Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Руская праваслаўная царква запусьціць свой уласны мэсэнджэр, праца над ім ужо пачалася.

Пра гэта перадае ТАСС са спасылкай на прэсавую службу праваслаўнай сацсеткі «Еліцы», створанай па благаславеньне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Мэсэнджэр будзе «важным зьвяном адзінай камунікацыйнай плятформы Расейскай праваслаўнай царквы, якая ствараецца распрацоўшчыкамі „Еліцы“ для задавальненьня патрэбаў вернікаў у інтэрактыўных зносінах і бесперапыннай сувязі прыхаджан з Царквой», — адзначылі ў прэс-службе.

У новым мэсэнджэры, акрамя звыклых функцый, такіх як перадача тэкставых, аўдыё- і відэапаведамленьняў, будуць і адмысловыя. У прыватнасьці, пашыранымі магчымасьцямі будуць валодаць сьвятары. «Прадстаўнікі розных узроўняў царкоўнай герархіі змогуць апэратыўна даносіць важную інфармацыю да шырокай аўдыторыі», — разьлічваюць распрацоўшчыкі.

Нагодай для стварэньня мэсэнджэра сталі запыты карыстальнікаў сацсеткі «Еліцы», у якой зарэгістравана больш за 100 тысячаў карыстальнікаў, уключаючы каля тысячы сьвятароў. Як паведамляецца, афіцыйныя старонкі ў сетцы маюць 63 дыяцэзіі і 45 архіерэяў. Падмуркам мэсэнджэра будзе база з 18 тысачаў праваслаўных храмаў і іх суполак.

«Патэнцыйная аўдыторыяй сацыяльнай сеткі і мэсэнджэру, па нашых ацэнках, могуць стаць ад 7 да 10 мільёнаў чалавек», — цытуе ТАСС дырэктара па разьвіцьці сеткі «Еліцы» Івана Сусьліна.

XS
SM
MD
LG