Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьезд дэмакратаў пачаўся з авацыяў партыйнаму апанэнту Гілары Клінтан


 сэнатар Бэрні Сандэрс

сэнатар Бэрні Сандэрс

Нацыянальны зьезд Дэмакратычнай партыі, які адкрыўся 25 ліпеня ў Філядэльфіі, пачаўся з дэманстрацыі рознагалосьсяў адносна чаканай намінацыі Гілары Клінтан кандыдатам у прэзыдэнты ЗША.

У першы дзень зьезду выступіў сэнатар Бэрні Сандэрс, які прайграў Гілары Клінтан на праймэрыз і стаў героем-ахвярай партыйных інтрыгаў, раскрытых у скрадзеных хакерамі дакумэнтах на сайце WikiLeaks. З апублікаванай электроннай перапіскі дэмакратаў вынікае, што партыйнае кіраўніцтва актыўна шукала спосабы падтрымаць падчас праймэрыз Гілары Клінтан на шкоду яе партыйнаму суперніку, Бэрні Сандэрсу. Гэтае выкрыцьцё спрычыніла адстаўку кіраўніцы Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ЗША Дэбі Васэрман-Шульц.

Апанэнта Гілары Клінтан на зьезьдзе сустрэлі Бэрні Сандэрса працяглымі авацыямі. Сандэрс у сваёй прамове падтрымаў кандыдатуру Клінтан, заявіўшы, што ў яго сапраўды былі і ёсьць рознагалосьсі з былой першай лэдзі. Аднак, паводле яго, менавіта для ліквідацыі падобных рознагалосьсяў у ЗША і прыдумалі перадвыбарчы цыкл. Многія прыхільнікі Сандэрса былі незадаволеныя тым, што ён ухваліў кандыдатуру Клінтан. Яны спрабавалі перапыніць Сандэрса падчас яго выступу.

Палітычныя жарсьці бурлілі таксама на вуліцах Філядэльфіі, дзе пратэставалі апанэнты Гілары Клінтан.

«Па-першае, Клінтан не заслугоўвае даверу. Па-другое, яна за фрэкінг (мэтад інтэнсыфікацыі працы нафтавых і газавых сьвідравінаў — РС), яна за Ціхаакіянскі гандлёвы дагавор. Мы ня верым ёй. І, дарэчы, вы чыталі WikiLeaks? Ужо аднаго гэтага скандалу дастаткова. Усе ў ім замяшаныя. Нам казалі, што мы вар’яты, ня верылі! А цяпер паглядзіце, хто, аказваецца, мае рацыю! Калі яны думаюць, што звальненьне Дэбі Васэрман-Шульц будзе дастатковым для нас, то яны памыляюцца. Яны цяпер проста зробяць яе кіраўніком сваёй выбарчай кампаніі. Таму што Васэрман-Шульц рабіла гэта ўсё дзеля Клінтан» — Голас Амэрыкі цытуе Лісу Эванс, адну з удзельніц пратэсту супраць намінацыі Клінтан на вуліцах Філядэльфіі.

Прыхільнікі Гілары Клінтан на зьезьдзе былі настроеныя аптымістычна.

«Усё ідзе выдатна, і мы назіраем гэтыя палкія эмоцыі з нагоды таго, што мы абіраем першую жанчыну-прэзыдэнта ў гэтай краіне. Я лічу, што наша становішча куды лепшае, чым было на зьезьдзе рэспубліканцаў» — сказаў Голасу Амэрыкі Стыў Суіні, адзін з дэлегатаў на зьезьдзе.

Адназначна ў падтрымку Гілары Клінтан на зьезьдзе дэмакратаў у Філядэльфіі выступіла цяперашняя першая лэдзі Мішэль Абама.

XS
SM
MD
LG