Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская газэта «Коммерсант» паведаміла, што першы віцэ-прэм’ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі і віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч прыйшлі да папярэдняга кампрамісу па вострым нафтагазавым канфлікце.

Гэтыя пытаньні ўжо доўгі час азмрочвалі двухбаковыя адносіны, з пачатку году Беларусь заявіла, што будзе плаціць за газ у адпаведнасьці са сваёй, а не расейскай, інтэрпрэтацыяй пагадненьня. «Газпром» у ліпені налічыў доўг Беларусі ў 270 мільёнаў даляраў. Яшчэ ў чэрвені Расея істотна скараціла ў трэцім квартале ўзгодненыя пастаўкі ў Беларусь бязмытнай нафты. У якасьці прычыны называлася як скарачэньне паставак Беларусі ў Расею нафтапрадуктаў, так і пазыцыя Менску ў газавым пытаньні.

Газавы канфлікт безвынікова абмяркоўвалі ў чэрвені ў Менску прэзыдэнты дзьвюх краінаў Аляксандр Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін.

Згодна з камюніке па выніках перамоваў 12 ліпеня ў Маскве прэм’ераў РБ і РФ Андрэя Кабякова і Дзьмітрыя Мядзьведзева, бакі «абмяняліся думкамі» па спрэчным пытаньні. Аднак, паводле «Коммерсанта», нейкая дамоўленасьць абмалявалася на перамовах Мацюшэўскага і Дварковіча.

Паводле інфармацыі газэты, Менск пагадзіўся выплаціць пазыку ў 270 млн даляраў за газ, пасьля чаго пастаўкі нафты вернуцца на ранейшы ўзровень.

Таксама, паводле «Коммерсанта», бакі дамовіліся, што пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў у Расею павінны ажыцьцяўляцца незалежна ад таго, выгадныя яны беларускім вытворцам ці не. Акрамя таго, Расея пагадзілася абмяркоўваць зьніжэньне цаны на газ, але пры ўмове, што Беларусь пагодзіцца на рэалізацыю шэрагу сумесных праектаў стварэньня СП беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў: МАЗа з КамАЗам, «Гродна Азота» з «Еврохимом» і іншых.

Зразумела, формула кампрамісу неканчатковая, але і сам канфлікт, і яго вырашэньне (пакуль гіпатэтычнае) — нагода пагаварыць у цэлым аб традыцыі ўзьнікненьня падобных канфліктаў і іх вырашэньня.

Зь ніводнай краінай адносіны ў нафтагазавай сфэры не суправаджаюцца такой колькасьцю скандалаў, як з найбліжэйшым саюзьнікам.

Расея мае даволі непрыязныя, а то і варожыя адносіны з многімі краінамі сьвету. Аднак зь ніводнай краінай адносіны ў нафтагазавай сфэры не суправаджаюцца такой колькасьцю скандалаў, як з найбліжэйшым саюзьнікам. У 2004 годзе — лютаўскае адключэньне падачы газу, названае Аляксандрам Лукашэнкам «тэрарызмам на вышэйшым узроўні», у 2006 годзе — новы скандал, у 2007 годзе — адключэньне транзыту расейскай нафты праз Беларусь, у 2010 годзе — ізноў спыненьне паставак газу ў Беларусь. Ну, а гісторыя з продажам «Газпрому» «Белтрансгаза» — гэта наогул эпас, бітва лапіфаў з кентаўрамі.

Польшча і Літва, напрыклад, і раней ставіліся да Масквы ня надта цёпла, а зараз дык і ўвогуле асьцерагаюцца візыту пуцінскіх «зялёных чалавечкаў». Але ў тым, што тычыцца нафты і газу, сыстэма адносінаў РФ з гэтымі краінамі працавала і працуе, як гадзіньнік: пастаўкі ажыцьцяўляюцца ў тэрмін, плацяжы ажыцьцяўляюцца ў тэрмін. Ніякіх «а мы лічым, што справядліва плаціць менш і будзем плаціць менш», адпаведна і ніякіх затрымак з пастаўкай тавару не назіраецца. Стратэгічна Эўропа хоча зьнізіць залежнасьць ад расейскіх энэргарэсурсаў, аднак зьмяненьне ўмоваў гандлю адбываецца (ці не адбываецца) ў ціхіх перамовах адмыслоўцаў, публіка даведаецца толькі пра вынік.

Ня тое паміж саюзьнікамі. Чаму? Ну, тлумачэньне на птушынай мове палітаналітыкаў зводзіцца да таго, што адносіны ў энэргетычнай сфэры паміж РБ і РФ моцна палітызаваныя. Больш сакавіта пракамэнтаваў гэта расейскі экспэрт беларускага паходжаньня Кірыл Коктыш: «Гэта ж не англасаксонская цывілізацыя, якая заснаваная на тым, што працэдура непарушная».

Гэта так. Усход, які, як вядома, справа тонкая. Хай і ўсход Эўропы, але ўсё ж усход. Дзе кантэкст куды важней, чым тэкст.

Тэкст, у дадзеным выпадку — тэкст адпаведных дамоў, толькі канва, на якой палітычныя гульцы вышываюць самыя мудрагелістыя ўзоры. Маркотнае англасаксонскае выкананьне мёртвай літары замяняецца іскрамётнай, поўнай прыгодаў гульнёй па самых высокіх стаўках.

Тэкст адпаведных дамоў, толькі канва, на якой палітычныя гульцы вышываюць самыя мудрагелістыя ўзоры. Аляксандр Лукашэнка гуляў так дзесяцігодзьдзямі. І прынамсі праз раз выйграваў.

Вось Беларусь заявіла — а мы ня будзем плаціць столькі, колькі павінныя згодна з вашай трактоўкай дагавора. Вы думаеце — не заплаціць у рэшце рэшт? Заплаціць. Па меншай меры, ва ўсіх папярэдніх крызісах, калі Беларусь ўжывала такі прыём, ёй ніколі нічога не прабачалі заднім лікам.

Але гэта ня значыць, што такі ход у гульні ня мае сэнсу, што ён памылковы, што ён пагаршае пазыцыю таго, хто парушае правілы. У рамках ня пісаных, а рэальных правілаў гэтай гульні — цалкам сабе легітымны ход, пазыцыя запыту, якая, зразумела, будзе потым здадзеная. Але не за так.

Аляксандр Лукашэнка гуляў так дзесяцігодзьдзямі. І прынамсі праз раз выйграваў. Можна, вядома, сказаць, што стратэгічна прайграваў, што Беларусь трапляла ва ўсё большую залежнасьць ад Расеі, пазбаўляла сябе альтэрнатываў, што ня ёсьць добра. Але ў тым, што тычыцца канкрэтных сутычак, то праз раз.

Стыль — гэта чалавек. Дарэчы, падобны тыпаж сустракаецца і сярод тых жа англасаксаў. Сэнсацыяй апошніх дзён стала заява Дональда Трампа, што калі ён стане прэзыдэнтам, то ЗША паставяць выкананьне абавязацельстваў перад саюзьнікамі ў рамках НАТО ў залежнасьць ад таго, наколькі гэтыя саюзьнікі самі мацуюць сваю абарону. Думаю, што ў краінах Балтыі не на адной галаве дадалася сівых валасоў ад гэтай заявы. Гэта ж абавязацельства Амэрыкі, як можна гэтым гуляць? Так, нельга.

Падобны тыпаж сустракаецца і сярод тых жа англасаксаў.

Але вось прэзыдэнт Эстоніі Тоомас Ільвэс у адказ на заяву Трампа адразу ж нагадаў, што яго краіна абавязацельства выдаткоўваць на абарону 2% ад ВУП спраўна выконвае. Так што калі вынікам шантажу Трампа стане тое, што і іншыя краіны НАТО падвысяць свае ваенныя выдаткі, то ён дасягне сваёй мэты. Якой гадамі не маглі дасягнуць яго папярэднікі ўгаворамі і перакананьнямі. А вернасьць дамовам? А Трамп і не сказаў, што Амэрыка пры ім ня будзе выконваць абавязацельствы, сказаў, што падумае.

Ёсьць, вядома, рызыка, што вынікам такога шантажысцкага падыходу стане страта даверу да Амэрыкі, развал НАТО, што нейкія краіны наогул падумаюць, ці ня лепш дамовіцца з Пуціным, чым спадзявацца на такога ненадзейнага саюзьніка. Ну так, ёсьць такая рызыка, вядома. Але стыль — гэта чалавек, як і было сказана.

На першы погляд, гэта рэпліка моцна ў бок: тут прэзыдэнт — там кандыдат, тут Беларусь — там Амэрыка, тут праблемы энэргетычных паставак — там пытаньні глябальнай бясьпекі. Але структура паводзінаў вельмі падобная — ход з выклікам шляхам адвольнай трактоўкі абавязацельстваў, вайна нэрваў. А там бачна будзе. Калі адказ апынецца досыць важкім, то можна ж і адступіць, растлумачыць, што ня так зразумелі.

Структура паводзінаў вельмі падобная — ход з выклікам шляхам адвольнай трактоўкі абавязацельстваў, вайна нэрваў. А там бачна будзе.

Тым больш што ў Маскве такі стыль не выклікае нейкага экзыстэнцыйнага непрыманьня. Пуцін так грае на вялікай сусьветнай «шахматнай дошцы», з чаго яму абурацца, калі Лукашэнка ў тым жа стылі грае на маленькай?

Праўда, менавіта ў цяперашнім беларуска-расейскім канфлікце ў пэўным сэнсе зайшла каса на камень. У адказ на аднабаковае вызначэньне Беларусьсю сваіх выплатаў за пастаўлены газ расейскаму прыватнаму (вы будзеце сьмяяцца) «гаспадарчаму суб’екту» «Газпрому» расейская дзяржава істотна перагледзела ў бок зьніжэньня свае міжурадавыя абавязацельствы па пастаўцы ў Беларусь бязмытнай нафты. І тут ёсьць тэкст, а ёсьць кантэкст, не англасаксы ж якія. Славянскія браты ж.

Магчыма, формула кампрамісу, абнародаваная «Коммерсантом», і праўда будзе ўвасобленая ў жыцьцё. Іншымі словамі, пастаўкі нафты адновяцца ў ранейшым аб’ёме, будзе перагледжаная цана на газ. Гэта з расейскага боку. Ну, а з беларускага...

Ну, па абавязковых пастаўках нафтапрадуктаў яна прайграе, а вось па абавязковаму стварэньню СП беларускіх прадпрыемстваў з расейскімі аналягамі — зусім ня факт. У тым сэнсе, што могуць, вядома, урачыста паабяцаць. Але, магчыма, ёсьць разьлік на тое, што рашэньне аб аднаўленьні паставак нафты і аб новай цане на газ па сваёй прыродзе аднамомантавыя. А прыватызацыя велізарных прадпрыемстваў — справа доўгая і моташная.

Бо ўключыць іх у СП з расейскімі абяцалі даўно, у гэтым кірунку вялася бурная, кіпучая дзейнасьць. Але неяк не зраслося з-за нежаданьня беларускага боку. Вірлівая і кіпучая дзейнасьць адновіцца. Як і абяцалі. А вось ці зрасьцецца? А вось гэта зусім ня факт.

Зусім невідавочна, што «дыпляматыя скандалу» прыносіць толькі страты.

Але пры гэтым, калі параўноўваць цяперашнія, пакуль гіпатэтычныя, вынікі з альтэрнатывай, пры якой Беларусь сядзела б ціха і пунктуальна выконвала б усе пагадненьні, то зусім невідавочна, што «дыпляматыя скандалу» прыносіць толькі страты. Акрамя павагі расейцаў, якім па жыцьці падабаюцца зубастыя і агрэсіўныя, магчыма, шантаж прынёс і нейкі прафіт. Раней жа і не ішла гаворка аб зьніжэньні цаны на газ. А зараз пайшла. Праўда, у абмен на прыватызацыю шэрагу прадпрыемстваў. Цікава, расейцы і праўда думаюць, што гэтым разам яны будуць прыватызаваныя?

Варта адзначыць, што гэтым разам умовы вечнай беларуска-расейскай гульні былі для Беларусі горшымі, чым у ранейшыя гады. У 2010 годзе, напрыклад, у адказ на адключэньне паставак газу ў Беларусь быў адключаны транзыт газу ў Літву, што тады стала прадметам турботы для Расеі. Зараз ніхто нічога не адключаў, але калі б узьнікла такое жаданьне ў Маскве, то Беларусі ў адказ было б няма чаго адключаць. Па меншай меры, у газавай сфэры. «Белтрансгаз» ужо сышоў Расеі, а «Ямал-Заходняя Еўропа» ад пачатку быў расейскім. Не, тэхнічныя магчымасьці можа і застаюцца, але тут якраз і можна было б атрымаць у адказ дэсант расейскіх парашутыстаў, выкінутых у раён газапроводу, каб абараніць расейскую ўласнасьць.

Зьмянілася сытуацыя і ў ідэалягічнай сфэры. У 2004 годзе можна было грукатаць наконт «тэрарызму на вышэйшым узроўні», лаяць «тлустых катоў» з «Газпрому». Расейская грамадзкая думка — мэта падобных філіпікаў — гэта з апэтытам зьядала і аказвала пэўны ціск на Крэмль.

А зараз, пасьля «крымнаш», санкцыяў, сырыйскага паходу, завоблачнага рэйтынгу Пуціна, які і ня сьніўся Лукашэнку, павароту расейскага грамадзтва ад знаёмай Лукашэнку настальгіі па СССР да зусім іншых берагоў — ці спрацавала б гэта? Правяраць Лукашэнка ня стаў. Толькі на сустрэчы з лідэрам КПРФ Генадзем Зюганавым паскардзіўся: «Хоць мы і прасунуліся далей за ўсіх у нашых адносінах, ёсьць нюансы, якія насьцярожваюць нас, кіраўніцтва краіны, і вельмі крыўдзяць людзей». А тое не, вядома, насьцярожваюць і крыўдзяць. Але ж і не пажалісься нікому, акрамя старога таварыша па партыі.

Але калі Беларусь у гэтых, значна горшых, чым раней, умовах здолее вярнуць пастаўкі бяспошліннай нафты ў абмен на абавязацельства паставак нафтапрадуктаў і дамагчыся зьніжэньня кошту на газ у абмен на гіпатэтычныя абавязацельствы нешта прыватызаваць, то такі вынік варта прызнаць вельмі нядрэнным.

Перадрук з парталу TUT.BY

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG