Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чорныя птушкі


Ян ван Гельмант, «Партрэт манашак-аўгустыянак чорнага канону ў Антвэрпэне».

Ян ван Гельмант, «Партрэт манашак-аўгустыянак чорнага канону ў Антвэрпэне».

Яны выпырхнулі зь дзьвярэй бажніцы спуджанымі птушкамі і паскакалі па сходах на шырокі цьвінтар. Падраўняўшы шыхтоўку па двое, сьпешна пакрочылі ў ягоны дальні кут. Постаці іх, худыя, але зграбныя, хавалі пад шырокімі чорнымі апранахамі сваю маладую вабнасьць. Адварочваючыся ад цікаўных позіркаў, хілячы галовы долу, уціскаючы іх у плечы, яны нібы імкнуліся найхутчэй занурыцца ад зыркіх колераў летніх убораў турыстаў у свае паўзмрочныя кельлі.

Зьбянтэжанасьць адной перацякала разгубленасьцю на другую, ніякаватасьць трэцяй ахапляла страхам чацьвёртую, скаронасьць пятай апыналася наканаванасьцю шостай...

Апошняя ішла адна. Крыху адстаўшы. Сталая, выпрастаная, з прыўзьнятай галавой і позіркам наперад. У правай руцэ — жазло. Як у царыцы. Ігуменьня.



Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org

XS
SM
MD
LG