Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта нейкае непаразуменьне». Рэктар мэдунівэрсытэту пра тое, што іранцам забаранілі вучыцца ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Іранскія студэнты стаяць у чарзе, каб падаць дакумэнты ва ўнівэрсытэт

Ілюстрацыйнае фота. Іранскія студэнты стаяць у чарзе, каб падаць дакумэнты ва ўнівэрсытэт

У Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэта працягваюцца добрыя стасункі з Іранам, заявіў Свабодзе Анатоль Сікорскі, рэктар БДМУ. Пра тое, што іранцам забаранілі вучыцца ў Беларусі, ён нічога ня чуў.

«У нас настолькі добрыя стасункі з Іранам, так што гэта нейкае непаразуменьне, — сказаў Анатоль Сікорскі Свабодзе. — У першы раз чую такую інфармацыю».

У той жа час бізнэс-штодзёньнік Financial Tribune перадае, што Міністэрства аховы здароўя Ірану забараніла іранскім студэнтам атрымліваць адукацыю па мэдычных спэцыяльнасьцях у Беларусі ад 1 жніўня.

«Пакуль ня будзе паведамлена пра іншае, міністэрства ня будзе акрэдытоўваць сэртыфікаты студэнтаў, якія працягнуць навучаньне ў Беларусі ад 1 жніўня», — цытуе агенцтва ISNA намесьніка міністра адукацыі Ірану Хаміда Акбары.

Каб паступіць у Менскі мэдычны ўнівэрсытэт, замежныя студэнты павінныя спачатку адвучыцца на платных падрыхтоўчых курсах пры ўнівэрсытэце. Пры гэтым квота для далейшага навучаньня замежных студэнтаў — 200 месцаў, і сотні іранцаў, скончыўшы курсы, не атрымліваюць магчымасьці вучыцца па ўнівэрсытэцкай праграме, піша Financial Tribune.

«У нас жадаючых вучыцца ў мэдыцынскіх ВНУ значна больш, чым колькасьць месцаў, — тлумачыць Сікорскі. — На гэтай падставе, вы павінны разумець, існуе конкурс і адбор. Конкурсы ёсьць у любой ВНУ: ці то ў Беларусі, ці на Захадзе».

XS
SM
MD
LG