Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Магілёве не замалёўваюць свастыку? 


У Беларусі зьбіраюцца ўвесьці адказнасьць за нанясеньне або публічнае дэманстраваньне татуіровак з выяваю нацысцкай сымболікі. Тым часам у гарадах нярэдка можна пабачыць нацысцкія графіці, якія падоўгу не замалёўваюць. У жыльлёва-эксплюатацыйных управах кажуць, што з дворнікамі вядуць тлумачальную працу, каб яны зьвярталі ўвагу на такія малюнкі і іх зафарбоўвалі.

У Магілёве насупраць прыпынку грамадзкага транспарту «Электрарухавік» на шапіку «Спартовыя лятарэі» намаляваныя два вялікія фашысцкія крыжы, якія не зафарбоўваюць ужо не адзін месяц. Гэтае графіці відаць здалёк. Тут за дзень праходзіць мноства людзей. Многія зь іх, пабачыўшы малюнкі, хуценька адводзяць вочы. У размове з журналістам рэакцыя мінакоў была прадказальна нэгатыўная — яны абураліся, асуджалі, крытыкавалі жыльлёва-камунальныя службы.

Свастыка на кіёску. Лепей не заўважыць
Свастыка на кіёску. Лепей не заўважыць

Падчас невялікай вандроўкі па цэнтры гораду давялося пабачыць зь дзясятак месцаў са свастыкай розных памераў. У бальшыні выпадкаў нацысцкая сымболіка намаляваная ў глухіх закутках двароў.

Гэтае графіці ніхто не замалёўвае ўжо не адзін год
Гэтае графіці ніхто не замалёўвае ўжо не адзін год

У жыльлёва-эксплюатацыйнай управе Ленінскага раёну Магілёва журналісту падзякавалі за сыгнал пра намаляваную свастыку. Паводле слоў супрацоўніцы ўправы, гараджане пішуць камунальнікам, каб тыя зафарбоўвалі нацысцкую сымболіку.

«Мы атрымалі ліст ад жыхароў гораду і былі ўражаныя неабыякавасьцю да гэтай праблемы. З кіраўнікамі ўчасткаў праведзеная тлумачальная праца, каб яны давялі да ведама падначаленых, што варта зьвяртаць увагу на намаляваную нацысцкую сымболіку. Цяпер гэта іхная праца», — сказала супрацоўніца ўправы.

Што да свастыкі на шапіку «Спартовыя лятарэі», то, паводле суразмоўніцы, яна знаходзіцца ў зоне адказнасьці дарожнікаў. Журналісту паабяцалі, што зь імі зьвяжуцца. А калі дарожнікі адмовяцца зафарбоўваць крыжы, то гэта зробяць камунальнікі.

У дарожна-рамонтным упраўленьні журналісту заявілі, што кіёск ня іхны і што глядзець за ім павінны яго гаспадары.

Паводле мінакоў, кіёск даўно не працуе. Дзе-нідзе ён паржавеў, спадыспаду нават пачала расьці трава.

А да гэтай сымболікі, відаць, не дацягнуцца
А да гэтай сымболікі, відаць, не дацягнуцца

Год таму магілёўскі журналіст Аляксандар Буракоў адзначыў на мапе гораду месцы, дзе ён пабачыў нацысцкую сымболіку. Гэту мапу ён даслаў камунальнікам. Паводле Аляксандра, за прамінулы час такой сымболікі ў цэнтры Магілёва стала меней. Аднак дзе-нідзе свастыкі так ніхто і не замаляваў.

«Нацысцкую сымболіку малююць як своеасаблівы жарт. Ёсьць ультраправыя фанацкія групоўкі, якія малююць такога роду графіці. Зразумела, ёсьць падлеткі, якія пранікаюцца ідэямі і мітамі фашызму і бязглузда малююць яго сымболіку. Я лічу, што ў гэтай праблеме няма сыстэмнасьці, але незразумела, чаму камунальнікі не замалёўваюць такія графіці», — мяркуе Аляксандар Буракоў.

Вэтэран вайны Фэлікс Шкірманкоў на пытаньне, чаму ў Беларусі, якая дужа пацярпела ад фашызму, зьяўляецца такая сымболіка, адказаў: беларусы цяпер дэзарыентаваныя.

«Свайго яны баяцца, бо ўлады да беларускага ставяцца непрыхільна», — кажа Фэлікс Шкірманкоў.

«А калі няма свайго, то прыходзіць чужое, — працягвае ён. Калі нехта зробіць надпіс па-беларуску, то адразу яго замалююць. А чаму абыякава ставяцца да нацысцкай сымболікі? Я пэўна адказаць і не магу. Уся праблема ў дэзарыентацыі беларуса і ягонай боязі выказаць уласную думку, а пагатоў праявіць ініцыятывы, замаляваўшы свастыку».

Што да адміністрацыйнага пакараньня за нацысцкія татуіроўкі, то такая ініцыятыва Міністэрства ўнутраных спраў ня мае аналягаў у сьвеце. Акрамя штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь, прадугледжваецца і адміністрацыйны арышт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG