, але і палітычных. Наколькі я разумею, не існуе нейкага міжнароднага спартовага закону, што калі ў часткі нейкай каманды знойдзены допінг, то трэба адхіляць усю каманду. Няма і закону, паводле якога калі ў камандзе нейкага віду спорту яе чальцы шырока ўжываюць допінг, то трэба адхіляць ад алімпіяды атлетаў іншых відаў спорту. Такога закону няма, гэта справа людзкіх рашэньняў, ну, а людзі ёсьць людзі, яны прымаюць рашэньні ў тым грамадзкім кантэксьце, у якім жывуць.

Цыганкоў: У ЗША таксама ня раз лавілі да допінгу лёгкаатлетаў, у тым ліку славутых пераможцаў у бегу на 100 мэтраў, быў выпадак, калі цэлую эстафэтную зборную дыскваліфікавалі. Аднак рэч у тым, што іх правяралі і лавілі свае ўласныя антыдопінгавыя структуры. У Расеі, што асабліва абурыла міжнародную спартовую супольнасьць, нацыянальныя антыдопінгавыя структуры проста пакрывалі парушэньні з дапамогай ФСБ.

Карбалевіч: Падаецца, пасьля рашэньня МАК большасьць СМІ не зусім дакладна інфармавалі аб ім. Казалі, што МАК вырашыў не адхіляць расейскую зборную, як патрабавала Сусьветная антыдопінгавая агэнцыя. Насамрэч МАК даручыў вырашыць гэтае пытаньне міжнародным спартовым фэдэрацыям па відах спорту. Прычым, вырашаць адносна расейскіх спартоўцаў у індывідуальным парадку.

Алімпійскія гульні ў Бразыліі пачынаюцца праз 10 дзён. Але канчатковы склад удзельнікаў дасюль невядомы. Як можна будаваць стратэгію перамогі ў такой нявызначанай сытуацыі?

Лічу такое рашэньне правільным, адпаведным прынцыпам права. Бо з прававога гледзішча віна не павінна быць калектыўнай, а толькі індывідуальнай. І адпаведнае пакараньне. Таксама павінна дзейнічаць прэзумпцыя невінаватасьці. Дарэчы, як я лічу, гэтыя прынцыпы не былі рэалізаваныя пры прыняцьці рашэньня аб адхіленьні ад Алімпіяды беларускіх весьляроў.

Ці вось яшчэ адна прававая калізія. Цяпер знойдзеныя сьляды допінгу ў спартоўцаў, якія перамаглі на Алімпіядзе у Пэкіне-2008 і ў Лёндане-2012. Гэта тычыцца і беларускіх спартоўцаў. Іх могуць пазбавіць мэдалёў. Але ці трэба гэта рабіць? Ці можа закон мець зваротную сілу? Тут жа ўзьнікае шмат калізіяў.

Спартовец заваяваў мэдаль, атрымаў грашовую ўзнагароду ад нацыянальнай фэдэрацыі, можа, пабудаваў кватэру. І раптам мэдаль забіраюць. Дык трэба вяртаць грошы назад, аддаваць кватэру? Ці як?

Але вернемся да расейскай зборнай. Міжнародныя фэдэрацыі ўжо пачалі адхіляць расейскіх спартоўцаў у індывідуальным парадку, зважаючы на тое, ці былі ў іх праблемы з допінгам. У выніку. як пішуць замежныя мэдыя, на Алімпіяду ў Рыё-дэ-Жанэйра можа патрапіць каля 40 расейскіх спартоўцаў пры першапачатковай заяўцы ў Алімпійскага камітэту Расеі ў 387 чалавек.

Увогуле сытуацыя складваецца абсалютна ненармальная, якой ніколі раней не было. Алімпійскія гульні ў Бразыліі пачынаюцца праз 10 дзён. Але канчатковы склад удзельнікаў дасюль невядомы. Як можна нармальна трэніравацца, рыхтавацца, будаваць стратэгію перамогі ў такой нявызначанай сытуацыі? Усё ж павінны існаваць нейкія стабільныя правілы гульні.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG