Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхара Івацэвіцкага раёну накіравалі ў псыхіятрычны шпіталь за тое, што пісаў скаргі


Валянцін Кавальчук — ахвяра прымусовай псыхіятрыі

Валянцін Кавальчук — ахвяра прымусовай псыхіятрыі

Жыхару вёскі Вялікая Гаць Валянціну Кавальчуку паставілі дыягназ аб псыхічным захворваньні за тое, што ён пісаў скаргі і патрабаваў ад чыноўнікаў і мясцовых міліцыянтаў вырашыць яго праблемы.

Паводле закону аб псыхіятрыі, прымусовае лекаваньне можа прымяцца да асобаў, якія небясьпечныя для людзей, наносяць шкоду свайму здароўю, альбо недзеяздольныя.

Але, як мяркуе Валянцін Кавальчук, жыхар вёскі Вялікая Гаць, што ў Івацэвіцкім раёне, у рэальнасьці прыцягнуць да прымусовага лекаваньня могуць кожнага, нават калі няма неабходнасьці і выступаючы з закону. Гэта ён зразумеў на ўласным досьведзе.

Былога настаўніка беларускай мовы ў мясцовай школе прымусова завезьлі ў псыхіятрычны шпіталь. Адбывалася гэта з парушэньнямі. Пачалося ж усё са складаных адносінаў з суседзямі, скаргаў на іхнія дзеяньні і на бязьдзеяньне міліцыі ў гэтай справе, расказвае Валянцін:

Валянцін Кавальчук

Валянцін Кавальчук

«Літаральна за колькі мэтраў ад майго дому жывуць суседзі, зь якімі ў мяне доўгі час досыць кепскія адносіны. Размовы з гэтымі людзьмі, просьбы, каб паводзілі сябе цішэй, не ўключалі прыбораў, ад якіх проста вібруюць сьцяна і столь у маім доме, плёну не прыносілі.

У выніку па дапамогу я зьвярнуўся да міліцыі. Участковы, які прыяжджаў на выклік, пра нешта размаўляў з суседзямі, аглядаў мой дом, а пасьля дасылаў мне адпіскі, што факты, якія я прыводзіў, не пацьвярджаюцца. Вядома ж, падчас візыту міліцыянтаў была цішыня і спакой. Размовы, якія вялі супрацоўнікі праваахоўных органаў з суседкаю, таксама не прыносілі плёну.

Мяне абурыла такое стаўленьне, таму я пайшоў са скаргамі ў вышэйшыя інстанцыі і напісаў скаргу ў пракуратуру, спачатку раённую, пасьля ў абласную. Але і гэта плёну не прынесла. Сытуацыя не зьмянілася, а стасункі з суседкаю толькі пагоршыліся, і яна пачала яшчэ больш турбаваць мяне. Я ня ведаў, куды зьвяртацца і што рабіць, каб утаймаваць яе.

Міліцыянты на мае звароты проста дасылалі адпіскі, што праводзяць прафіляктычныя гутаркі з суседзямі наконт таго, каб яны не дапускалі супрацьпраўных мераў у дачыненьні да мяне».

Калі чалавек піша шмат скаргаў, гэта не прыкмета адхіленьня

Паводле Валянціна Кавальчука, найвышэйшым пунктам канфлікту стала заява суседкі псыхіятру, каб праверыць стан здароўя яе суседа:

«Суседка напісала заяву, каб мяне праверыў раённы псыхіятар, і напісала ліст у міліцыю. Калі ж да мяне патэлефанавалі з раённага шпіталя, я адказаў, што неабходнасьці і падставаў правярацца ў псыхіятра ў мяне няма. Лекары пагадзіліся са мною і ў адказе суседцы напісалі, што я адэкватны і нейкая дапамога мне не патрэбная.

Наагул, паводле закону аб псыхіятрыі, калі чалавек піша шмат скаргаў, гэта не прыкмета адхіленьня ці хваробы. Міліцыянты таксама атрымалі адказ, што гвалтам дастаўляць мяне да спэцыялістаў ня маюць права.

Але пасьля гэтага стасункі з суседзямі яшчэ больш пагоршыліся. На цэлы дзень каля майго дому яны пакідалі аўто, зь якога гучна грала музыка, пад дом шпурлялі час ад часу пэтарды. Я занатоўваў гэта і накіраваў скаргу галоўнаму ўрачу, маўляў, суседзі не рэагуюць на заўвагі міліцыянтаў і працягваюць зьдзекавацца зь мяне.

Літаральна празь некалі дзён мне патэлефанавалі са шпіталя і запрасілі на размову зь лекарам. Калі я адмовіўся, то пачуў у адказ, што гвалтам мяне ніхто не павязе.

Але лекары пачалі кантактаваць зь мясцовымі ўладамі. І праз два месяцы раптам да мяне прыехалі ўчастковы міліцыянт, за ім хуткая дапамога. Сказалі, што маюць на мэце адвезьці мяне да псыхіятра на праверку.

Я зьдзівіўся, пацікавіўся, на якой падставе? Але мне так і не паказалі дакумэнт, які б санкцыянаваў іх дзеяньні. Участковы пачаў пераконваць, што лепш падпарадкавацца. Я падумаў, што сапраўды так будзе лепей, і сеў у машыну хуткай дапамогі.

У Івацэвічах жа хуткая дапамога так і не спынілася каля шпіталя, а паехала далей. Міліцыянты пачалі казаць, што нібыта псыхіятар заняты, і таму паедзем у іншае месца. Высьветлілася, што мы едзем у Магілёўцы, там абласны псыхіятрычны шпіталь.

У прыёмнай, калі мяне ўжо завялі ў будынак, дзяжурны лекар запатрабаваў ад міліцыянтаў і лекараў, якія мяне суправаджалі, дакумэнты, у тым ліку і пастанову суду. Тыя нешта паказалі яму, я толькі пачуў адказ лекара, нешта кшталту: «Дык гэта ж на агульных падставах...»

Скаргі на супрацьпраўныя дзеяньні міліцыянтаў і лекараў

Скаргі на супрацьпраўныя дзеяньні міліцыянтаў і лекараў

Мяне гэта абурыла, я зьедліва запытаў у міліцыянтаў, што нібыта быў ужо і суд у маёй справе? Тыя прамаўчалі.

Мяне ж адвялі ў прыёмны пакой, дзе пачалі запытваць пра дату, імя, запыталіся пра стасункі з суседзямі. Я распавёў пра гучную музыку, пэтарды, пра зьнявагі ў мой бок. Лекар са зьдзіўленьнем перапытаў: «І што — гэта ўсё?» «А хіба гэтага мала, на працягу столькіх гадоў?» — адказаў я.

Мне памералі ціск, тэмпэратуру, пасьля чаго далі на подпіс нейкую паперчыну. Я адмовіўся, бо адразу ж заявіў, што мяне даставілі сюды незаконна. Вечарам прынесьлі нейкія пігулкі, цікавіліся, чаму не падпісваю дакумэнты? На наступны дзень ад мяне ізноў пачалі патрабаваць падпісаць дакумэнты. Але гэтым разам пагражалі, абяцалі адвезьці ў суд, пакінуць у шпіталі на месяц, а то і болей. А калі падпішу, то проста дадуць нейкія тэсты, і неўзабаве буду выпісаны, калі іх прайду.

Ня маючы досьведу, бо я ўпершыню трапіў у такую ўстанову, шчыра скажу, проста ня ведаў, як сябе паводзіць, тым болей што сувязяў нават з роднымі не было. Але ўсё ж я падпісаў дакумэнт. У выніку за шэсьць дзён знаходжаньня ў лякарні я адказаў на сто пытаньняў тэсту, і два разы мне давалі нейкія пігулкі. І гэта ўсё, што са мною рабілі ў шпіталі.

Падчас жа камісіі ў прысутнасьці лекараў, нейкіх чыноўнікаў з аховы здароўя, у мяне пыталіся пра тое, як буду далей жыць з суседзямі, а таксама ці маю намер падаваць скаргу на тое, што мяне прывезьлі і ўтрымлівалі ў псыхіятрычнай лякарні. Я тады шчыра сказаў, што параюся зь юрыстамі. У сваю чаргу лекары адзначылі, што ў лячэньні я ня маю патрэбы. Зрэшты, гэта і было адзначана ў даведцы, якую я атрымаў пасьля таго, як пакінуў сьцены абласнога шпіталя. Але акрамя гэтага ў даведцы напісалі, што я быў шэсьць дзён на лекаваньні. Мяне абурыла гэтая трактоўка, бо хто ж мяне лекаваў, і калі лекаваў, то які дыягназ? У шпіталі мне сказалі, што калі ня згодзен з такой фармулёўкаю, то мне прадставяць іншую. Я пагадзіўся і прыехаў да лекараў, якія гэтым разам выдалі даведку, у якой значыўся і пастаўлены дыягназ — «брэдавае расстройства».

Надакучыў чыноўнікам — паставілі дыягназ

Шчыра скажу, што я не магу да гэтага часу зразумець, якім чынам і на якой падставе быў пастаўлены такі дыягназ. Чаму лекары не агучылі яго падчас камісіі, чаму не напісана гэта было ў той паперцы, што мне выдалі за першым разам. На мае прэтэнзіі прагучала з вуснаў лекараў, што нібыта пішу шмат скаргаў, а чыноўнікам на месцы гэта надакучыла. Мяне гэта ўразіла, бо выходзіць, што ставяць дыягназ на падставе сьведчаньняў чыноўнікаў? Насамрэч, каб паставіць такі дыягназ, то для гэтага неабходныя сур’ёзныя дасьледаваньні, у тым ліку і энцэфалаграма галаўнога мозгу, адпаведныя аналізы здаюцца. Усё гэта высьветлілі праваабаронцы. А мне раптам урачы паставілі такі дыягназ падчас кароткай размовы...

Скаргі на супрацьпраўныя дзеяньні міліцыянтаў і лекараў

Скаргі на супрацьпраўныя дзеяньні міліцыянтаў і лекараў

Безумоўна, я пачаў бараніць сваю пазыцыю і змагацца з супрацьпраўнымі дзеяньнямі міліцыянтаў і псыхіятраў у дачыненьні да мяне. І, ведаеце, іх адказы — часам проста зьдзек са здаровага сэнсу. Гэтак чыноўніца абласнога аддзелу аховы здароўя мне напісала, што я насамрэч маю хваробу, праходзіў псыхіятрычнае лекаваньне, але пасьля некалькіх працэдураў адмовіўся ад далейшага лекаваньня і быў выпісаны. Але ці вы можаце сабе такое ўявіць, што хворага чалавека проста пасьля яго адмовы ад лекаваньня бяруць і выпускаюць з псыхіятрычнага шпіталя? Гэта, з аднаго боку, проста немагчыма, а зь іншага — сьведчыць пра тое, у якім стане ў нас цяпер псыхіятрыя.

Наагул выглядае, што вышэйшыя інстанцыі бароняць сваіх супрацоўнікаў. Ім прасьцей зрабіць мяне вінаватым, але яны не жадаюць прызнаць, што супрацоўнікі іхніх інстанцыяў робяць у дачыненьні да мяне супрацьпраўныя дзеяньні. А зьняць дыягназ, які мне незаконна паставілі, не жадаюць».

Напісаць заяву на суседа нараілі мясцовыя ўлады

Суседка Валянціна Кавальчука Сьвятлана Лукашук распавядае, што сапраўды стасункі з суседам сапсаваліся даволі даўно. Пра вытокі канфлікту жанчына нават ня можа ўзгадаць, але кажа, што яе сусед піша скаргі фактычна на ўсё, што яму не падабаецца. Гэтак жанчына ўзгадвае, што раней дастаткова было яе мужу ўключыць прымач падчас рамонту машыны ў гаражы, як празь некаторы час зьяўляліся міліцыянты, якіх выклікаў сусед:

«Пры гэтым ён казаў, што не пасьпеў прылегчы адпачыць, як раптам музыка з машыны яму пачала перашкаджаць. Ён пісаў нават скаргі, што нібыта я яму ў студню выліла некалькі вёдзер гною. І ў выніку чыноўнікі, міліцыянты пачалі мне казаць, маўляў, колькі ж я яшчэ буду гэта трываць, прапаноўвалі, каб я напісала скаргу на яго. На гэтым настойвалі і прадстаўнікі санстанцыі, у мясцовым сельсавеце, а таксама і ўчастковы».

Міліцыянты просяць прабачэньня за непрафэсійныя дзеяньні

Міліцыянты просяць прабачэньня за непрафэсійныя дзеяньні

Старшыня Сьвятавольскага сельсавету Анатоль Шчурко кажа, што сёлета ў сельскі выканаўчы савет ад Валянціна Кавальчука паступіла дзьве скаргі:

«Я выконваю абавязкі старшыні сельсавету толькі другі год. Таму асабліва няма чаго сказаць у гэтай справе. Але адзначу, што зь ім досыць складана размаўляць, у тым пляне, што спадар Валянцін наважвае на сваё і цьвёрда перакананы ў сваіх меркаваньнях. Зь іншага боку, сапраўды, ён досыць часта зьвяртаецца са скаргамі, але гэта ня сьведчыць пра хваробу ці адхіленьні. Піша, гэта так, але тут, магчыма, прычына ў непрыязі да суседзяў, не канечне гэта зьвязана з адхіленьнямі».

Атрымаць камэнтар у справе Валянціна Кавальчука з боку міліцыянтаў і раённага псыхіятра не ўдалося. У сваю чаргу, праваабаронцы, якія дапамагаюць спадару Валянціну, лічаць, што гэты выпадак — нішто іншае, як праява карнай псыхіятрыі з боку ўладаў. Былы сьледчы, праваабаронца Алег Воўчак кажа, што папраўдзе ў рэгіёнах падобных выпадкаў вельмі шмат. Праблема яшчэ і ў тым, што сёньня ў краіне катастрафічна не хапае праваабаронцаў. Яны ня могуць дапамагчы ўсім:

Алег Воўчак

Алег Воўчак

«У справе з Валянцінам Кавальчуком праблема ўзьнікла на грунце таго, што ён, як, бадай, і кожны ў краіне, піша скаргі з просьбай вырашыць складаныя пытаньні, зьвязаныя з супярэчнасьцямі ў заканадаўстве. Але ўлады, замест таго каб кваліфікавана вырашаць гэтыя праблемы, узброіліся тактыкай абвінавачваньня людзей у псыхічных захворваньнях.

Гэтак і са спадаром Кавальчуком, якога, як нам стала вядома, вырашылі нават накіраваць у псыхіятрычны шпіталь на прымусовае лячэньне. Праўда, пракуратура выступіла супраць такой ініцыятывы. Але пазьней мясцовыя чыноўнікі, міліцыянты накіравалі чалавека ў псыхіятрычны шпіталь.

Зроблена гэта было без адпаведных аналізаў. Таму мы патрабавалі распачаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, урачоў, якія груба парушылі заканадаўства. Але, як заўсёды, нашу заяву перанакіравалі на разгляд міліцыі, якая адмовіла ў завядзеньні крымінальнай справы.

Праваахоўная сыстэма непадкантрольная грамадзянам, існуе кругавая парука, асабліва ў рэгіёнах. Мы некалькі разоў спрабавалі перанакіраваць разгляд гэтай справы ў іншы рэгіён, але нам гэта не ўдалося, паўсюль мы атрымалі адмовы».

XS
SM
MD
LG