Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ваколіцах Кіева вернікі спрабуюць працягнуць крыжовую хаду УПЦ. Відэа


Сёньня раніцай паступілі два ананімныя паведамленьні, што ва Ўкраіне на маршруце крыжовай хады​, а менавіта ў Сьвятошынскім раёне і ў напрамку горада Барыспаль закладзена выбухоўка, паліцыя пачала праверку.

Пасьля дарадца кіраўніка МУС Антон Герашчанка паведаміў, што паабапал дарогі па маршруце руху арганізаванай УПЦ (маскоўскага патрыярхату) крыжовай хады ў Кіева-Сьвятошынскім раёне Кіева выявілі два муляжы выбуховых прыладаў і дзьве закладкі баявых гранат з дымавымі шашкамі. Сілавікі заявілі пра абясшкоджваньне двух верагодных выбуховых прыстасаваньняў.

Міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў заявіў, што з-за выяўленьня выбуховых прыладаў МУС заблякавала праход хроснага ходу па вуліцах Кіева.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, удзельнікі хроснага ходу, якія накіроўваліся з усходу Ўкраіны, спыніліся, каб адпачыць у вёсцы Аляксандраўка на тэрыторыі капліцы. Частка ўдзельнікаў шэсьця адпачывае, абедае, папаўняе запасы вады, іншыя зайшлі ў храм памаліцца.

Пакуль ніякіх інцыдэнтаў не было. Некалькі сотняў удзельнікаў у суправаджэньні паліцыі і выбухатэхнікаў накіроўваюцца ў Кіеў.

25 ліпеня Міністэрства ўнутраных спраў Украіны заклікала паведамляць праваахоўнікам аб выяўленых правакатарах падчас хроснага ходу, які арганізуе Ўкраінская праваслаўная царква (маскоўскага патрыярхату).

Хросны ход пачаўся 3 ліпеня на ўсходзе Ўкраіны са Сьвятагорскай лаўры, а 9 ліпеня на захадзе краіны — з Пачаеўскай лаўры. 27 ліпеня напярэдадні сьвяткаваньня Дня Хрышчэньня Русі-Украіны, удзельнікі абодвух калёнаў маюць намер сустрэцца ў Кіеве на Ўладзімірскай горцы і разам прайсьці ў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе заплянаванае ўрачыстае набажэнства.

Аднак грамадзкія актывісты і вэтэраны баявых дзеяньняў на Данбасе сабралі подпісы за забарону хроснага ходу, паколькі перакананыя, што разам з вернікамі прыйдуць правакатары.

У паліцыі плянуюць узмацніць меры бясьпекі ў месцах правядзеньня хроснага ходу, у прыватнасьці, сілавікі маюць намер усталяваць больш за 30 стацыянарных мэталяшукальнікаў на Ўладзімірскай горцы 27 ліпеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG