Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія магчымыя наступствы плянаванай лібэралізацыі фінансавага рынку.

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў.


Карбалевіч: Нацыянальны банк рыхтуе дакумэнт які ўмоўна называецца «Стратэгія разьвіцьця фінансавага рынку Беларусі на 2016-2020 гады». Дакумэнт афіцыйна не абнародаваны. Пакуль можна абапірацца на кулюарную інфармацыю, якая стала вядома ад агенцтва БелаПАН. Там прапаноўваецца зрабіць некалькі рынкавых крокаў на фінансавым рынку. Зьвяртаюць на сябе ўвагу два зь іх.

У прыватнасьці, Нацбанк плянуе за пяцігодку адмяніць абавязковы продаж валютнай выручкі. Сёньня ж дзейнічае абавязковы продаж 30% атрыманай экспарцёрамі валютнай выручкі праз біржу.

Таксама ў дакумэнце гаворка ідзе пра адмену пераважнага права дзяржавы купляць акцыі прадпрыемстваў з доляй дзяржаўнай уласнасьці.

Яшчэ раз зьвяртаю ўвагу, што праект дакумэнта Нацбанку пакуль не надрукаваны. Некаторыя яго палажэньні ёсьць у праграме на пяцігодку, прапанаванай урадам і зацьверджанай Палатай прадстаўнікоў і Ўсебеларускім народным сходам. У прыватнасьці, там ідзе гаворка пра лібэралізацыю фондавага рынку. А ў перадвыбарчай праграме Лукашэнкі падчас мінулагодняй прэзыдэнцкай кампаніі ёсьць нават больш радыкальны тэзіс: «Свабодныя купля-продаж акцый прадпрыемстваў усіх формаў уласнасьці».

У беларускіх умовах дыстанцыя паміж плянамі і рэальнасьцю вельмі вялікая. Нельга выключаць, што ў апошні момант Лукашэнка націсьне на тормаз.

Лібэралізацыі фінансавага рынку патрабуюць замежныя крэдыторы: МВФ, Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця. Гэтага патрабуюць і правілы Эўразійскага эканамічнага саюзу. Дарэчы ў іншых чальцоў гэтага саюзу — Расеі і Казахстане — адсутнічае абавязковы продаж валютнай выручкі праз біржу.

Але, як вядома, у беларускіх умовах дыстанцыя паміж плянамі і рэальнасьцю вельмі вялікая. Нельга выключаць, што ў апошні момант Лукашэнка націсьне на тормаз.

Калі ўсё ж гэтыя захады Нацбанку будуць рэалізаваныя, то якія гэта будзе мець наступствы? Можна меркаваць, што адмена абавязковага продажу валютнай выручкі прывядзе да скарачэньня прапановы на біржы. Што пацягне за сабой рост цэнаў на валюту і, адпаведна, панізіць абменны курс беларускага рубля. З усімі наступствамі.

Адмена абавязковага продажу валютнай выручкі прывядзе да скарачэньня прапановы на біржы. Што пацягне за сабой рост цэнаў на валюту і, адпаведна, панізіць абменны курс беларускага рубля.

Адмена пераважнага права дзяржавы купляць акцыі прадпрыемстваў з доляй дзяржаўнай уласнасьці ажывіць фондавы рынак Беларусі. Бо гаворка ідзе пра прыбытковыя суб’екты гаспадараньня. На іншыя прадпрыемствы ўлады асабліва і не прэтэндавалі. Жадаючыя купіць акцыі будуць. Магчыма, нават фізычныя асобы захочуць купіць акцыі, напрыклад, малочных заводаў, якія пасьпяхова прадаюць прадукцыю на рынак. Гэта такая форма прыватызацыя дзяржаўнай маёмасьці.

У любым выпадку, гэтыя пляны Нацбанку варта вітаць.

Дракахруст: Гэта вельмі слушная, разумная мера. Балазе ўвесь сьвет, ад Міжнароднага валютнага фонду да фонду ЭАЭС, прапануе Беларусі зрабіць менавіта гэтыя крокі, і нават такія зусім ня ўзоры рынкавай свабоды, як Казахстан, Расея, даўно ад гэтых абмежаваньняў на валютным рынку адмовіліся.

Відавочна, што такое вызваленьне рынку зробіць эканоміку больш гнуткай, больш здольнай адаптавацца і рэагаваць на нейкія, прынамсі, зьнешнія, шокі. Рынкавы мэханізм будзе аўтаматычна, як яно ва ўсіх рынкавых тэорыях, ліквідаваць дыспрапорцыі. Ня трэба на ўзроўні Саўміну на свой розум спрабаваць эканамічныя дыспрапорцыі ліквідаваць уручную.

Такое вызваленьне рынку зробіць эканоміку больш гнуткай, больш здольнай адаптавацца і рэагаваць на зьнешнія, шокі.

Акрамя таго, гэтае вызваленьне фондавага рынку забясьпечыць больш рацыянальнае разьмеркаваньне рэсурсаў, пераліў капіталу: хто добра будзе працаваць, у таго і будзе прыліў грошай, каб працаваць яшчэ лепш. Іншая справа, што сапраўды гэта, асабліва ў крызыснай эканоміцы, можа весьці і да жорсткіх наступстваў для эканомікі і людзей.

Пакуль на валютным рынку сытуацыя больш-менш стабільная, гэта і ня так моцна будзе адбівацца. Але калі сытуацыя пераддэвальвацыйная, калі вельмі моцныя дэвальвацыйныя чаканьні, то тут скасаваньне нормы абавязковага продажу валютнай выручкі будзе яшчэ больш абрынаць сытуацыю ў дэвальвацыю. Таму што зараз, нават калі ўсе ня хочуць прадаваць валюту, але прадпрыемствы, якія працуюць на экспарт, хоць кавалачак, хоць 30%, але вымушаныя прадаваць. Так што хоць нейкая прапанова на рынку гарантавана ёсьць. А так ня будзе. Калі будуць моцныя дэвальвацыйныя чаканьні, то валюта проста зьнікне з рынку, і тады Нацбанку ці губляць рэзэрвы ці дэвальваваць рубель.

Карбалевіч: На мой погляд, нярынкавая эканоміка ня можа адэкватна рэагаваць на рынкавыя захады ў фінансавай сфэры. І вось гэтыя рынкавыя захады Нацбанку павінны цягнуць за сабой рэформы ва ўсёй эканоміцы, у рэальным сэктары. Калі гэта не адбудзецца, якраз будуць дысбалянсы.

Цыганкоў: Гэты крок чарговы раз паказвае, што ў беларускіх ведамстваў і эканамічных структураў, якія кіруюць ці ўплываюць на эканоміку, стаў назірацца пэўны дысананс у рашэньнях. Відавочным перадавіком, на думку ўсіх незалежных назіральнікаў, зьяўляецца Нацбанк і манэтарныя ўлады. Рашэньні, якія прымаюцца ў фінансава-манэтарнай сфэры, знаходзяць падтрымку як у беларускіх спэцыялістаў, так і ў міжнародных прафэсіяналаў.

Ці гатовая будзе палітычная ўлада прызнаць, што некаторыя сфэры вельмі моцна адстаюць і патрабуюць дзяржаўнай падтрымкі, а грошай на яе няма?

Але Нацбанк робіць сваю частку працы, а астатняя частка ўладаў ня вельмі за ім сьпяшаецца. Патэнцыйныя наступствы сапраўды могуць разьвіцца на тых умовах, калі адбудзецца лібэралізацыя валютнага рынку, але пры гэтым будзе больш выразна бачна, хто як працуе, і калі няма такога «парашуту», як раней, у выглядзе абавязковага продажу валюты.

Была пэўная ўраўнілаўка, а зараз лібэралізацыя — гэта няроўнасьць. Зьяўляецца большая няроўнасьць у даходах, а ў нашым выпадку — у паказчыках прадпрыемстваў, нават галінаў вытворчасьці. І ці гатовая будзе палітычная ўлада прызнаць, што некаторыя сфэры вельмі моцна адстаюць і патрабуюць дзяржаўнай падтрымкі, а грошай на яе няма? Ці ня будзе ўсё гэта зноў вырашацца шляхам дэвальвацыі?

Калі акажацца, што трываласьць рубля паказвае нэгатыўныя зьявы ў прамысловасьці надта рэзка і вымушае ісьці на скарачэньне, то, можа быць, у нейкі момант ўлады ня вытрымаюць і вырашаць, што дэвальвацыя — гэта меншае зло.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG