Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што амэрыканскія дэмакраты супрацьпаставяць Трампу


Скандал з паперамі WikiLeaks, пратэсты прыхільнікаў Бэрні Сандэрса, рэйтынг Трампа пераўзышоў рэйтынг Клінтан — кантэкст і зьмест першага дня зьезду дэмакратычнай партыі ЗША.

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.


Дракахруст: Калі на зьезьдзе рэспубліканцаў скандалы адбываліся на самім форуме, то ў дэмакратаў скандалы віравалі напярэдадні зьезду і вакол яго.

Вядомы сайт WikiLeaks апублікаваў выкрадзеную перапіску партыйнага кіраўніцтва дэмакратаў падчас праймэрыз. Зь яе вынікае, што насуперак публічным заявам пра нэўтралітэт партыйны апарат актыўна шукаў спосабы падтрымаць падчас праймэрыз Гілары Клінтан на шкоду Бэрні Сандэрсу. Гэтае выкрыцьцё спрычыніла заяву пра адстаўку кіраўніцы Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ЗША Дэбі Васэрман-Шульц.

Гэта спарадзіла выбух гневу сярод прыхільнікаў Сандэрса. Яны бурліва пратэставалі супраць Клінтан на вуліцах Філядэльфіі, дзе праходзіць зьезд.

На самім форуме прыхільнікі Сандэрса віталі яго працяглымі авацыямі, але спрабавалі воклічамі перапыніць яго выступ, калі сэнатар, нягледзячы ні на што, выказаўся ў падтрымку кандыдатуры Гілары Клінтан.

Сандэрс прадэманстраваў высакароднасьць і вернасьць слову, не дапусьціў вонкавага расколу. Але пытаньне ў тым, ці прадухіліў ён раскол зьмястоўна, ці пагодзяцца зь ім яго прыхільнікі.

Дэмакраты заяўляюць, што іх унутраную перапіску скралі хакеры Пуціна. Цалкам магчыма, што так яно і было. Але даказаць, што існавала змова паміж камандай Трампа і Крамлём на гэты конт, яны ня могуць, а зьмест абнародаванай перапіскі — моцны ўдар па рэпутацыі дэмакратаў незалежна ад таго, хто выцягнуў на белы сьвет іх «брудную бялізну».

Рэйтынгі паказваюць, што Трамп упершыню за ўсю кампанію пераўзышоў Клінтан. Часткова гэта рэха рэспубліканскага зьезду. Але перавага важная псыхалягічна. Яна разбурае мантру «Трамп ня можа перамагчы».

Але галоўнае пытаньне — ці прапануюць дэмакраты нешта прыцягальнае, прывабнае для народу, ці пераб’юць уражаньне ад простых (магчыма, занадта простых) рашэньняў, якія прапануе Дональд Трамп. Рэйтынгі паказваюць, што Трамп упершыню за ўсю кампанію пераўзышоў Клінтан. Безумоўна, часткова гэта вынік, рэха рэспубліканскага зьезду, пасьля зьездаў у амэрыканскай гісторыі рэйтынг кандыдата адпаведнай партыі заўсёды крыху падвышаўся. Але перавага, дасягнутая, паўтаруся, упершыню за ўсю кампанію, важная псыхалягічна. Яна прынамсі разбурае мантру «Трамп ня можа перамагчы».

Па шчырасьці, я пакуль ня ўбачыў на зьезьдзе нейкага ўдарнага пункту, слогану, вялікай ідэі. Мішэль Абама, выступаючы на зьезьдзе, уступіла ў палеміку з лёзунгам Трампа «Зробім Амэрыку вялікай ізноў», сказаўшы, што яна і цяпер вялікая. Магчыма, і так, але многія з гэтым нязгодныя. Такая канстатацыя, нават калі яна і справядлівая — гэта ня бачаньне будучыні.

Таксама трохі дзіўным падаўся мне аргумэнт, які прагучаў і з вуснаў спадарыні Абамы, і з вуснаў іншых дэлегатаў — што абраньне Клінтан пакажа, што жанчына ў Амэрыцы можа стаць прэзыдэнтам. Але нацыянальныя выбары — гэта ня тэст на эмансыпацыю. Добра, што жанчына можа стаць прэзыдэнтам. Але жанчына, як і мужчына, можа стаць як добрым, гэтак і кепскім прэзыдэнтам. І здаецца, мэта ўсё ж пераканаць выбаршчыка, што кандыдат будзе добра кіраваць краінай. Што спасылка на пол кандыдата ніяк не даказвае.

Цыганкоў: Цікава, што той жа лёзунг унікальнасьці абыгрываўся даволі актыўна, калі абіраўся Барак Абама. Што нарэшце Амэрыка дайшла да такога ўзроўню, што чарнаскуры кандыдат можа стаць прэзыдэнтам. І гэта якраз было нечым сьвежым, яскравым, і сапраўды многія людзі галасавалі і за гэта. Як сьведчаньне значных крокаў, якія зрабілі ЗША да расавай еднасьці, убок ад сэгрэгацыі, ад свайго расісцкага мінулага.

Але цяпер гэты ж лёзунг у дачыненьні да жанчыны ўжо ня так дзейнічае, паколькі нечаканасьць гэтага моманту прайшла на прыкладзе Абамы, і гэта не ўспрымаецца як адназначны плюс.

Дэмакраты на сёньня адбіваюцца ад Трампа, ад ягоных ідэй, яд ягонага парадку дня, а не прапануюць нешта новае сваё.

Дэмакраты на сёньня адбіваюцца — і гэта, відаць, ня вельмі выгодная пазыцыя — яны адбіваюцца ад Трампа, ад ягоных ідэй, яд ягонага парадку дня, а не прапануюць нешта новае сваё. Магчыма, нешта кардынальна новае, як Кэнэдзі ці Ліндан Джонсан, прапанаваць немагчыма, але цьвёрдая устаноўка і дэвіз Трампа «Make America great again» пакуль не перабітыя адпаведным лёзунгам дэмакратаў.

Што да скандала з абнародаваньне перапіскі апарата дэмакратычнай партыі, то цікава, як крыніцай зла робяцца Расея і Пуцін. Пры кожным выпадку — валі на Пуціна. Ня ведаю, наколькі гэта будзе выгодна і будзе прымацца амэрыканскім насельніцтвам. Якая розьніца, хто паспрыяў таму, што была апублікаваныя гэтая перапіска? Мае значэньне тое, што там было, а там было, што кіраўніцтва партыі было на баку Гілары Клінтан і не прымала іншага кандыдата, Сандэрса.

Гэта, безумоўна, удар па дэмакратычнай партыі, з улікам таго, наколькі Бэрні Сандэрс быў пэрспэктыўным кандыдатам, змог навязаць актыўную жорсткую барацьбу з Гілары Клінтан. Цяпер, наколькі вядома, ён яе падтрымаў, пабачым, наколькі гэта будзе ярка і шчыра. Выглядае, што на сёньня дэмакраты прапануюць выбраць Клінтан як меншае з двух зол.

Карбалевіч: Варта мець на ўвазе, што сабой уяўляюць перадвыбарчыя зьезды амэрыканскіх партый. Звычайна ніякай сур’ёзнай дыскусіі там не адбываецца. Усё абмеркаванае раней і больш у кулюарах. Таму выніковы зьезд — гэта шоў.

Выключэньні бываюць рэдка. Такое выключэньне можна было назіраць на зьезьдзе Рэспубліканскай партыі, дзе частка партыйнага істэблішмэнту спрабавала выступіць супраць вылучэньня Трампа кандыдатам. Ну, а зьезд Дэмакратычнай партыі адбываецца ў звычайным фармаце. Там няма рознагалосьсяў адносна кандыдата ад партыі. І галоўны супернік Гілары Берні Сандэрс падтрымаў Клінтан. А шоў, каб зрабіць піяр-эфэкт, павінна быць маштабным. Таму расьцягнулі зьезд аж на чатыры дні.

Агульнанацыянальны рэйтынг не азначае перавагу кандыдата падчас выбараў. Бо амэрыканская выбарчая сыстэма прадугледжвае, што перамогу трэба атрымліваць у большасьці штатаў.

Вось прыйшло паведамленьне, што паводле апошняга сацыялягічнага апытаньня Трамп апярэджвае Клінтан на 3 працэнтных пункта. Але тут трэба мець на ўвазе два моманты.

Па-першае, пасьля зьезду, на якім адбываецца вылучэньне партыйнага кандыдата, рэйтынг гэтага кандыдата адразу падвышаецца. Бо ўсе мэдыі маштабна асьвятляюць падзею, што дае дадатковы піяр і падвышае рэйтынг партыйнага кандыдата. Таму варта чакаць, што пасьля зьезду Дэмакратычнай партыі рэйтынг Гілары Клінтан таксама вырасьце.

Па-другое, лепшы агульнанацыянальны рэйтынг не азначае перавагу кандыдата падчас выбараў. Бо амэрыканская выбарчая сыстэма прадугледжвае, што перамогу трэба атрымліваць у большасьці штатаў. Таму агульнанацыянальны рэйтынг не заўсёды адлюстроўвае рэальныя шанцы кандыдатаў.

На Гілары Клінтан зараз уплываюць нэгатыўныя моманты ў дзейнасьці адміністрацыі Барака Абамы. Што тычыцца моцнага лёзунгу, наперадзе яшчэ шмат часу, цалкам рэальна, што такія лёзунгі зьявяцца.

Цыганкоў: На такіх зьездах сапраўды, як правіла, няма ніякіх адкрыцьцяў, але ёсьць і выключэньні. Барак Абама стаў вядомым палітыкам, зоркай дэмакратычнай партыі пасьля свайго выступу на зьезьдзе ў 2004 годзе, калі ён, малавядомы палітык, сказаў палымяную прамову. А ў 2008 годзе ўжо абіраўся ад партыі і стаў прэзыдэнтам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG