Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны: Расея абвастрае сытуацыю на Данбасе


Міністэрства замежных спраў Украіны выступіла з заявай, у якой выказвае глыбокую занепакоенасьць рэзкім абвастрэньнем сытуацыі зь бясьпекай у зоне правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі.

У заяве фіксуецца, што толькі цягам 22-24 ліпеня баевікі пры падтрымцы Расейскай Фэдэрацыі 189 раз абстрэльвалі пазыцыі Ўзброеных сіл Украіны. Пры гэтым працягвае дэманстратыўна і з выклікам выкарыстоўвацца ўзбраеньне, якое даўно павінна быць адведзена ад лініі разьмежаваньня паводле менскіх дамоўленасьцяў.

Назіральнікі працягваюць фіксаваць прысутнасьць значнай колькасьці расейскага цяжкага ўзбраеньня, якое павінна быць адведзена згодна зь менскімі дамоўленасьцямі, паблізу лініі разьмежаваньня.

Мэтанакіраваная эскаляцыя сытуацыі бясьпекі адбываецца на фоне масавай пастаўкі Расейскай Фэдэрацыяй ваеннай тэхнікі, узбраеньня і боепрыпасаў, накіраваньня на Данбас новых наймітаў і кадравых вайскоўцаў расейскай арміі.

У заяве адзначаецца, што з пачатку ліпеня гэтага году некантраляваны ўчастак расейска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы з боку Расеі перасеклі 19 чыгуначных эшалёнаў з узбраеньнем і ваеннай тэхнікай.

З парушэньнем нормаў міжнароднага права і абавязацельстваў у галіне кантролю за экспартам узбраеньняў Расеяй было завезена 19 танкаў Т-72, 3 рэактыўныя сыстэмы залпавага агню «Град», 2 самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі, 11 БТР і БМП. Таксама гаворыцца пра пастаўкі паліва і боепрыпасаў.

Выразна прасочваецца лінія на запалохваньне назіральнікаў спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ ва Ўкраіне, стварэньне перашкодаў іх дзейнасьці па маніторынгу і вэрыфікацыі, згодна з мандатам, які ўхваліла ў тым ліку і Расейская Фэдэрацыя.

Міністэрства замежных спраў Украіны адзначае: цалкам відавочна, што тэзіс пра нібыта «міжукраінскі» характар канфлікту на Данбасе, які афіцыйная Масква актыўна спрабуе навязаць сусьветнай супольнасьці, зьяўляецца толькі спробай Расейскай Фэдэрацыі ў любы спосаб адцягнуць увагу ад сваёй сапраўднай ролі як арганізатара, непасрэднага ўдзельніка і боку гэтага канфлікту.

Такая рыторыка Крамля пацьвярджаецца пазыцыяй дэлегацыі РФ на перамовах у Менску, дзе яна спрабуе выконваць ролю назіральніка і адваката незаконных узброеных фармаваньняў у асобных раёнах Данбасу замест таго, каб прымусіць іх у поўнай меры выконваць менскія дамоўленасьці.

Міністэрства замежных спраў патрабуе ад Расейскай Фэдэрацыі як боку менскіх дамоўленасьцяў неадкладна гарантаваць выкананьне сваіх забавязаньняў, вывесьці з тэрыторыі Данбасу вайскоўцаў, наймітаў і ўзбраеньне, спыніць незаконныя пастаўкі зброі і ваеннай тэхнікі баевікам, разблякаваць працу назіральнікаў АБСЭ.

Таксама Ўкраіна зьвяртаецца да міжнародных партнэраў з просьбай узмацніць палітыка-дыпляматычны ціск на Крэмль з тым, каб спыніць небясьпечную эскаляцыю напружанасьці на Данбасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG