Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойца дзевяці чалавек у Мюнхэне падрыхтаваў уласны «маніфэст»


Да масавага забойства ён рыхтаваўся на працягу году.

Мюнхэнскі стралок Давід Санбалі, які забіў дзевяць чалавек каля гандлёвага цэнтру «Алімпія», рыхтаваўся да злачынства каля году, паведамляе тэлеканал BR24 са спасылкай на кіраўніка ўпраўленьня крымінальнай паліцыі Баварыі Робэрта Хаймбэргера. Ён таксама падрыхтаваў свой «маніфэст», знойдзены на ягоным кампутары падчас ператрусу.

Зьмест гэтага дакумэнта паліцыя не раскрыла. Масавае забойства ў Мюнхэне адбылося на пятую гадавіну расстрэлу 77 чалавек нарвэжцам Андэрсам Брэйвікам, які апублікаваў свой «маніфэст» незадоўга да нападу.

Паводле Хаймбэргера, нападнік быў узброены пісталетам «Глок». Зброю ён набыў нелегальна праз так званы «Даркнэт». Сьледчыя знайшлі запіс чата, дзе ён абмяркоўваў куплю пісталета.

Стралок вёў інтэнсіўную падрыхтоўку да злачынства зь лета мінулага году, сьцьвярджаюць у паліцыі. У прыватнасьці, ён езьдзіў на месца масавага забойства школьнікаў у Вінэндэн, дзе зрабіў некалькі фотаздымкаў. У 2009 годзе ў гэтым мястэчку 17-гадовы выпускнік школы застрэліў 16 чалавек.

Паводле Хаймбэргера, усе ахвяры не былі знаёмыя са стралком, гэта былі выпадковыя людзі. Злачынец зрабіў каля 60 стрэлаў, на месцы злачынства было знойдзена 57 гільзаў. У яго заплечніку знайшлі яшчэ 300 патронаў.

Прадстаўнік пракуратуры Баварыі Томас Штайнкраус-Кох заявіў, што ў дзеяньнях стрэлка не было палітычных матываў. Ён сказаў, што 18-гадовы юнак іранскага паходжаньня на працягу двух месяцаў у 2015 годзе праходзіў стацыянарнае лячэньне ў псыхіятрычнай клініцы. Ён цярпеў на «сацыяльныя фобіі» і дэпрэсію. Пры ператрусе былі знойдзеныя адпаведныя мэдычныя запісы і лекі.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG