Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Караткевіч ідзе на выбары як «беспартыйная». І за гэта яе могуць выключыць з «Грамады»


Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

Бліжэйшым часам гарадзкі камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) разгледзіць пытаньне пра сяброўства ў партыі былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Тацяны Караткевіч.

Пра гэта Свабодзе паведаміў сёньня першы намесьнік старшыні партыі Ігар Барысаў.

«Справа ў тым, што Тацяна Караткевіч нідзе не заяўляла, што яна выйшла з нашай партыі — гаворыць спадар Барысаў. — Аднак у Цэнтральную выбарчую камісію паступілі дакумэнты Тацяны Караткевіч, якая цяпер зьбіраецца балятавацца ў Палату прадстаўнікоў. І ў іх яна пазначаная як беспартыйная. Наколькі мы ведаем, у падпісных лістах Тацяны Караткевіч таксама напісана, што яна беспартыйная.

Паводле нашага Статута БСДП, калі сябра партыі публічна заяўляе, што ён беспартыйны ў СМІ альбо ў дакумэнтах, то партыйная структура павінна прыняць гэтую інфармацыю да ведама і скрэсьліць са сваіх радоў дадзенага сябра.

Паводле нашага Статута БСДП, калі сябра партыі публічна заяўляе, што ён беспартыйны ў СМІ альбо ў дакумэнтах, то партыйная структура павінна прыняць гэтую інфармацыю да ведама і скрэсьліць са сваіх радоў дадзенага сябра.

Таму ў наступны аўторак плянуецца правесьці пасяджэньне гаркаму ў Менску, дзе сябры будуць прымаць па ёй рашэньне. Магчыма, калі нейкім чынам адбылася „памылка“, то тады ўзьнікае пытаньне: як Караткевіч мае намер інфармаваць усіх тых грамадзян, што за яе падпісаліся аб сваёй партыйнасьці. Атрымліваецца, што яна ўвяла ў зман людзей, што за яе падпісаліся.

У партыі маюць рашучы намер паставіць кропку ў гэтым пытаньні. Акрамя таго па выніках вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты мы заўважылі яшчэ некалькі чалавек, якія пакінуць нашу партыю, у тым ліку за тое, што былі вылучаны ад партыі БНФ».

Тацяна Караткевіч на пытаньне Свабоды пра гэтую сытуацыю адказала так:

«Я пра ўсё падрабязна распавяду заўтра. Падрыхтуюся і ўсё падрабязна выкладу».

А на ўдакладняльнае пытаньне, ці пазначала яна сваю партыйнасьць у дакумэнтах, якія здавала ў Цэнтральную выбарчую камісію, Караткевіч заявіла, што і пра гэта яна скажа толькі 27 ліпеня. Намесьнік партыйнага старшыні Аляксей Сігаеў у камэнтары Свабодзе адзначыў:

Тут ёсьць і юрыдычныя пытаньні. Напрыклад, ці можна лічыць афіцыйны сайт Цэнтральнай выбарчай камісіі сродкам масавай інфармацыі?

«Чаму мы зьбіраемся правесьці пасяджэньне толькі 2 жніўня? Паводле партыйнага статуту, мы мусім папярэдзіць чалавека, чыё пытаньне зьбіраемся разглядаць, за тыдзень да пасяджэньня. У нашым статуце прапісана, што чалавек, які вырашыў выйсьці з партыі, можа зрабіць гэта альбо празь пісьмовую заяву на адрас партыі, альбо публічна. Аднак у любым выпадку павінны быць пратакол, дзе будзе запісана, што нейкі канкрэтны чалавек выходзіць з партыі. Канечне, мы будзем размаўляць з Тацянай. Тут ёсьць і юрыдычныя пытаньні. Напрыклад, ці можна лічыць афіцыйны сайт Цэнтральнай выбарчай камісіі сродкам масавай інфармацыі? На гэтым сайце прапісана, што Караткевіч — беспартыйная. Я зьвязваўся і з акруговай выбарчай камісіяй, там, дзе яна балятуецца. У анкеце, якую запаўняе кожны патэнцыйны прэтэндэнт, ёсьць графа „партыйнасьць“. У дакумэнтах Тацяны ў гэтай графе пазначаная, што яна беспартыйная. Анкета ўся запоўненая друкаванымі літарамі, але ўнізе ёсьць подпіс Тацяны».

Спадар Сігаеў патлумачыў, што рашэньне аб выключэньні любой асобы, якая ўваходзіць у менскую гарадзкую арганізацыю, лічыцца канчатковым. Яго не патрэбна зацьвярджаць на больш высокім партыйным роўні. Аднак выключаны мае права падаць апэляцыю ў кіруючыя органы партыі.

Тым часам Караткевіч працягвае збор подпісаў грамадзян у падтрымку сваёй кандыдатуры. На яе рахунку ўжо больш за 1300 подпісаў.

XS
SM
MD
LG